За працоўныя заслугі

“Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд!” — гэтыя радкі знаёмыя ўсім нам са школьных гадоў. І мы ведаем, што яны сімвалізуюць пераемнасць пакаленняў. Нашы дзеды і бацькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны адстаялі свабоду і незалежнасць роднай зямлі, іх ратны шлях адзначаны баявымі ўзнагародамі, а іх сыны і ўнукі сёння атрымліваюць узнагароды за мірную, стваральную працу, як, напрыклад, галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Чырвоны баец” С.А.Іслеўскі, якому нядаўна быў уручаны медаль “За працоўныя заслугі”. А маладое пакаленне заўжды гатова быць верным традыцыям старэйшага пакалення, як рабяты з лепшай піянерскай дружыны школ раёна — дружыны імя В.Скварцова гімназіі г.Кіраўска.Такая пераемнасць — нябачная сувязь часін, людзей, падзей. Гісторыя, якая працягваецца!
У палку слаўных працаўнікоў раёна, адзначаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, нядаўна прыбыло: галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Чырвоны баец” Сяргей Іслеўскі ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Медаль яму ў ліку іншых прадстаўнікоў працоўных калектываў краіны ўручаў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.
Сяргей Аляксандравіч лічыць, што гэтая высокая ўзнагарода — заслуга ўсяго іх дружнага калектыву.
Поспехі жывёлаводаў “Чырвонага байца” адзначаны на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі — аб гэтым неаднаразова раённая газета паведамляла чытачам. І, безумоўна, значны ўклад у гэтым — галоўнага ветурача.
У гаспадарцы Іслеўскі працуе 21 год. У свой час пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута, адпрацаваўшы год у тагачасным саўгасе “Бераснёўскі”, уладкаваўся ў тады яшчэ калгас “Чырвоны баец”. Яму, маладому спецыялісту, гаспадарка адразу выдзеліла дом. І ён, гараджанін, застаўся жыць і працаваць на вёсцы і, між іншым, ніколькі не шкадуе. І дзяцей разам з жонкай тут выгадавалі. Сын сёлета заканчвае Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, а дачка, выпускніца Паўлавіцкай школы, рыхтуецца паступаць у ВНУ.
“Зразумела, — адзначае Сяргей Аляксандравіч, — сельская праца — нялёгкая, але дзе яна простая, калі ўсё рабіць належным чынам?! Радуе, што з цягам часу рыса паміж горадам і вёскай усё больш сціраецца: напрыклад, чаму не жыць у аграгарадку Паўлавічы — жыллё з усімі зручнасцямі, належная сацыяльная інфраструктура, заработная плата дазваляе мець і ўласныя машыны, і камп’ютары… Маладыя спецыялісты да нас ідуць ахвотна, гаспадарка ўкамплектавана кадрамі, у тым ліку і за-аветспецыялістамі. Людзі абжываюцца на гэтай зямлі, заводзяць сем’і. Сяльчане з задавальненнем карыстаюцца створанымі для іх умовамі, гэта адбіваецца на працы членаў сельгаскааператыва і, адпаведна, на дабрабыце гаспадаркі. Калі чалавек прыходзіць на работу ў добрым настроі, з інтарэсам, ахвотай да яе, то і працуе з душой, і работа спорыцца, і ўсе пастаўленыя задачы выконваюцца!”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.