Па пытаннях арганізацыі і правядзення парламенцкіх выбараў

17 ліпеня ў зале пасяджэнняў Магілёўскага аблвыканкама адбылася нарада па пытаннях арганізацыі і правядзення ў нашай краіне парламенцкіх выбараў, якую правяла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына з прадстаўнікамі акруговых выбарчых камісій, намеснікамі старшынь гаррайвыканкамаў, начальнікамі аддзелаў ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай работы, кіраўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Удзел у нарадзе прынялі старшыня аблвыканкама Пётр Руднік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка.
Лідзія Ярмошына падрабязна спынілася на асаблівасцях стартаваўшай выбарчай кампаніі. Яна адзначыла, што першы этап — утварэнне акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання прайшоў бездакорна. 15 ліпеня распачаўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, які працягнецца да 13 жніўня.
Старшыня Цэнтрвыбаркама падкрэсліла, што ў нашай краіне стабільнае выбарчае заканадаўства, маецца сістэма работы. Падчас гэтай выбарчай кампаніі ўпершыню будуць апрабаваны змены ў выбарчым заканадаўстве, якія прымаліся ў 2010 годзе. У прыватнасці, кандыдаты ў дэпутаты атрымаюць магчымасць удзельнічаць у дэбатах на тэлебачанні і радыё. У сувязі з гэтым Лідзія Ярмошына рэкамендавала СМІ перад правядзеннем тэле- і радыёдэбатаў загадзя сабраць пытанні выбаршчыкаў да кандыдатаў у дэпутаты — менавіта гэтыя пытанні, зразумела, у рамках разумнага, і павінны задавацца ўдзельнікам дэбатаў. Трэба абавязкова ўлічыць грамадскую думку, заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама, і тое, што дэбаты будуць праходзіць па выбарчых акругах, а не цалкам па вобласці.
Лідзія Ярмошына падкрэсліла галоўную задачу — зрабіць выбары свабоднымі, справядлівымі і альтэрнатыўнымі.
Было адзначана, што акруговыя выбарчыя камісіі нацэлены на поўную адкрытасць і празрыстасць сваёй дзейнасці з улікам патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Цэнтрвыбаркамам падрыхтаваны неабходныя метадычныя тлумачэнні для акруговых і ўчастковых выбарчых камісій па выкарыстанні выбарчага заканадаўства.
Старшыня аблвыканкама Пётр Руднік выказаў упэўненасць у тым, што адказная палітычная кампанія — парламенцкія выбары — у Магілёўскай вобласці прой-дзе на самым высокім узроўні, у адпаведнасці з заканадаўствам.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.