У добры шлях, працоўны семестр-2012!

У пятніцу на базе Жыліцкага сельгаскаледжа адбылося ўрачыстае адкрыццё працоўнага семестра — 2012: 10 будаўнічых атрадаў з ліку навучэнцаў сельгаскаледжа, ліцэя №15 і Бабруйскага будаўнічага каледжа на працягу месяца будуць задзейнічаны на будаўніцтве і рэканструкцыі малочна-таварных фермаў на тэрыторыі нашага раёна.
З ліку навучэнцаў Жыліцкага сельгаскаледжа сфарміравана 7 працоўных атрадаў. У пачатку ўрачыстасці камандзіру аднаго з іх Максіму Сядых было прадастаўлена ганаровае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь.
Юнакоў і дзяўчат, якія ўжо ўчора з самага ранку накіраваліся на месцы дыслакацыі, віталі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Гіраеўскі і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алена Осіпава (на здымку).
— За час свайго існавання будатрады дапамаглі сотням тысяч маладых людзей раскрыць свае лідарскія якасці, набыць прафесійныя навыкі, — адзначыў у сваёй прамове Дзмітрый Гіраеўскі. — Работа ў будатрадах дапаможа нашым рабятам унесці значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчага комплексу Кіраўшчыны.
Алена Осіпава дадала, што ў апошні час усё больш і больш маладых людзей выказваюць жаданне працаўладкавацца падчас летніх канікул. Так, летась у нашым раёне дзейнічала 6 атрадаў, на аплачваемых работах было занята каля 60 чалавек, сёлета ж маюць магчымасць атрымаць сваю першую зарплату180 навучэнцаў.
Пажаданні і слушныя парады будатрадаўцы прымалі ад намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Гаршковай, кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, на базе якіх будзе шчыраваць моладзь.
Дырэктар Жыліцкага сельгаскаледжа Уладзімір Белы выказаў упэўненасць, што будатрады іх установы якасна і ў тэрмін справяцца з пастаўленымі задачамі, бо вопыт працы і жыцця ў працоўных атрадах у іх ужо маецца: жыліцкія навучэнцы шчыравалі ў Польшчы; былі задзейнічаны на будработах у Бабруйску пры падрыхтоўцы да свята “Дажынкі” і інш.
Настаяцель Жыліцкага храма ў гонар Ражства Прасвятой Багародзіцы пратаіерэй Міхаіл Пракоф’еў прачытаў малітву на пачатак добрай справы і акрапіў будатрадаўцаў святой вадой.
Жыццёвай практыкай падмечана, што ўдзел у будатрадаўскім руху дапамагае моладзі ўвайсці ў дарослае працоўнае жыццё прафесійна і маральна падрыхтаванымі. Даючы наказ на пачатак працоўнага семестра, госці ўрачыстасці пажадалі, каб усе чаканні юнакоў і дзяўчат збыліся! Няхай жа час, праведзены ў будатрадах, стане для яго юных байцоў незабыўным, напоўненым прыемнымі эмоцыямі. У добры шлях, працоўны семестр — 2012!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.