У зладжаным працоўным рытме

Цёплае, больш-менш устойлівае надвор’е, якое нарэшце ўсталявалася, спрыяе таму, каб актыўна весці “зялёнае жніво”. Корманарыхтоўчыя атрады СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага шчыруюць у зладжаным рытме, выкарыстоўваючы магутную высокапрадукцыйную тэхніку, і, што немалаважна, добры працоўны настрой. Учора мы пабывалі на сельскагаспадарчым участку “Рассвета” паблізу Стаўпішчаў і на свае вочы ўпэўніліся ў гэтым. Тут, на сенажаці, вылучыўшы для размовы з супрацоўнікамі “раёнкі” літаральна 5 мінут са свайго шчыльнага працоўнага графіку, нас сустрэлі вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Бабіч і Аляксей Зайцаў. Папераменна на сваіх вялізных грузавых аўтамабілях яны адвозяць да месца закладкі сянажнай ямы скошаную здробненую зялёную масу, а падбірае з палеткаў і здрабняе травы механізатар Канстанцін Пятруша. З кароткай размовы мы ўпэўніліся, што гэтыя маладыя мужчыны працуюць з імпэтам, хутка, зладжана, і пры гэтым дасканала разумеюць важнасць захавання належнай тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, бо ад іх якасці ў будучым будуць залежаць важныя вытворчыя паказчыкі гаспадаркі, адзначыць, і дабрабыт “рассветаўцаў”.
Як нам паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Багель, па становішчы на ўчарашні дзень рупліўцы “зялёнага жніва” СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага нарыхтавалі 80 тон сена і звыш 12-ці тон сенажу.
Падводзячы вынікі работы на нарыхтоўцы кармоў, райкам прафсаюза работнікаў АПК вызначыў сярод “рассветаўцаў” лідараў “зялёнага жніва”: Мікалай Белакурскі на МТЗ-3022 з КПР-9 скасіў травы на 405 га, а Міхаіл Вербенка на МТЗ-82 з ЕС-280 — на 289 га; Віталь Шчэрбіч на “Джон-Дзір” падабраў і здрабніў 6750 т сянажнай масы, а Уладзімір Асос — 7300 т, Мікалай Рудак на МТЗ-1222 перавёз 1247 т сянажнай масы.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.