Для рэалізацыі міратворчых і гуманітарных задач

Нагадаем, што ГА “Беларускі фонд міру” з’яўляецца некамерцыйным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем грамадзян, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю актуальных міратворчых і гуманітарных задач. Асноўная мэта дзейнасці — умацаванне міру, дружбы, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапаганда і ўвасабленне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму.
Праўленне раённага аддзялення Фонду міру з 1997 года ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова. Як яна адзначыла ў справа-здачным дакладзе на канферэнцыі, асноўнымі напрамкамі работы арганізацыі з’яўляюцца ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны; арганізацыя і ўдзел у дабрачынных і міратворчых мерапрыемствах; патрыятычнае, маральнае і духоўнае выхаванне моладзі; рэалізацыя сацыяльна значных абласных і рэгіянальных праграм; падтрымка менш абароненых слаёў насельніцтва; удзел у прапагандзе здаровага ладу жыцця; падтрымка адораных дзяцей і маладых талентаў, дзіцячых праграм і г.д.
Па становішчу на пачатак бягучага года ў раённай арганізацыі налічваецца 43 актывісты.
Было адзначана, што за справаздачны перыяд актывізавалася дзейнасць раённага аддзялення па прыцягненні сродкаў у Фонд міру і выкарыстанні іх на дабрачынныя мэты. Так, за пяць мінулых гадоў ад жыхароў раёна паступіла больш 66 млн. рублёў. Кіраўчане разумеюць, што ўзнос у Фонд міру — гэта канкрэтны клопат кожнага з іх аб міры, шчасці, будучым. Па суме добраахвотнага ўзносу ў разліку на аднаго жыхара па выніках мінулага года наш раён заняў чацвёртае месца сярод сельскіх рэгіёнаў рэспублікі.
Найбольшы ўклад у гэтую высакародную справу ўнеслі калектывы цэнтральнай раённай бальніцы, сферы адукацыі і культуры, ААТ “Кіраўскія бытпаслугі”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, РАПТЗ, раённага вузла электрычнай сувязі, “Кіраўсквадгаса”, райспажыўтаварыства, раёна газазабеспячэння, ліцэя №15, раённых структур “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”, райЦГЭ і іншыя.
У цэнтры ўвагі раённай арганізацыі Фонду міру, падкрэсліла ў дакладзе яе старшыня, — рэалізацыя праграм “Памяць”, “Клопат”, “Падтрымка талена-вітай моладзі”, “За здаровы лад жыцця”, “Падтрымка дзіцячых праграм”, “Мая Радзіма — Беларусь” і інш. Аказваецца са-дзейнічанне ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў для розных катэгорый грамадзян, сем’яў і дзяцей.
Раённая арганізацыя Фонду міру ўнесла важкі ўклад у стварэнне помніка “Дзецям вайны”, які ўстаноўлены ў г.Магілёве, мемарыяла “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў в.Боркі, перазахаванне астанкаў грамадзян, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны з індывідуальных і брацкіх магіл.
Актыўны ўдзел прынялі актывісты раённай арганізацыі ў прайшоўшым 18 мая гэтага года міжрэгіянальным мера-прыемстве “Сустрэча пакаленняў” у рамках міжнароднага праекта “Павышэнне статусу выратаваўшыхся жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941-1944 гадах нямецка-фашысцкімі захопнікамі”.
Актывісты Фонду міру аказваюць увагу ветэранам вайны і працы, пажылым, малазабяспечаным людзям, мнагадзетным сем’ям, інвалідам, дзецям-інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян. Дапамогу ім аказваюць валанцёрскія атрады з ліку піянераў, членаў БРСМ, молазі, якіх у раёне дзейнічае 16.
За кошт сродкаў раённай арганізацыі Фонду міру ў палаты для ветэранаў вайны райбальніцы за гэтыя гады было набыта 2 халадзільнікі і тэлевізар, сёлета тэлевізар быў набыты ў палату для ветэранаў вайны і інвалідаў аддзялення кругласутачнага знаходжання раённага цэнтра сацыяльнага абслу- гоўвання насельніцтва.
Раённае аддзяленне Фонду міру сумесна з аддзеламі адукацыі і па справах моладзі райвыканкама вялікую ўвагу надае грамадзянскаму, ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Праводзіліся тэматычныя акцыі, месячнікі абаронна-масавай работы, агітпрабегі, конкурсы малюнкаў “Вайна вачамі дзяцей”, сустрэчы актыву БРСМ з актывістамі ветэранскіх арганізацый ”Героі жывуць побач”. Традыцыйным стаў аўтамотапрабег па месцах баявых дзеянняў і вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, наладжваемы напярэдадні Дня Перамогі.
Раённая арганізацыя Фонду міру прымае ўдзел у рэалізацыі праектных праграм па развіцці таленавітай моладзі у рамках міжнароднага культурнага праекта “Свет без межаў”. На працягу мінулага года па ініцыятыве і пры падтрымцы арганізацыі былі праведзены конкурсы маладых выканаўцаў сярод навучэнцкай і рабочай моладзі.
Штогод пры падтрымцы Фонду міру праводзяцца дабрачынныя акцыі “Цуды на Каляды”, “Пасхальны падарунак”, наладжваецца збор падарункаў для дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку.
Пры ўдзеле раённага аддзялення Фонду міру і камісіі па справах непаўналетніх наладжана работа з цяжкімі падлеткамі: гэта спартыўныя сустрэчы на футбольным полі, за шахматнай і шашачнай дошкамі і іншыя мерапрыемствы.
Цырк “Сірыус” у праграме мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці, — гэта таксама заслуга і сродкі раённых арганізацый Фонду міру і РГА «Белая Русь» — дзеля таго, каб рабяты ад душы парадаваліся!
“Яшчэ адна наша добрая традыцыя, — паведаміла Вольга Гаршкова, — ушанаванне дзяцей, якія нарадзіліся ў Дзень міру, і іх маці. Такія немаўляты атрымліваюць пасведчанне “Дзіця міру”. Вольга Усеваладаўна выказала прапанову скласці банк дадзеных на такіх дзяцей і адсочваць іх жыццёвы шлях.
Выступіўшыя на канферэнцыі галоўны ўрач ЦРБ Алена Круцько, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Галіна Слабоднікава, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба Міхаіл Уніятаў, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Шаршукова больш падрабязна спыніліся на рабоце, праводзімай у іх калектывах па рэалізацыі задач ГА “Беларускі фонд міру”.
Дзейнасць раённага аддзялення за справаздачны перыяд атрымала здавальняючую адзнаку прысутных. Старшынёй праўлення зноў выбрана Вольга Гаршкова, адказным сакратаром — Эма Карпук. Адбыліся таксама выбары новага праўлення раённага аддзялення, дэлегатаў на абласную канферэнцыю. Шэраг актывістаў Фонду міру быў заахвочаны грашовымі прэміямі за плённую і выніковую работу.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.