«Мэт вам высокіх і шчырых імкненняў, новых адкрыццяў, вялікіх здзяйсненняў!»

Такія і іншыя пажаданні гучалі падчас раённага выпускнога вечара ў адрас галоўных яго герояў — 103-х юнакоў і дзяўчат, якія нядаўна завяршылі свой шлях па школьнай Краіне ведаў.
Трэці год запар важны і памятны для сябе вечар у жыцці выпускнікі ўсіх школ Кіраўшчыны праводзяць разам, і ён ператвараецца ва ўрачыстае, маляўнічае свята маладосці і прыгажосці, дружбы і вернасці!
Дзяўчаты ў неймаверна прыгожых сукенках, хлопцы ў строгіх касцюмах, усхваляваныя бацькі, настаўнікі, госці ўсёй шум-лівай грамадой у мінулую суботу сабраліся ў раённым Доме культуры: тут было вырашана правесці выпускны вечар, каб у яго праграму не ўмяшаліся капрызы надвор’я.
А перад пачаткам урачыстасцей фотакарэспандэнт рэдакцыі зрабіў адметнае фота — пецярых медалістаў раёна, якія ўдастоены найвышэйшай узнагароды за выдатныя поспехі ў вучобе: гэта Васіль Батура з СШ №1 г.Кіраўска, Сяргей Абраменка і Кацярына Міхалёнак з Жыліцкай СШ, Антаніна Сініца і Эвеліна Бяржаніна з Мышкавіцкай СШ. Залатыя медалі і атэстаты асаблівага ўзору ім на сцэне РДК уручыў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў пад авацыі ўсёй залы. А бацькі гэтых рабят былі адзначаны падзячнымі пісьмамі раённага выканаўчага камітэта.
Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады ўручыў атэстаты аб заканчэнні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсім выпускнікам раёна.
Для адзінаццацікласнікаў, адзначыў у сваёй прывітальнай прамове старшыня райвыканкама, зараз настаў час жыццёвага выбару, калі можна і патрэбна ставіць перад сабой высокія мэты. І лепей з першых крокаў будаваць свой лёс так, каб потым ніколі не шкадаваць аб зробленым выбары. Сучаснаму грамадству патрэбны мэтанакіраваныя, энергічныя і таленавітыя маладыя людзі. Для гэтага ў нашай краіне створана эфектыўная сістэма работы, якая дазваляе раскрыць і развіць здольнасці дзяцей і падлеткаў. І не выпадкова па індэксе ўзроўню адукацыі Беларусь займае 20-е месца ў сусветнай супольнасці!
Багатая на таленты і наша Кіраўшчына. Сярод сёлетніх выпускнікоў — пераможцы рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і алімпіяд, чэмпіянатаў па інтэлектуальных гульнях, спартыўных спаборніцтваў. Гэта вучні СШ №1: Кірыл Бодык — пераможца I-й рэспубліканскай дыстанцыйнай алімпіяды па біялогіі, Васіль Батура — пераможца абласнога конкурсу навукова-доследных работ, Яўген Ушанкоў — бронзавы прызёр Кубка Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе. Выпускніца гімназіі г.Кіраўска Ганна Русецкая стала пераможцам раённага конкурсу ў намінацыі “Вучань года-2011”. Сяргей Гаўрыленка з Баравіцкай СШ — прызёр абласных спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. Вучаніца Мышкавіцкай СШ Эвеліна Бяржаніна атрымала заахвочвальны водгук на абласной алімпіядзе па англійскай мове.
Уладзімір Піскіжаў адзначыў, што сёння, каб забяспечыць моцны эканамічны пад’ём у краіне ў цэлым і раёне, у прыватнасці, вельмі важныя інтэлектуальная і інавацыйная састаўляючыя. Таму адукацыя — гэта стратэгічны рэсурс, а ўзровень ведаў становіцца адным з важнейшых фактараў стабільнасці і працвітання дзяржавы.
