Хлеб — усяму галава: у полі, доме, дзяржаве!

На пачатку гэтага тыдня адбылося раённае свята “Зажынкі”, якое дало старт жніву-2012, адказнай пары ў жыцці хлебаробаў і ўсіх, хто мае дачыненне да сялянскай працы і шчыра шануе яе.
Н а хлебнай ніве СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага за аграгарадком Мышкавічы выстраіліся магутныя камбайны, побач — рассветаўскія збожжаўбарачныя экіпажы. Сюды прыбылі дэлегацыі ўсіх гаспадарак раёна на чале з кіраўнікамі, госці.
На святочна ўпрыгожанай пляцоўцы дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уславілі хлеб, які ў народзе называюць самай першай святыняй.
Прысутных вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён паведаміў, што на гэты дзень у раёне завершана ўборка рапсу і намалочана больш 8 тысяч тон — такі ўраджай масланасення рапсу на Кіраўшчыне атрыманы ўпершыню! Гэта чарговы значны рубеж, дасягнуты працаўнікамі раёна, заўважыў Уладзімір Уладзіміравіч. І адзначыў, што на наступны дзень, 24 ліпеня, поўным ходам можам прыступаць да ўборкі збожжавых, як і была пастаўлена задача губернатарам Пятром Руднікам на абласной селектарнай нарадзе, адбыўшайся якраз у панядзелак, напярэдадні нашых “Зажынак”.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, да ўборкі ўраджаю раён сур’ёзна падрыхтаваўся. Своечасова была адрамантавана тэхніка, падрыхтаваны зернесушыльная, складская і вагавая гаспадаркі, укам-плектаваны экіпажы камбайнаў — па ўсіх напрамках добрасумленна папрацавалі адказныя людзі. “І гэта правільна, — адобрыў Уладзімір Піскіжаў, — бо бягучы год для Магілёўскай вобласці, для Кіраўскага раёна — вельмі адказны, перш за ўсё, таму, што ў Горацкім раёне будзе праходзіць рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, і Магілёўшчына, будучы гаспадаром свята, павінна дастойна прыняць прадстаўнікоў з усёй рэспублікі, дасягнуць дастойнага рэзультата па выніках уборачнай кампаніі, і свой важкі ўклад у агульны абласны каравай трэба ўнесці працаўнікам нашага раёна”.
Па ацэнках спецыялістаў, заўважыў старшыня райвыканкама, на палях Кіраўшчыны паспеў нядрэнны хлеб. Неабходна дастаткова сур’ёзна папрацаваць, каб не толькі атрымаць леташні намалот — 83 тысячы тон збожжавых, зернебабовых культур разам з кукурузай з тэмпам росту да ўзроўню 2010 года — 169%, які стаў своеасаблівым рэкордам для раёна, але і пастарацца пераўзысці гэты рэзультат!
Уборку хлеба намечана правесці за 16, максімум 18 дзён пры спрыяльным надвор’і.
Уладзімір Піскіжаў павіншаваў усіх з пачаткам жніва і пажадаў плённай працы і багатага ўраджаю.
Аб гатоўнасці сельгасарганізацый да ўборачнай кампаніі далажылі старшыні райвыканкама іх кіраўнікі.
…Са старажытных часін на зажынкі сяляне накіроўваліся раніцай да ўсходу сонца або надвячоркам, а самую першую жменю каласоў жняя, па звычаю, клала не ў сноп, а асобна на полі побач з хлебам і сырам. Першы сноп лічыўся імянінным. Упрыгожвалі яго кветкамі і стужкамі і з песнямі ўручалі гаспадару…
Гонар зажаць першы сноп на раённым свяце быў прадастаўлены поўнаму кавалеру ордэна Працоўнай Славы Людміле Нічыпараўне Палевіч. А дапамагалі ёй жнеі з сельгаскааператываў раёна. Упрыгожаны першы зажыначны сноп ветэран працы перадала старшыні райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву. А ён, па традыцыі, тройчы падкінуў яго ўверх — каб колас быў высокім, нівы заўсёды радавалі багатым ураджаем! Зажыначныя снапы атрымалі ўсе кіраўнікі гаспадарак з пажаданнямі, каб шляхі-дарогі сёлетняга жніва прывялі на рэспубліканскія “Дажынкі”.
Усім прапанавалі пакаштаваць дары поля — духмяны каравай і хлебны квас, а затым старшыня СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандр Багель даў каманду прыступіць да ўборкі хлеба. Настаяцель храма Святой Жываначальнай Тройцы айцец Аляксей акрапіў святой вадой удзельнікаў жніва, збожжаўборачную тэхніку “дабы працавала без паломак і дабы камбайнерам было камфортна ў ёй працаваць”.
Першую зажыначную паласу было даверана зжаць аднаму з лепшых экіпажаў “Рассвета”—Мікалаю і Андрэю Драздам.
На “Зажынках” былі ў цэнтры ўвагі і іншыя рассветаўскія экіпажы — Івана Салановіча і Максіма Юркаўца, Юрыя Комара і Дзмітрыя Апенькі, Юрыя Каранкевіча і Пятра Мухіна, Міхаіла Вербенкі і Аляксея Юркаўца, Івана і Аляксандра Кавалеўскіх, Аляксандра Бяляўскага і Івана Багеля, Міхаіла Елісеенкі, Аляксандра Міхалькова і Сяргея Фіневіча, Ігара і Івана Рудакоў. На адвозцы збожжавых ад камбайнаў у гаспадарцы задзейнічана 11 вадзіцеляў, 5 з якіх — ва ўзросце да 30 год.
У свяце прымалі ўдзел старшыня райсавета дэпутатаў На-дзея Каранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай Пад’ялоўскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер.
…Камбайну скарылася першая паласа каласоў, за ёй — іншая. Жніво пачалося! У добры шлях, хлебаробы, высокіх вам намалотаў!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма
МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.