Лазня будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням

Будынак новай гарадской лазні, якая ўзводзіцца на месцы старой, ужо паступова набывае прыгожы чарапічны дах і, думаецца, у цэлым радуе вока сваім цікавым праектам і самавітым выглядам.
Нагадаем, што лазня будуецца за кошт сродкаў абласнога бюджэту, выдаткоўваемых у адпаведнасці з абласной інвестыцыйнай праграмай. Агульны кошт будаўніцтва — 5,5 млрд. рублёў. Генпадрадчыкам з’яўляецца ПМК-255.
Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Нявінскі, на гэты час на будаўніцтве асвоена больш 60% сродкаў. Выкананы асноўныя віды работ: узведзены сцены, вядзецца пракладка інжынерных сетак і камунікацый, пачалася ўнутраная аддзелка памяшканняў, уладкаванне падлогі.
Думаецца, не лішнім будзе нагадаць кіраўчанам аб тым, што будзе размешчана ў новым будынку. Зразумела, мужчынскае і жаночае аддзяленні — увогуле на 50 памывачных месц, у кожным з іх — невялікі басейн і па два парыльныя аддзяленні. Чаму па два? Тут будуць устаноўлены электракаменныя печы, у мэтах эканоміі электраэнергіі парылкі будуць выкарыстоўвацца ў залежнасці ад колькасці наведвальнікаў: ці адна, ці дзве разам.
У крыле будынка, пабудаваным уздоўж вул.Савецкай, размесціцца саўна з максімальнай умяшчальнасцю 18 чалавек. Яна будзе існаваць аўтаномна ад лазні: у саўне будуць свае каса, зала чакання, пакой адпачынку.
Графік работы лазні будзе звычайным: пятніца, субота, нядзеля, а саўну мяркуецца “запусціць” на кожны дзень, акрамя панядзелка.
У новым будынку размесцяцца буфет, цырульня.
Як адзначыў Вячаслаў Нявінскі, пры наяўнасці дастатковага фінансавання гарадскую лазню плануецца здаць у эксплуатацыю ў кастрычніку.
Будзем спадзявацца, што недалёкі той час, калі ў сценах новага, дыхтоўнага будынка загучыць: “З лёгкай парай!”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.