«Сухіх рукавоў» і моцнага здароўя!

Напярэдадні прафесійнага свята людзей, якія звязалі свой лёс з высакароднай справай — барацьбой з вогненнай стыхіяй, адбылася наша размова з галоўным пажарным Кіраўшчыны — начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, капітанам унутранай службы Дзмітрыем РОШЧЫНЫМ:
— Сёлета пажарныя Беларусі, у тым ліку і калектыў нашага райаддзела, адзначаюць 159-ю гадавіну ўтварэння пажарнай службы менавіта ў сучасным выглядзе. Дагэтуль існавалі добраахвотныя пажарныя дружыны. 25 ліпеня 1853 года імператар Расійскай імперыі падпісаў Указ аб утварэнні ў гарадах пажарных каманд, з гэтага часу і вядзе адлік гісторыя нашай службы.
Раней пажарная служба ўяўляла сабой групы людзей-добраахвотнікаў, якія тушылі ўзгаранні прымітыўнымі сродкамі. Замест пажарных аўтамабіляў чырвонага колеру з сінімі “мігалкамі”, як зараз, ездзілі выратавальнікі на конях, а ваду вазілі ў вялізных дубовых бочках, пры тушэнні полымя карысталіся ручнымі помпамі. Цікава, што ў даўнія часіны амаль усе пажарныя былі вусатымі, вусы выкарыстоўвалі ў якасці процівагазаў: затыкалі імі ноздры, калі змагаліся з дымавой завесай, каб прадукты гарэння не траплялі ў арганізм.
З часам наша служба развівалася, і вось зараз акрамя барацьбы з агнём мы можам вырашаць даволі шырокі спектр задач: ліквідаваць вынікі дарожна-транспартных здарэнняў, выратоўваць людзей на вадзе, разбіраць завалы і шукаць пад імі пацярпеўшых.
Варта адзначыць, што многія грамадзяне, на жаль, не разумеюць асабістай адказнасці за жыццё і здароўе сваё і блізкіх, спадзяюцца на шчаслівы выпадак. Пажары ў кватэрах і домаўладаннях у 95% адбываюцца з-за абыякавасці саміх гаспадароў. У 85% выпадкаў людзі гінуць па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём у нецвярозым стане. Зыходзячы з асабістага вопыту, канстатую, што паўплываць на свядомасць абыякавых да свайго жыцця людзей вельмі складана, аднак, тым не менш, мы змагаемся за жыццё кожнага. На жаль, сёлета ў нашым раёне ахвярамі агню сталі 7 чалавек, у асноўным гэта адзінока пражываючыя пенсіянеры і грамадзяне, злоўжываючыя спіртным, у большасці выпадкаў — жыхары Любоніцкага сельсавета. У рабоце па прафілактыцы пажараў з’ядналіся многія службы раёна — упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзел адукацыі, РАУС, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў і многія іншыя. Працуем мы актыўна, на мой погляд, плённа. Падтрымлівае ў гэтым раённая ўлада: так, сёлета з раённага бюджэту на па-трэбы пажарнай бяспекі было выдзелена 150 мільёнаў рублёў, гэта больш чым удвая ад раней запланаванага.
Задача №1 — не дапусціць гібелі дзяцей на пажарах. Супрацоўнікі РАНС разам з адказнымі работнікамі іншых службаў вельмі скрупулёзна правяраюць домаўладанні і ўмовы пражывання непаўналетніх жыхароў раёна, у выпадку, калі яны не адпавядаюць нормам і патрабаванням пажарнай бяспекі, дзяцей ізалююць з такіх дамоў, спачатку часова, а калі бацькі так і не зразумеюць, што жыццё іх крывіначак даражэй за ўсё астатняе, то назаўсёды. Сёлета такія мерапрыемствы былі праведзены намі ў адносінах 5 дзяцей. Менавіта пяцёра малалетніх жыхароў Магілёўскай вобласці ўжо ніколі не стануць дарослымі, бо сёлета сталі ахвярамі агню, у большасці выпадкаў з-за памылак дарослых, ужо непапраўных.
Карыстаючыся выпадкам, хочацца ў чарговы раз звярнуцца да чытачоў “Кіраўца” з просьбай берагчы сябе і сваіх блізкіх, паверце, бачыць гора, хоць і чужое, таксама цяжка, як і перажываць яго. Байцы райаддзела па надзвычайных сітуацыях заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і зрабіць усё магчымае, каб выратаваць вам жыццё і маёмасць, але, на вялікі жаль, не ўсё нам па сілах…
Ну а калегам, напярэдадні прафесійнага свята пажадаю моцнага здароўя і, па нашай пажарнай традыцыі, — “сухіх рукавоў”!
Падрыхтавала
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.