Нашы юныя паэты — сярод лепшых

Знакавай падзеяй у культурным жыцці Магілёўшчыны стаў 1 абласны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, які прайшоў 26 мая на ра-дзіме паэта Алеся Пісьмянкова ў в.Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна.
Нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў у 1957 годзе. Яго творчы шлях пачаўся з публікацый першых вершаў у мясцовай раённай газеце “Голас Касцюкоўшчыны”. Далей выйшлі кнігі паэзіі “Белы камень”, “Чытаю зоры”, “Заўзятары”, “Планiда”, “Вершы”, “Я не памру, пакуль люблю”. А цяпер, праз год пасля яго смерці, выходзіць кніга “Думаць вершы”.

Арганізатары зрабілі ўсё, каб свята паэзіі і музыкі атрымалася цікавым і змястоўным. А пачалося яно з адкрыцця Памятнага знака “Гісторыка-культурны аб’ект “Пісьмянкоў луг”, які ўяўляе сабой вялізны камень вагой у 22 тоны з памятнай плітой. Камень стаў сімвалам таго, што свята будзе такім жа даўгавечным.
Цікавым на гэтым свяце было ўсё: і выстава майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і літаратурная алея, на якой былі прадстаўлены матэрыялы з 9 раёнаў вобласці аб сваіх літаратурных знакамітасцях, цікавых бібліятэчных напрацоўках. Тут жа разгарнуўся Горад майстроў.
Уражваючым атрымаўся непасрэдна конкурс паэзіі і аўтарскай песні “Песняры зямлі беларускай”. Удзел у ім прынялі пераможцы раённых конкурсаў з Магілёўскай, Гомельскай абласцей, г.Мінска, а таксама Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Удала выступілі на конкурсе прадстаўнікі нашага раёна — юныя паэты, вучні гімназіі г. Кіраўска Ілья Піскіжаў, які заняў 2-е месца ў сваёй узроставай групе, і Марына Акуліч, якая заняла 3-е месца (на здымку). Юныя паэты былі адзначаны Ганаровымі граматамі Магілёўскага аблвыканкама і грашовымі прэміямі.
Цікавай атрымалася вячэрняя праграма, у якой быў канцэрт артыстаў Магілёўскай філармоніі, бардаўскія песні ля кастра на беразе ракі, танцавальна-забаўляльная праграма “Добры вечар, госці!” на цэнтральнай пляцоўцы.
Па задумцы арганізатараў, свята будзе мець працяг і на будучы год.
Валянціна ІВАНІЦКАЯ,
дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.