Стаўка — на вялікае малако

У кожнай гаспадарцы спаўна разумеюць, наколькі важны летне-пашавы перыяд утрымання грамадскага пагалоўя жывёлы для атрымання вялікага малака. Менавіта на гэтую мэту нацэлены і жывёлаводы СВК “Калгас “Беларусь”, і, трэба адзначыць, іх праца дае належную аддачу.
Зараз у гаспадарцы 550 галоў дойнага статка. За 5 месяцаў бягучага года надоена 1207 тон малака, што склала 108% да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Рэалізавана дзяржаве 1102 т малака, або 91,3% ад атрыманага пры заданні 90%. Таварнасць малака за май — 94,8%. Пераважная большасць малочнай прадукцыі рэалізуецца сортам “экстра” і вышэйшым.
Гэта дасягнута дзякуючы стараннай працы калектываў Барчыцкіх малочна-таварнага комплексу і фермы. На першым аб’екце абсталявана даільная зала, на другім — малакаправод.
Па словах загадчыцы малочна-таварнай фермы “Барчыцы” Таццяны Амбрасёнак, людзі, якія тут працуюць, душой хварэюць за справу. З ліку лепшых — даярка Святлана Пацёмкіна, якая працуе ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі амаль 30 гадоў. Жанчына заўсёды ў перадавіках, за дасягненне высокіх паказчыкаў яна не аднойчы займала лідзіруючыя пазіцыі ў раёне, адзначалася кіраўніцтвам сельгаскааператыва каштоўнымі падарункамі.
Як адзначыла загадчыца фермы, добрых слоў заслугоўвае праца амаль усіх жывёлаводаў, у тым ліку даярак Наталлі Карповіч, Вольгі Ціхановіч, Святланы Далідудка, Еўдакіі Гушчынай. З адказнасцю ставяцца да сваёй справы і пастухі Уладзімір Шпак і Пётр Фядотаў, бо яны разумеюць, што і ад іх працы залежыць малочная прыбаўка.
На ферме трохразовая дойка кароў. Як лічаць спецыялісты, гэта адна з састаўляючых добрых паказчыкаў. Як і належнае кармленне жывёлы: у яе рацыёне падчас пашавага ўтрымання — і камбікорм, і розныя салявыя дабаўкі.
Жывёлаводы задаволены ўмовамі працы і быту, якія створаны для іх. На ферме ёсць пакой для адпачынку, душавая кабіна, каб памыцца пасля работы. На стэндзе мы запрыкмецілі лісток з прозвішчамі людзей, якія ў бягучым месяцы адзначаюць дні нараджэння. Думаецца, кожнаму чалавеку прыемна адчуваць увагу да сябе. А клопат аб працаўніках акупляецца іх стараннай, эфектыўнай працай.
Належную увагу надае кіраўніцтва гаспадаркі ўзнаўленню дойнага статка. На дадзены момант на комплексе гадуюцца 163 цялушкі, якія потым будуць пераве-дзены ў асноўны статак. Актыўна займаюцца ў сельгаскааператыве закупам цялят у насельніцтва. Частка з якіх пойдзе ў далейшым на ўзнаўленне дойнага статка, а частка — на адкорм. Зараз на комплексе на адкорме 255 галоў жывёлы.
Людміла
СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.