Квітней, наша родная Беларусь!

Урачыста, узнёсла і маштабна адзначыла Кіраўшчына галоўнае дзяржаўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Святочныя мерапрыемствы адбыліся ў горадзе і сельскіх населеных пунктах.
У Кіраўску праграма свята распачалася 2 ліпеня. Шчодрае летняе сонейка шчыра вітала ветэранаў вайны і працы, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, якія прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанай па вуліцы Гагарына. У памяць аб загінуўшых абаронцах Айчыны прагучалі залпы ваеннага салюта.
Далей адбылося святочнае шэсце калон па галоўнай вуліцы райцэнтра пад марш духавога аркестра “Фанфары Кіраўска”. На чале калон горда лунаў сцяг раёна і, па традыцыі, рухаўся картэж аўтамабіляў, у якіх ганаровыя месцы былі прадастаўлены ветэранам вайны. Літаральна ўсю вуліцу запоўніла яркае мора кіраўчан, сельскіх жыхароў, гасцей, з цудоўным святочным настроем вітаючых Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!
Усе размясціліся на трыбунах гарадскога стадыёна, які апрануўся ў рознакаляровае святочнае ўбранства.
Распачынаецца святочная праграма “Квітней, родная Беларусь!”. Яе адкрывае парад-шэсце працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна, грамадскіх аб’яднанняў. Гучаць каментарыі вядучых аб дасягненнях калектываў, называюцца перадавікі. Адкрываюць шэсце прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу. На іх рахунку — адметныя поспехі, прынёсшыя славу раёну. У першую чаргу, гэта леташняя перамога ў рэспубліканскіх спаборніцтвах за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў Магілёўскай вобласці і ўдзел дэлегацыі Кіраў-шчыны ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў г.Маладзечна.
Гэта і лідзіруючыя пазіцыі працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны СВК “Чырвоны баец”, “Добасна-агра”, “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Калгас “Беларусь” у розных намінацыях рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2011 годзе, і многія іншыя дасягненні.
Далей на святочным маршы — прадстаўнікі прамысловай, будаўнічай, транспартнай, камунальнай і іншых галін народнай гаспадаркі раёна. Ад дэлегацыі райспажыўтаварыства духмяны святочны каравай падносіцца кіраўніку раёна Уладзіміру Піскіжаву, а ветэранам і гледачам — смачныя булкі.
Вядучымі агучваюцца дадзеныя, характарызуючыя работу сацыяльнай сферы раёна, на рахунку якой таксама нямала поспехаў. Варта нагадаць другое месца цэнтральнай раённай бальніцы і трэцяе — аддзела культуры райвыканкама па выніках абласных спаборніцтваў за мінулы год, поспехі прадстаўнікоў сферы адукацыі, спартсменаў Кіраўшчыны і г.д. Іх дэлегацыі працягваюць урачыстае шэсце.
У святочнай калоне — прадстаўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, БРСМ, “Беларускі фонд міру”, “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” і іншыя.
Роўным строем праходзяць міма трыбун супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а затым на поле стадыёна выязджае машына РАНС, і выратавальнікі праводзяць паказальнае выступленне.
Далей крочаць абаронцы Айчыны — сённяшнія воіны, прадаўжальнікі ратных традыцый старэйшага пакалення.
Над стадыёнам гучыць песня пра Беларусь, і дзяўчаты пад шчырыя апладысменты трыбун выносяць вялізнае палотнішча Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Да мікрафона запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Піскіжаў. Ён шчыра вітае ўсіх прысутных і адзначае: “Напярэдадні галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 68-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы сабраліся з вамі, каб выказаць словы ўдзячнасці пакаленню пераможцаў, якія цаной вялікіх намаганняў і ахвяр заваявалі свабоду і незалежнасць нашай краіны. Высокі маральны дух нашых людзей стаў залогам і адным з асноўных фактараў Перамогі.”
Сёння ў няпростых сітуацыях, заўважыў старшыня райвыканкама, мы чэрпаем сілы ў бясцэнным вопыце той пары і робім многае, каб наш раён займаў дастойнае месца сярод рэгіёнаў вобласці на карысць Беларусі.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што патрыятызм быў, ёсць і павінен заставацца непахісным пастулатам нашай дзяржаўнасці, гэта вечная каштоўнасць, якая з’ядноўвае пакаленні.
Уладзімір Піскіжаў нагадаў найбольш значныя дасягненні працаўнікоў Кіраўшчыны і тое, што вышэйшай узнагародай за добрасумленную працу стала перамога Кіраўскага раёна ў спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці за 2011 год, і што раён занесены на абласную Дошку пашаны.
Час ляціць імкліва, а зрабіць нам трэба яшчэ вельмі і вельмі шмат, адзначыў ён. Па выніках гэтага года мы павінны істотна палепшыць дабрабыт кіраўчан і выйсці на дакрызісны ўзровень заработнай платы — 400 долараў ЗША ў эквіваленце. Трэба адзначыць, што ў чэрвені бягучага года мы ўжо маем узровень у 310 долараў.