Перад сістэмай адукацыі стаіць задача не проста адукоўваць дзяцей, а рыхтаваць іх да жыцця ва ўмовах новай эканомікі, у новым сацыяльным асяроддзі, дзе кожны чалавек абавязаны сам адказваць за сябе. Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу выпускнікоў на тым, што ў нашым раёне заўсёды знойдзецца дастойна аплачваемая работа для падрыхтаваных спецыялістаў, будуць вырашаны пытанні бытавога ўладкавання на першых парах, а імкненне да руху па кар’ернай лесвіцы будзе ацэнена і падтрымана. “Пасля атрымання прафесіі чакаем вас у родны раён!” — заклікаў Уладзімір Піскіжаў.
Ад імя выпускнікоў слова трымаў Васіль Батура. Ён выказаў удзячнасць школе, аддзелу адукацыі, раённаму выканаўчаму камітэту за дастойную адукацыю і запэўніў, што яны, сёлетнія выпускнікі, ад усёй душы пастараюцца захаваць і прымножыць традыцыі роднага краю, стаць яго апорай і гонарам.
Як сімвал сур’ёзнасці імкненняў у будучыню выпускнікі-2012 уручылі кіраўніку раёна гадзіннік з пажаданнем, каб ён вёў адлік доўгіх гадоў працвітання Кіраўскага раёна.
Галоўных герояў урачыстасці (вядучыя праграмы адразу завяродзілі ўвагу прасутных на тым, што не жадаюць называць выпускнікоў віноўнікамі ўрачыстасці, а толькі героямі!) віншавалі, успаміналі аб пройдзеных “этапах вялікага шляху” да ведаў іх першыя настаўнікі, класныя кіраўнікі, дырэктары школ, бацькі. І ўсё гэта было ўвасоблена ў падарожжа па старонках Кнігі школьнага жыцця з цікавымі, дзесьці сумнымі, дзесьці вясёлымі, а часам незвычайнымі гісторыямі.
Успомніць сябе маленькімі выпускнікам прапанавалі выхаванцы гарадскіх дзіцячых садкоў. А потым падарылі старэйшым сябрам сімвалічную “апошнюю цукерку дзяцінства”, якую тыя на вуліцы, загадаўшы свае запаветныя жаданні, запусцілі на паветраных шарах у неба.
Ад імя бацькоў да выпускнікоў звярнуўся Васіль Нікадзімавіч Міхалёнак, а потым разам з дачкой Кацярынай падарылі прысутным задушэўную песню.
Увогуле выпускнікі ў гэты вечар былі сапраўднымі зоркамі сцэны: спявалі, дэманстравалі свае творчыя і крэатыўныя здольнасці ў саставе студыі “Гламур” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, уражвалі танцамі, як брэйкер Павел Каранкевіч…
А для іх выступалі ад душы харэаграфічны калектыў “Вера”, выпускнік Любоніцкай СШ 2011 года Аляксандр Верамееў і вуча-ніца гэтай школы Валянціна Салановіч, супрацоўнік дзіцячага садка №2 Аксана Бокая, іншыя.
Безумоўна, на такім свяце не абышлося без святочнага торта, дакладней, некалькіх тартоў, уручаных усім выпускным класам. А рабяты, якія вызначыліся па розных напрамках дзейнасці, атрымалі памятныя падарункі. Спонсарамі выступілі раённыя арганізацыі ГА “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”.
У ходзе ўрачыстасцей кіраўнік раённай вертыкалі ўлады Уладзімір Піскіжаў уручыў прэміі райвыканкама вучаніцы СШ №1 Марыне Заркевіч, якая атрымала дыплом 2-й ступені на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе па працоўным навучанні, і яе настаўніцы А.У.Пархамовіч.
Шмат эмоцый выклікаў у прысутных развітальны школьны вальс. У фае другога паверху РДК кружыліся пары: рабяты развітваліся з дзяцінствам, з роднымі школамі, любімымі настаўнікамі, а іх сэрцы былі напоўнены самымі лепшымі спадзяваннямі.
У добры шлях, выпускнікі!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.