Дзеля павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання

У традыцыйным інтэрв’ю з нагоды прафесійнага свята медработнікаў галоўны ўрач райбальніцы Алена КРУЦЬКО адказала на пытанні нашага карэспандэнта:
— Алена Аляксееўна, з якім настроем калектыў райбальніцы сустракае Дзень медыцынскага работніка?
— Працоўным. Нашы намаганні па ўдасканаленні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна вядомыя і ацэнены. Так, на ўрачыстым сходзе па падвядзенні вынікаў работы галін народнай гаспадаркі раёна нам быў уручаны Ганаровы пераходны сцяг райвыканкама як пераможцам працоўнага спаборніцтва сярод устаноў сацыяльнай сферы. Наогул, райбальніца трэці год запар уваходзіць у тройку лепшых у вобласці: двойчы былі другімі, а зараз вось — трэція. Важна, што наша лячэбная ўстанова працуе стабільна і дастаткова плённа.
— Прафесія медыка — адна з самых запа-трабаваных у грамадстве, бо няма нічога даражэй за здароўе і жыццё. І патрабаванні да людзей вашай прафесіі высокія. Наколькі складана быць медыкам?
—У нашай рабоце, як і любой іншай сферы дзейнасці, шмат нюансаў. І адназначна сказаць, што вось тут у нас усё добра, а тут — дрэнна, немагчыма, ды і няправільна. Урэшце, нельга забываць, што медыцынскія работнікі — тыя ж людзі, са сваімі характарамі, жыццёвымі праблемамі, клопатамі, ды што там гаварыць — тымі ж хваробамі! Але яны абралі для сябе нялёгкую і адказную работу і, апрануўшы белы халат, сумленна выконваюць свой абавязак па ахове здароўя насельніцтва.
Складанасць работы медыка і ў тым, што калі на прыём прыходзіць хворы чалавек, ён хворы ўдвая: пакутуе ад болю фізічнага і болю маральнага, бо перажывае, што захварэў, хвалюецца, якім будзе зыход лячэння. І медработнікі ў такой сітуацыі павінны акрамя прафесіяналізму праявіць сябе сапраўднымі псіхолагамі, працаваць з пацыентам у накірунку пазітыву.
З поўнай адказнасцю сцвярджаю, што ў сваёй прафесійнай дзейнасці медыкі раёна імкнуцца рабіць ўсё магчымае для паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання з тым, каб прыносіць максімальную карысць для людзей.
—У жніўні чакаецца прыбыццё маладых спецыялістаў. Ці будуць сярод іх урачы так званых вузкіх спецыялізацый?
— На жаль, — не, хаця заяўкі на спецыялістаў падаём штогод. Так што, свой оталарынголаг у нас ёсць, а афтальмолага і неўролага нам не накіравалі. Чакаем прыбыцця хірургаў, тэрапеўтаў, педыятра і стаматолагаў. На сярэдні медперсанал наша заяўка таксама не выканана, прыдзе толькі адзін фельчар. Яго мы накіроўваем у Любоніцкую ўрачэбную амбулаторыю на замену спецыяліста, які адпрацаваў два гады.
— А якім чынам вырашаецца пытанне забеспячэння насельніцтва паслугамі ўрачоў вузкіх спецыялізацый?
— Прыём ажыццяўляюць сумяшчальнікі ў г.Бабруйску. Так, пацыентаў з нашага раёна прымаюць афтальмолаг і неўролаг. Акрамя таго афтальмолаг прыязджае да нас два разы ў месяц па суботах, прымае ў асноўным пацыентаў пажылых, якія не ў стане даехаць да Бабруйска.
— Адзін са шляхоў абнаўлення кадравага саставу — падрыхтоўка спецыялістаў з ліку мясцовай моладзі. Што робіцца ў гэтым накірунку?
— Праводзім вялікую прафарыентацыйную работу, сёлета да таго ж аб’яўлена аб павелічэнні колькасці мэтавага набору па накіраваннях з раёнаў, абласцей. А гэта — гарантыя паступлення пры ўмове дастатковых балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Спадзяюся, што гэты крок дасць станоўчы вынік. Хаця, канешне, падрыхтоўка маладога спецыяліста — справа не хуткая. Ды і тое, што выпускнік будзе размеркаваны менавіта да нас — не факт.
Выпускнікі школ раёна паступаюць у медыцынскія навучальныя ўстановы штогод, зараз, напрыклад, навучаецца 17 юнакоў і дзяўчат. Але і гэта не гарантуе, што атрымаем менавіта столькі маладых спецыялістаў, паколькі ў ВНУ, напрыклад, накіраванне даем не мы, а абласное ўпраўленне. Яно ж і размяркоўвае маладых спецыялістаў.
— Але ж атрымаць маладога спецыяліста — адна справа, а як яго ўтрымаць у раёне?
— Пытаннем замацавання маладых спецыялістаў цікаўлюся даўно, фактычна ўсе восем гадоў, што ўзначальваю райбальніцу. Раней, помніцца, жылплошчай заманьвалі, зараз — зарплатай. Хаця, па вялікім рахунку, яна ў нас не надта высокая. Тым не менш, па асобных спецыяльнасцях — рэаніматолага, напрыклад, у маладога работніка яна вышэйшая, чым у кіраўніка медустановы. Але і не ў зарплаце справа. Як ні шкада, але даводзіцца канстатаваць, што прэстыж прафесіі медыка падае. Прычына таго, што моладзь імкнецца ў горад яшчэ і ва ўмовах жыцця. Але ж ўсё залежыць ад асобы чалавека, яго прафесійнага сумлення, адданасці прызванню быць медыкам. І ў гэтым розніцы паміж вёскай і горадам няма.
