Ёсць стымул для стараннай працы!

Актыўнымі тэмпамі вядзецца ў раёне масавая ўборка збожжавых. Пагодныя ліпеньскія дзянькі даюць магчымасць хлебаробам працаваць без прастояў.
У мінулую пятніцу “раёнка” завітала на сельскагаспадарчыя палеткі СВК “Чырвоны баец”. На момант нашага прыезду камбайнеры гаспадаркі шчыравалі за вёскай Полькавічы.
Некалькі хвілін, пакуль чакалі прыезду галоўнага агранома, любаваліся як магутная сельскагаспадарчая тэхніка з лёгкасцю ўразалася ў збожжавы клін, абмалочваючы спелае калоссе. А праз некалькі кругоў камбайна, ззяючы на сонцы, залатым дажджом, зерне сыпалася ў кузаў аўтамабіля. Далейшым шляхах зярняткі пройдуць праз зернесушылку, а потым намалочанае апынецца ў засеках гаспадаркі. Магчыма, вось гэты момант і перапаўняе радасцю сэрцы тых, хто працуе на ўраджай…
Аб тым, як у гаспадарцы праходзіць жніво, мы папрасілі расказаць галоўнага агранома СВК “Чырвоны баец” Аляксея Шаверава:
— Агульная плошча зерневых культур у гаспадарцы — яравых і азімых — складае 1015 га. На жніве ў нас занята 9 камбайнаў, сярэдняя нагрузка на адзінку тэхнікі складае каля 160 га. На адвозцы зерня задзейнічаны 4 аўтамабілі МАЗ з прычэпамі і 2 — ГАЗ-53.
Па становішчу на 27 ліпеня мы поўнасцю завяршылі ўборку азімай пшаніцы і прыступілі да азімага трэцікале. У агульным аб’ёме работ гэта складае 31% , штодзённа ўбіраем ад 8 да 10% плошчаў. Валавы збор складае 1811 т, пры сярэдняй ураджайнасці 57,2 ц/га.
Збожжа, якое паступае з палёў, дзякуючы добраму надвор’ю, амаль сухое, вільготнасць у межах 14-15%. Таму асноўныя работы з зернем на сушылках — ачыстка ад пустазелля.
У сельгаскааператыве працуюць тры зернесушыльныя комплексы, у тым ліку адзін уступіў у строй дзеючых летась. Таму пры намалоце ў 500-600 тон, гэтую колькасць зерня тут практычна за суткі паспяваюць і высушыць, і ачысціць.
На сённяшні дзень гаспадарка поўнасцю ўкамплектавана механізатарскімі кадрамі. Як адзначыў галоўны аграном, людзі, занятыя на жніве, разумеюць усю важнасць і адказнасць па-стаўленай перад імі задачы, а таму працуюць старанна і добрасумленна. Належным стымулам для гэтага да таго ж з’яўляецца дастаткова высокая зарплата, магчыма, адна з лепшых сярод сельгасарганізацый раёна, а таксама магчымасць атрымаць, згодна калектыўнага дагавору, на кожную намалочаную тону па 5 кг зерня. Гэта апроч таго, што яно будзе выдавацца і на кожны зароблены рубель. Забяспечаны ўдзельнікі жніва двухразовым гарачым харчаваннем.
Умовы аплаты, маральнага і матэрыяльнага стымулявання якаснай працы да ўдзельнікаў жніва былі даведзены загадзя, а калі чалавек ведае, за што працуе, то і дадатковага кантролю не трэба. Таму і дысцыпліна ў “Чырвоным байцы” на належным узроўні.
Плённа працуюць не толькі вопытныя камбайнеры і вадзіцелі, але і моладзь. Адным з лепшых у гаспадарцы з’яўляецца маладзёжны экіпаж у саставе камбайнера Андрэя Новіка і яго памочніка Аляксандра Аляхно. Для Андрэя гэта чацвёртае жніво. Малады чалавек вельмі адказна ставіцца да сваёй справы. Сам ён мясцовы, з Полькавіч. Пасля заканчэння школы атрымаў спецыяльнасць трактарыста і вярнуўся ў родную гаспадарку. Кола працоўных абавязкаў Андрэя Новіка вельмі шырокае: вясною ён садзіцца на трактар, займаецца апрацоўкай глебы, удзельнічае ў пасяўной, а ў “гарачыя” дзянькі жніва перасаджваецца на камбайн. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена працай маладога механізатара. Яму разам з жонкай, якая да выхаду ў дэкрэтны адпачынак працавала ў гаспадарцы ветурачом, і двухгадовым сынам выдзелены дыхтоўны дом.
Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Шавераў, у сельгаскааператыве разлічваюць пры спрыяльных пагодных умовах завяршыць уборку зерневых і зернебабовых культур да намечанага тэрміну — 8 жніўня.
Паралельна з ўборачнай у гаспадарцы вя-дзецца нарыхтоўка кармоў з траў другога ўкосу, на парадку дня — сена. Вядуцца таксама работы і па падрыхтоўцы глебы да сяўбы азімых культур.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Яўгеніі КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.