Бухгалтар — прафесія творчая!

Скарбонка працоўных узнагарод галоўнага спецыяліста ад-дзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Надзеі Лаўрэнцьеўны Рабчанка папоўнілася Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Такой адзнакі яна ўдастоена за плённую працу ў сістэме аграпрамысловай вытворчасці і эфектыўнае садзеянне ва ўмацаванні эканомікі арганізацый і галіны. А ўручана ўзнагарода ёй была падчас нядаўняга рэспубліканскага семінара, які праходзіў на Віцебшчыне.
У штаце ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Надзея Рабчанка з 1981 года, а дагэтуль працавала ў розных гаспадарках раёна, дзе на практыцы, як гаворыцца, у палявых умовах, адтачвала набытыя падчас вучобы на факультэце эканомікі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі тэарытычныя веды, ушчыльную знаёмілася з эканомікай і вытворчай дзейнасцю гаспадарак. Навыкі лагічнага мыслення, уменне аперыраваць лічбамі дапамагаюць у яе цяперашняй рабоце, а кола службовых абывязкаў у Надзеі Лаўрэнцьеўны вельмі шырокае, бо займаецца яна пытаннямі планавання, прагназавання аб’ёмаў прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі у разрэзе кожнага з сельгаспрадпрыемстваў і раёна ў цэлым.
—Наша Надзея Лаўрэнцьеўна, — адзначае загадчык аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Таццяна Русецкая, — незаменны работнік. Літаральна ўсе лічбы і паказчыкі трымае ў галаве, таму і на паперы ў яе ўсё ў парадку. Іншы раз, як сама прызнаецца, ноч не спіць, калі ў рабоце паўстае складанае пытанне, узважвае, аналізуе, “пракручвае” кожную лічбу ў галаве. А назаўтра прыходзіць з практычна гатовым рашэннем. Тое ж самае, адбываецца калі лічбы, вобразна гаворачы, “не ідуць”. І тут нават самую дробязную памылачку Надзея Лаўрэнцьеўна адшукае і аператыўна выправіць.
Наогул гэта не толькі высокапрафесійны спецыяліст, але і творча мыслячы чалавек. Іншы раз ўзнікае патрэба ў выкананні не ўласцівага яе рабоце задання, напрыклад, разлік паказчыкаў па імпарце-экспарце. Дык і з гэтай справай Надзея Лаўрэнцьеўна паспяхова спраўляеца.
З кожным годам прафесійная дзейнасць, у тым ліку і работнікаў эканамічный службы, усё больш ускладняецца. І якім бы багажом практычных ведаў ні валодаў чалавек, даводзіцца асвойваць новыя методыкі і падыходы ў рабоце, адным словам, ісці ў нагу з часам. Надзея Лаўрэнцьеўна актыўна цікавіцца галіновай літаратурай, навейшымі эканамічнымі распрацоўкамі. Яна самастойна асвоіла кам’ютар, прычым на высокім карыстальніцкім узроўні.
Сваімі багатымі вопытам і ведамі Надзея Лаўрэнцьеўна шчодра дзеліцца з моладдзю. Пры гэтым не лічыцца з асабістым часам, бо добра памятае сябе маладым спецыялістам і тое, як складана напачатку ўнікнуць у своеасаблівы свет лічбаў. Тым больш, што сучаснае жыццё прад’яўляе да работнікаў яе прафесіі шмат патрабаванняў. І сваім абавязкам жанчына лічыць дапамагчы моладзі асвоіцца, падказаць, як скласці тую ці іншую справаздачу, правільна аформіць фінансавы дакумент.
Усё той жа вопыт, кампетэнтнасць і дасведчанасць дазваляюць ёй даваць слушныя кансультацыі не толькі калегам па рабоце, але супрацоўнікам іншых аддзелаў, у тым ліку планавага.
Калегі па рабоце ведаюць Н.Л.Рабчанка як працавітага і адказнага спецыяліста, кампетэнтнага дарадчыка, шчырага чалавека. “Не толькі ў штодзённай рабоце, але і на ўсіх суботніках, у якіх яна прымае самы актыўны ўдзел, заўсёды раўняемся на яе”, — адзначаюць яны.
Свой прафесійны шлях Надзея Лаўрэнцьеўна абрала асэнсавана. Змалку адчувала схільнасць да дакладных навук, матэматыкі. “Для мяне, — прызнаецца яна, лічбы гавораць больш, чым якія словы і выразы, бо яны нясуць вялікую і канкрэтную інфармацыю. Таму і работу бухгалтара, якой аддала шмат год, лічу вельмі цікавай”.
Дзеці Надзеі Лаўрэнцьеўны пайшлі па матчынах слядах, закончылі Беларускую сельгасакадэмію, сталі бухгалтарамі. Як сама жартуе: сямейныя традыцыі перамаглі. Сын жыве ў Мінску, працуе ў падатковай інспекцыі, бухгалтарам у вучэбна-курсавым камбінаце да выхаду ў дэкрэтны водпуск была дачка.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.