З юнацкім энтузіязмам і спартыўным запалам!

У такой атмасферы ў нядзелю 24 чэрвеня адзначылі кіраўчане Дзень моладзі. Святкаванне, пачынаючы з 12 гадзін дня, працягвалася да позняга вечара.
Днём гулянні разгарнуліся на беразе Селіцкага возера. У прывітальным слове начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алена Осіпава далі пачатак культурна-спартыўнаму мерапрыемству, прысвечанаму Дню моладзі. Ад-дзел фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама і раённы фізкультурна-спартыўны клуб наладзілі для жадаючых правесці час з карысцю для здароўя і са спартыўным запалам спаборніцтвы па валейболе, дартсе, скачках у мяшках. Дзяўчаты спрачаліся за першынство ў скачках са скакалкай, а юнакі вызначалі мацнейшага ў падняцці гіры.
Тым часам на імправізаванай сцэне распачалася тэатралізаваная канцэртная праграма “Свята Нептуна”. Магчыма, сцэнарый прадстаўлення і не зусім падыходзіў для маладых людзей, у гонар якіх было наладжана свята, аднак дзятве, якая завітала на возера разам з бацькамі, было ў самы раз. Разам з казачнымі персанажамі малыя вадзілі карагоды, шукалі каралі вадзяной царэўны, а сілы падмацоўвалі марожаным ды пірожнымі, гандаль якімі і іншымі прысмакамі быў наладжаны райспажыўтаварыствам.
Увечары адпачываючыя сабраліся ў гарадскім парку, ля фантана. І зноў гучала вясёлая музыка, праводзіліся забаўляльныя конкурсы, гульні, віктарыны. Аднак віноўнікі ўрачыстасці выступілі больш у якасці назіральнікаў, чым удзельнікаў мерапрыемства. Затое дзятва, дзякуючы сваёй непасрэднасці, зноў-такі весялілася ад душы.
24 чэрвеня было аб’яўлена ў раёне Днём цвярозасці.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.