Партызанскія сцежкі падлетка

…Цёплы пагодлівы дзянёк. Сонечныя прамяні, нібы гуляючы ў хованкі, мільгацяць на залацістым медалі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 г.г.”, які з гонарам прычапіў на сваёй грудзі падлетак Саша Шэндзераў… “Зараз я дабягу да школы, настаўнікі і аднакласнікі здзівяцца, а потым паціснуць руку. А пасля заняткаў раскажу рабятам пра тое, як здабыў сваю ўзнагароду,” — думаў ён, спяшаючыся раніцай у школу. Як толькі пачаўся ўрок, Саша з бліскучым медалём на грудзях ціхенька сеў за парту, чакаючы слоў настаўніка.
— Здымі бацькаў медаль і занясі дадому! Не ты яго зарабіў! — строга прагучала ад педагога.
Увесь дзень у галаве падлетка не было нічога, акрамя ўспамінаў…
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыхару в.Добасна Аляксандру Шэндзераву ішоў 11-ты год. У іх вялікай і дружнай сям’і ён — малодшы, два браты і ся-стра ўжо былі дарослымі. Пасля таго, як немцы ўстанавілі сваё гаспадаранне ў вёсцы, сям’я Шэндзеравых вырашыла пакінуць хату і схавацца ў лесе: чулі пра выпадкі, калі фашысты знішчалі цэлыя сем’і за дапамогу партызанам, не шкадуючы нават малых дзяцей і старых калек.
Аднойчы Сашу пашчасціла ўбачыць сапраўдны партызанскі атрад, які ішоў з суседняга Клічаўскага раёна. Нядоўга разважаючы, падлетак сказаў сваім:
— Хачу быць партызанам!
Камандзір атрада адзначыў, што ім як раз патрэбны хлопцы ягонага ўзросту для выканання спецыяльных заданняў. Такім чынам Аляксандр Шэндзераў стаў “сынам” партызанскага атрада.
На першае заданне падлетка накіравалі ў в.Пацава Слабада, перад ім стаяла задача падлічыць, колькі нямецкіх салдат і адзінак тэхнікі знаходзіцца ў вёсцы.
Аляксандр Дзмітрыевіч і да сённяшняга дня памятае свае пачуцці, калі выконваў першае ў жыцці партызанскае заданне, разумеючы, што дадзеныя, атрыманыя ім, прынясуць карысць байцам, дапамогуць у барацьбе з лютым ворагам. Калі ішоў па вуліцах вёскі, Сашу здавалася, што ўсе навокал падазраваюць яго, аглядваюцца і вось-вось схопяць, будуць здзеквацца, прымушаць расказаць, дзе знаходзяцца партызаны. Аднак жаданне дапамагчы ў барацьбе з фашыстамі перамагло ўсе страхі. Гэта заданне для Аляксандра Шэндзерава было першым, але далёка не апошнім.
Па волі лёсу Саша трапіў разам з фронтам у саставе запаснога палка ў Баранавічы. Праз нейкі час сустрэў там свайго земляка — Якіма Краўчанку з Харлапавіч. Ад Якіма даведаўся, што ўся яго сям’я жывая, і сэрца застагнала ад тугі па родных. Набраўшыся мужнасці, Аляксандр пайшоў да камандзіра палка прасіцца дадому.
Праваджалі Сашу ўсім палком, цягнік павёз яго ў родны куточак.
Вялікую Перамогу Аляксандр Шэндзераў сустрэў у коле родных, дома. Пасля вайны вырашыў працягваць вучобу, пайшоў у чацвёрты клас. Заслужаны медаль, той самы, які настаўнік палічыў бацькоўскім, Аляксандру ўручылі ў райваенкамаце.
…Вярнуўшыся дадому пасля заняткаў у школе, Саша зняў медаль і заплакаў.
— Што здарылася? — запытаўся бацька.
— Мне не паверылі.
— Прымацуй свой медаль зноў, а заўтра разам з падручнікамі пакладзі ў сумку пасведчанне да яго.
На наступны дзень пасля заняткаў, седзячы ў коле сяброў, Саша Шэндзераў расказваў пра свае партызанскія заданні.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.