Улічваючы стратэгічнае значэнне сельскай гаспадаркі і ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сёлета ў сельгасарганізацыях раёна вядзецца рэканструкцыя 9 малочна-таварных ферм, у тым ліку 8 — гэта новае будаўніцтва, што дазволіць раёну да 2014 года павялічыць вытворчасць малака больш чым на 3 тысячы тон, а яго рэалізацыю як мінімум на 11 працэнтных пунктаў.
Нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў будаўнічай сферы, у бягучым годзе будзе зроблена ўсё, каб было завершана будаўніцтва гарадской лазні, адпавядаючай усім сучасным умовам.
У бліжэйшы час будзе рэалізаваны маштабны не толькі для раёна, але і для вобласці праект па ўводу біягазавай устаноўкі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага на 4,8 мегават. Таксама ўскладаюцца вялікія надзеі на тое, што на Кіраўскім харчовым камбінаце новым уласнікам будзе своечасова завершана рэканструкцыя прадпрыемства і з’явяцца новыя высока-прадукцыйныя рабочыя месцы.
Уладзімір Піскіжаў нагадаў таксама, што на 23 верасня бягучага года назначаны выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Гэта важнейшая палітычная падзея для краіны. Старшыня райвыканкама заклікаў усіх жыхароў раёна праявіць грамадзянскую свядомасць і не заставацца ў баку ад таго, што робіцца ў рэспубліцы. Кіраўнік раёна ад імя райвыканкама і сябе асабіста павіншаваў усіх з надыходзячым Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, выказаў асаблівую ўдзячнасць ветэранам вайны, героям працы і найлепшыя пажаданні.
Пачалося тэатралізаванае прадстаўленне, эпізоды якога былі падрыхтаваны сіламі працоўных калектываў і культработнікаў і адлюстроўвалі даваенную гісторыю ўтварэння і станаўлення нашага раёна, пачатак Вялікай Айчыннай вайны, акупацыю раёна, пераможную барацьбу з ворагам і мірнае будаўніцтва па аднаўленні народнай гаспадаркі. Тэматычныя сцэны былі ўвасоблены настолькі пранікнёна, з душой, што ў многіх гледачоў на вачах разпораз блішчэлі слёзы.
Далей на дарожцы стадыёна прысутныя на свяце сустракалі юнае пакаленне XXI стагоддзя, якое ўтульна размясцілася ў калясках, кіруемых іх бацькамі. Сёлета ў раёне нарадзілася 82 немаўляці, вядучыя святочнай праграмы віншавалі бацькоў і жадалі цеплыні іх сямейнаму ачагу.
А далей трыбуны віталі сёлетніх маладажонаў: увогуле на Кіраўшчыне з пачатку года было ўтворана 40 маладых сем’яў.
На працягу ўсёй святочнай праграмы свае музычныя нумары дарылі прысутным самадзейныя артысты раёна. А фінальным акордам стаў маляўнічы беларускі танец і пеня “Белая Русь”, якую ўсе дружна спявалі разам з Вольгай Сімановіч і Дзмітрыем Салагубам.
На стадыёне працаваў Горад майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе майстры дэманстравалі сваё ўменне ствараць незвычайныя вырабы.
Побач у фальклорным кутку з макетамі сялян-скай хаты, млына, калодзежа і яблыневага сада праходзілі конкурсы “Вясёлка прыпевак”, “Грай, гармонік!”.
Увагу прыцягвала і выстава “Кветкавая фе-ерыя”, кампазіцыі якой былі прысвечаны нашай роднай Беларусі, а лепшым было прызнана пано з кветак, выкананае Тамарай Ліпоўскай.
У дзіцячым гарадку “Светлафорыч запрашае сяброў” праводзіліся рухомыя гульні. Масу станоўчых эмоцый у дзятвы выклікала прадстаўленне цырка “Сірыус” з экзатычнымі жывёлінамі.
Праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы: спаборніцтвы па шашках, падняцці гіры, перацягванні каната, дартсе, адбыўся матч па футболе.
Працавалі гандлёвыя палаткі, кіраўчане і госці спаўна выкарыстоўвалі магчымасць добра адпачыць у гэты дзень. Як і ў святочны дзень 3 ліпеня. У гарадскім парку ля фантана дзеці і бацькі прымалі ўдзел у забаўляльных праграмах “Уікенд даўжынёю ў лета” і “Ці то людзі, ці то лялькі”. А ўвечары жыхары горада і раёна, госці сабраліся на плошчы імя Кірава, дзе на імправізаванай сцэне адбыўся святочны канцэрт: сваю праграму, па традыцыі, прадставілі гледачам народны духавы аркестр “Фанфары Кіраўска” пад кіраўніцтвам Аляксандра Хадакова і салісты аркестра, а таксама выступілі іншыя выканаўцы.
Усе прысутныя прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Спяём гімн разам”: кіраўніцтва раёна, лепшыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, кіраўчане і госці горада спявалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь разам з усёй краінай. А затым неба над Кіраўскам расквеціў святочны фейерверк. Потым “и стар, и млад» дружна адплясвалі на дыскатэцы, частаваліся смачнасцямі, якія прапаноўваў вулічны гандаль.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.