Свята ў «Рассвеце»

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 68-й гадавіны ўтварэння гаспадаркі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага распачаліся са спартыўных спаборніцтваў на стадыёне, найбольш відові-шчным з якіх быў пляжны валейбол. Удзельнічалі ў гульнях 9 каманд. Перамогу святкавалі Кірыл Сцерлінгаў і Мікалай Бяляўскі, на другім месцы — змешаная каманда ў саставе Валерыі Жданавай і Сяргея Падружага, а замкнулі тройку прызёраў Уладзіслаў Глазоўскі і Яўген Манько. Апошні, дарэчы, быў лепшым у скачках са скакалкай. Вось што значыць трымаць сябе ў спартыўнай форме! Жадаючыя таксама мелі магчымасць праявіць свае здольнасці ў падняцці гіры (тут лепшым быў Кірыл Елісеенка), дартсе, дзе самым трапным аказаўся Андрэй Бяляўскі.
Тым часам на прылягаючай да пляцоўкі перад сельскім Домам культуры — месцы асноўных дзеянняў свята — вуліцы разгарнулі сваю работу гандлёвыя рады, забаўляльныя атракцыёны для дзяцей. І пакуль малыя бавілі час у гульнях, дарослыя мелі магчымасць адпачыць за столікамі, папіць ахалоджваючых напіткаў, пакаштаваць духмянага шашлыку, паласавацца марожаным і пірожнымі, набыць агародніну і жывую рыбу, сувеніры. Арганізатары свята паклапаціліся, каб усім было дастаткова месца.
Вялікі інтарэс у прысутных выклікала фотавыстава пад агульнай назвай “Вёска мая: погляд праз аб’ектыў”, асабліва блок, на якім былі прадстаўлены чорна-белыя архіўныя здымкі, якія не ўвайшлі ў музейную экспазіцыю. Многія знаходзілі на іх сваіх знаёмых, бацькоў, калі тыя былі маладымі. Аўтары лепшых фотаработ былі адзначаны падчас ўрачыстай часткі свята. Сярод намінантаў: Эма Бяляўская і Ларыса Цімафеева, Наталля Русак і Ларыса Русанава, Жанна Іваніцкая і Аксана Цітова, Алеся Церахава і Наталля Баршчова.
Асноўнае святочнае дзеянне пачалося а сёмай гадзіне вечара, калі крыху адышла спякота. У афіцыйным блоку урачыстасцей, прысвечаным чарговай гадавіне ўтварэння гаспадаркі, прысутных вітаў старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель. Ён адзначыў важкі ўклад кожнага ў агульную скарбонку працоўных поспехаў гаспадаркі. А таксама падкрэсліў важнасць і значнасць еднасці рассветаўскага мікрасоцыуму ў стварэнні спрыяльных умоў для жыцця і плённай працы, умацавання сацыяльнага партнёрства, заснаванага на шанаванні традыцый і актыўным укаранненні тэхналагічных навінак, гонару якаснай працы і выхавання ў моладзі пачуцця гордасці за сваю малую радзіму. І ў гэтай шмат-граннай дзейнасці важныя ўсе складаемыя: вытворчасць, ахова і ўмацаванне здароўя насельніцтва, адукацыя, культура, духоўнасць.
Па ўсіх пазіцыях былі вызначаны намінацыі і пераможцы ў іх, якім ва ўрачыстай атмасферы свята ўручылі памятныя знакі ў выглядзе зоркі ў аздабленні арыгінальнай рамачкі, падрыхтаваныя сумесна з Мышкавіцкім сельвыканкамам, і падарункі ад праўлення і прафкама СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Такія зоркі, у прыватнасці, атрымалі старшыня гаспадаркі Аляксандр Багель і галоўныя спецыялісты, загадчыкі мясцовых ФАПа — Святлана Юркавец, сельскай бібліятэкі — Эма Бяляўская, дырэктары Мышкавіцкіх СШ — Вера Гаўрылава, дзіцячай школы мастацтваў — Уладзімір Барэйша, СДК —Вера Даноўская, настаяцель Свята-Троіцкага храма айцец Аляксей, былі ўшанаваны брыльянтавыя юбіляры муж і жонка Рыгор Пятровіч і Надзея Сцяпанаўна Юшкевічы, маладажоны Галіна і Сяргей Палазковы, мнагадзетныя сем’і, пераможцы раённага этапу абласной акцыі, прысвечанай Дню сям’і, Петрусёвы і Лешчык, самы юны жыхар а/г Мышкавічы Савелій Санькоў і яго бацькі, пераможцы спартыўных і творчых конкурсаў.
Для жадаючых пагля-дзець святочную канцэртную праграму былі ўстаноўлены лавы, а складалася яна з двух вялікіх блокаў: народнага, у якім сваё майстэрства дэманстравалі самадзейныя артысты, і эстраднага з удзелам запрошаных на свята зорак беларускай эстрады: гуртоў “Тяни Толкай”, “Пиво вдвоем”, “Черри Леди”, “Проспект” і інш. Шэраг сваіх новых кампазіцый паказаў харэаграфічны калектыў “Вера”, які выступаў і ў сольных нумарах, і ў якасці падтанцоўкі сталічным “зоркам”.
Заключным акордам святочнага дня сталаі відовішчнае агнявое прадстаўленне і фейерверк.
Фота Анастасіі АЎСЯНІК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.