Галоўнае — зрабіць правільны выбар

Маладосць, поўную сіл, надзей, жаданняў і імкненняў да лепшага, можна параўнаць з вясной жыцця чалавека. Менавіта ў гэты час нам прадастаўляецца магчымасць зрабіць важкі ўдзел на будучае. На думку кіраўчаніна Яўгена Пішчаліна, у гэты “веснавы” перыяд галоўнае — зрабіць правільны выбар і мэтанакіравана, упэўненымі крокамі рухацца да мэты, адну за адной ажыццяўляючы свае мары.
— А мэта ў кожнага чалавека цвярозага розуму ў любым узросце адна — быць шчаслівым, — разважае Яўген, — да таго ж дадам, што шчаслівым у дастатковай ступені можна быць толькі ў сям’і, як бы ні захоплівала юнацтва імклівым пачуццём свабоды і самастойнасці, без сваёй другой паловы немагчыма ў поўнай ступені адчуць усю асалоду жыцця. А калі на свет з’яўляецца плод кахання, тады ўсё навокал наогул размалёўваецца яскравымі сонечнымі колерамі.
Пасля сустрэчы з будучай жонкай Вольгай з кожным днём меркаванні Яўгена мацнелі, мэты і мары станавіліся больш упэўненымі і акрэсленымі.
— З Вольгай мы пазнаёміліся на дыскатэцы, — працягвае галава маладой сям’і, — сустракаліся, правяралі свае пачуцці на моц амаль 5 гадоў і нарэшце ў 2006-м вырашылі звязаць сябе вузамі Гіменея. Неўзабаве на свет з’явіўся сын Мікітка — наша агульнае неацэннае багацце. Яму зараз чатыры гады. Упэўнена сцвярджаю: дзеці сапраўды ўмацоўваюць сям’ю: калі здараюцца нейкія рознагалоссі паміж мужам і жонкай, агульны клопат аб дзіцяці хутка развейвае ўсялякія канфлікты, не пакідаючы ад іх нават і следу. Таму ўсім маладым сем’ям раю нараджаць дзяцей і як мага больш! І мы з жонкай таксама не збіраемся спыняцца на дасягнутым.
За шэсць гадоў сямейнага жыцця Пішчаліны набылі шмат: жывуць у камфартабельным доме, добраўпарадкоўваюць свой прысядзібны ўчастак — летась сталі пераможцамі раённага конкурсу на лепшы падворак маладой сям’і, наладжаны РК ГА “БРСМ” і аддзелам па справах моладзі райвыканкама.
Ладзяцца справы і ў кар’еры абодвух — Яўген пасля заканчэння Магілёўскага ўніверсітэта імя А.Куляшова працуе начальнікам аддзела па ідэалагічнай рабоце СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, Вольга ў гэтай жа гаспадарцы займае пасаду намесніка старшыні па збыце і маркетынгу, а ў мінулым у маладой жанчыны была вучоба ў Жыліцкім сельгаскаледжы, вынік якой — дыплом з адзнакай, і ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.
Сямейная пара Пішча-ліных — пастаянная ўдзельніца шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў, абодва вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца лыжным спортам, плаваннем, валейболам, лёгкай атлетыкай, а зараз пачынаюць прыцягваць да такога актыўнага адпачынку і сына. Да таго ж Яўген — актыўны арганізатар спартыўнай работы ў «Рассвеце», намаганні яго і аднадумцаў перамагалі ў многіх спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Улічваючы асабісты вопыт, Яўген і Вольга раяць маладым парам займацца спортам, бо гэта ў сукупнасці з каханнем, павагай адзін да аднаго, клопатам і разуменнем таксама ўмацоўвае сямейныя адносіны.
На маю думку, асабістыя і агульныя дасягненні Яўгена і Вольгі Пішчаліных — пацвярджэнне таго, што ў “веснавую” пару свайго жыцця абодва яны зрабілі правільны выбар. Хочацца пажадаць іх карабліку пад назвай “Сям’я”далейшага паспяховага плавання і, вядома ж, павелічэння ў памерах, а таксама яшчэ на доўгія гады захоўваць у сэрцах здабыткі цудоўнай пары — маладосці — душэўны запал, аптымізм і імкненне да лепшага.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.