— Якое Ваша стаўленне да таго, што ў Бабруйску аднаўляецца работа медвучылішча?
— Гэта радуе. Тым больш, што там адкрываюць клініка-дыягнастычнае аддзяленне. А ў нас мала таго, што няма доктара ў лабараторыі (яна ў дэкрэтным водпуску), то і лабарантаў недастаткова. А ў райбальніцы арганізаваны кругласутачны пост дзяжурства лабараторыі. Калі б лабаранты працавалі ў адну змену, а не дзяжурылі па начах, кадраў было б дастаткова, а так ёсць патрэба.
— Поспех любой справы — у надзейнай камандзе. Вы, як кіраўнік, адчуваеце такую падтрымку?
—Кожны член нашага калектыву на сваім месцы ўносіць пасільны ўклад у агульную справу, працуе на канчатковы вынік — умацаванне здароўя насельніцтва раёна. Я не раз гаварыла і паўтаруся, што не заслуга галоўнага ўрача ў поспехах, а заслуга калектыву, які і дасягае тых паказчыкаў, што выводзяць нашу медустанову ў лік лепшых у вобласці.
Вельмі важна мець надзейную каманду намеснікаў, бо, маючы кампетэнтных, прафесійных работнікаў, і кіраўніку лягчэй працаваць. А яны ёсць! Ёсць таксама асноўны касцяк нашай установы — хірургічная і тэрапеўтычная службы, укамплектаваныя вопытнымі, адказнымі і адда-дзенымі сваёй справе прафесіяналамі. Ёсць і пенсіянеры, якія выдатна працуюць, напрыклад, загадчык прыёмнага пакою Т.П.Латушкіна, спецыяліст па УГД Т.І.Грыгорчык, якая ўносіць важкі ўклад у лячэбна-дыягнастычны працэс.
— Алена Аляксееўна, а якія ў Вас мары?
— Самая запаветная — каб быў нарэшце праведзены ў нашай бальніцы сучасны рамонт, кабінеты напоўніліся неабходным абсталяваннем, зручнай мэбляй. Бо працоўны і кадравы патэнцыял у нас ёсць, калектыў вопытны, стабільны, кампетэнтны. А вось умовы для работы хацелася б мець лепшыя.
І ў гэтым плане не сядзім склаўшы рукі, уласнымі сіламі праводзім бягучы рамонт, напрыклад, на працягу лета мяркуем капітальна ўцяпліць вокны 4-павярховага лячэбнага корпусу, у рабочым стане падтрымліваем сантэхніку, хоць яна ў нас і не першай маладосці, у памяшканнях пастаянна штосьці падфарбоўваем, падтрымліваем прывабны выгляд кабінетаў і калідораў, тэрыторыі бальнічнага гарадка.
— А пра запаветнае пажаданне пацыентаў ведаеце?
—Вы маеце на ўвазе ўладкаванне туалета ў лабараторыі? Гэта, па сутнасці, усё тое ж пытанне з рамонтам. Зараз заказваем праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю паліклінікі. Тут цеснавата, адчуваецца недахоп памяшканняў для ажыццяўлення нармальнага прыёму пацыентаў. Хочам прадоўжыць плошчы паліклінікі на першым паверсе суседняга двухпарховага лячэбнага корпусу, дзе знаходзіцца дзіцячае аддзяленне. Тут мяркуем размясціць жаночую і дзіцячую кансультацыі, лабараторыю. Месца ў будынку дастаткова, але з-за таго, што планаваўся ён пад корпус інфекцыйнага аддзялення, тут шмат дадатковых незапатрабаваных зараз пасяшканняў. Усе гэта мяркуем перапланаваць і павялічыць колькасць кабінетаў. А паміж карпусамі зрабіць крыты пераход, каб людзям было зручна зайсці ў паліклініку праз цэнтральны ўваход, распрануцца ў гардэробе і па пераходзе прайсці ў лабараторыю і г.д.
Для гэтага, зразумела, патрэбны сродкі. У дадзены ж момант зрабіць у лабараторыі туалет немагчыма. У кабінеце, дзе працуюць лабаранты, нельга рабіць туалет для наведвальнікаў, а ў іншым месцы — тэхнічна немагчыма. Застаецца спадзявацца на рамонт.
— Алена Аляксееўна, якія б пажаданні Вы адрасавалі жыхарам раёна?
—Шчыра зычу ўсім здароўя. Каб больш ўвагі звярталі на здаровы лад жыцця, мужна змагаліся са шкоднымі звычкамі. Мы, медыкі, лепш іншых бачым вынікі наступстваў гэтых звычак. Крэнне, алкаголь, наркаманія — не набытыя хваробы, а згубныя звычкі, якія чалавек сам сабе прывівае і ад якіх потым пакутуе. Так што, шаноўныя, беражыце сябе, не прыбаўляйце клопатаў ні сабе, ні ўрачам.
Будзьце ўсе здаровыя, шчаслівыя і ўдачлівыя!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.