Лепшы інспектар вобласці

Па выніках работы за мінулы год старшы інспектар 1 класа інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Сідараў прызнаны лепшым дзяржаўным інспектарам пажарнага нагляду ў Магілёўскай вобласці. Абышоўшы сваіх калег у вобласці, Вячаслаў паспрабаваў свае сілы і ў рэспубліканскім спаборніцтве, па выніках якога заняў трэцюю пазіцыю сярод лідараў.
— Яшчэ школьнікам, а вучыўся я ў Стайках, дзе нарадзіўся і рос, — расказвае Вячаслаў, — вырашыў, што стану пажарным. Вельмі хацелася выратоўваць людзей, дапамагаць ім. Для павышэння адукацыі працягваў вучобу ў абласным ліцэі №5 г.Быхава, а калі паступіў на навучанне ў Мінскі камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, зразумеў, што трагедыі лягчэй папярэджваць, чым потым ліквідаваць. Прафілактыка пажараў, ранняе выяўленне парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі — тое, чым я зараз займаюся, вельмі важна, таму павышаў адукацыю менавіта ў гэтай галіне.
За час вучобы ў ВНУ Вячаслаў Сідараў набраў высокі сярэдні бал атэстата, што дазволіла яму самастойна выбіраць месца будучай работы і, вядома ж, юнак выбраў родны раён.
У раённай інспекцыі дзяржпажнагляду Вячаслаў Сідараў працуе пяць год, ён адзначае, што за гэты час ніколькі не пашкадаваў, што абраў для сябе гэтую прафесію, лічыць, што галоўнае ў іх справе — мець моцнае здароўе, цярплівасць і надзейныя тылы.
— Пасля цяжкай напружанай працы вельмі важна знаходзіць падтрымку і разуменне ў сям’і. Удзячны лёсу, што падараваў мне не толькі высакародную прафесію, але і цудоўную сям’ю. Кожны вечар, вяртаючыся з работы, з нецярпеннем чакаю сустрэчы са сваёй дарагой жонкай Людмілай і дачкой Ганнай, якой тры з паловай года.
Дарэчы, Вячаслаў расказаў, што яго дачцы вельмі падабаецца бываць у таты на рабоце, а запалкі яна не бярэ ўжо з гадавалага ўзросту, разумее, што яны тояць у сабе вялікую небяспеку. Гэтаму дзяўчынку навучыў тата.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.