“Ёсць у свеце такі куточак…”

Пад такой назвай у а/г Барчыцы — цэнтральнай сядзібе СВК “Калгас “Беларусь” адзначаліся дзень аграгарадка і свята з нагоды 10-годдзя стварэння сельгаспрадпрыемства.
У календары сямейных урачыстасцей такі юбілей адзначаецца як Дзень руж, а свята ў Барчыцах стала сапраўдным днём падарункаў, віншаванняў, добрага настрою і шчырых сустрэч даўніх сяброў.
Урачыстасці з нагоды юбілею сабралі нямала народу з ліку сённяшніх і былых працаўнікоў гаспадаркі. Сярод ганаровых гасцей — старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня райсавета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, былыя кіраўнікі калгаса імя Калініна, саўгаса “50 год БССР”, даўшых пачатак існаванню сучаснага сельгаспрадпрыемства — СВК “Калгас “Беларусь”, — Валерый Рыжыкаў, Валянцін Стальмацкі, Мікалай Зінкевіч, Віктар Юдэнка. Усіх іх на правах гаспадароў шчыра віталі старшыня сельгаскааператыва Уладзімір Ядчанка і старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Рышкевіч.
Хоць аграгарадку Барчыцы ад “нараджэння” ўсяго 2,5 года, затое вёска Барчыцы мае вялікую і багатую гісторыю, якая налічвае тры стагоддзі.
Першыя насельнікі вёскі раскарчоўвалі навакольны лес, апрацоўвалі глебу. Паступова паселішча павялічвалася. У 1884 годзе ў вёсцы налічвалася 20 двароў і 151 жыхар. Акрамя земляробства сяльчане займаліся вырабам розных бытавых прадметаў з лыку і кары. Вёска расла і багацела. І ўжо ў 1908 годзе тут было 97 двароў, пражывала 387 мужчын, 366 жанчын, якія мелі ва ўласнасці 884 дзесяціны глебы.
Першы калгас на барчыцкай зямлі — “Другая Пяцігодка” быў створаны ў 1931 годзе, узначаліў яго ураджэнец вёскі Павел Міхайлаў, да вайны яго змяніў Якаў Жызнеўскі, які быў забіты ворагамі станаўлення калгаснага ладу. Пахаваны ён на мясцовых могілках.
Вайна падзяліла жыццё вяскоўцаў на даваенны час і ваеннае ліхалецце, на фронт і тыл. А тыл — гэта жанчыны, старыя і дзеці. Яны мужна пераносілі ўсе цяжкасці гітлераўскай акупацыі. З франтоў Вялікай Айчыннай вайны не вярнуліся ў родную вёску 176 яе сыноў і дачок…
Пасляваенную гаспадарку ў Барчыцах узначаліў Апанас Лізуноў, потым кіраўнікамі калгаса былі Кірыла Васільеў, Ляон Гаўрыленка, Антон Кротаў, Пётр Каралёў, Фёдар Сальнікаў. Гэты быў складаны час.
З пачатку 60-х старшынямі калгаса ў Барчыцах выбіраліся Рыгор Костка, Галіна Аўчыннікава, Пётр Шашанка, які пазней узначальваў Кіраўскі раённы выканаўчы камітэт.
Калгасы трох суседніх вёсак — Барчыцы, Глыбокавічы і Кісцяні аб’ядналіся ў адзіную гаспадарку — калгас імя Калініна, які ў гэтым статусе праіснаваў да 1978 года, калі ўвайшоў у склад ка-лгаса “Камуніст” з цэн-тральнай сядзібай у в.Добасна. У 1983-м барчыцкі калгас зноў стаў асобнай сельскагаспадарчай адзінкай. Узначальвалі яго ў гэты перыяд Валерый Рыжыкаў, Васіль Дзятлаў, Уладзімір Кірычэнка, Валянцін Стальмацкі, Аляксандр Аўсянік.
У 2002 годзе калгас імя Калініна ўвайшоў у састаў калгаса “Беларусь”, які быў створаны ў 1969 годзе і першапачаткова называўся “50 год БССР”. Яго першым старшынёй быў Аляксандр Глаз. У 1991 годзе гаспадарка была перайменавана ў калгас “Беларусь”, а узначаліў яе Аляксандр Гіраеўскі. У 2002 годзе аб’яднаны калгас “Беларусь” быў рэарганізаваны ў СВК “Калгас “Беларусь”, а яго старшынёй выбраны Уладзімір Ядчанка.
За 10 гадоў гаспадаркай і яе працаўнікамі зроблена нямала. Дынамічна развіваецца вытворчая база гаспадаркі, сацыяльна-абслугоўваючая сфера аграгарадка і навакольных вёсак. Дзякуючы ўзважанаму кіраўніцтву, плённай працы кожнага на сваім участку сельгаспрадпрыемствам дасягнуты значныя і высокія вынікі па асобных паказчыках. Гэта, вітаючы прысутных, падкрэсліў у сваёй прамове старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. Ён пажадаў сяльчанам далейшага руху наперад, росту дабрабыту, новых працоўных поспехаў і здабыткаў.
У праграме свята было шмат музычных віншаванняў, падрыхтаваных самадзейнымі артыстамі і, як і належыць на імянінах, — шмат падарункаў і добрых пажаданняў.
На сцэну для ўшанавання пачаргова запрашаліся прысутныя на свяце былыя кіраўнікі гаспадаркі, перадавікі вытворчасці, сярод якіх Ганна Фядотава, Святлана Пацёмкіна, Наталля Карповіч, Генадзь Волас, Рыгор Сцяпанаў, Кацярына і Сяргей Шчэрбічы, Аляксей Сцепаненка, Іван Гутараў, Яўген Скрыпуноў, Леанід Арцёмаў, а таксама сямейныя пары, адзначыўшыя “залатое” вяселле — Людміла і Пётр Шчэрбічы, “сярэбранае” — Сяргей і Святлана Пацёмкіны, Мікалай і Валянціна Глушаковы, маладажоны Таццяна і Руслан Ядчанкі.
Не абышлі ўвагай арганізатары свята ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: М.А.Мацвеенку, Ф.Г.Пацёмкіна, Р.А.Кандрацьева, В.С.Пракоф’еву, У.К. Міхалапа, многія з якіх не змаглі па стану здароўя асабіста прысутнічаць на ўрачыстасцях, але віншаванні і падарункі ім былі перададзены.
Вялікай групе сяльчан, адпрацаваўшых у гаспадарцы 10, 20 і 30 гадоў, падарункі ад праўлення сельгаспрадпрыемства былі ўручаны прама ў імправізаванай глядзельнай зале.
Асаблівых слоў удзячнасці былі ўдастоены прадстаўнікі сямейнай дынастыі Пацёмкіных, якія працуюць у жывёлагадоўлі. Наогул, тэма пераемнасці, спадчыннасці — вялікая і важная ў жыцці сяла. А таму на свяце ўшаноўваліся мнагадзетная сям’я Кацярыны і Аляксандра Шчэрбічаў, самы юны жыхар Барчыц Уладзімір Вяроўкін і яго бацькі.
Віншаванні і падарункі з нагоды юбілею прымалі прадстаўнікі сацыяльна-абслугоўваючай сферы: былы дырэктар Барчыцкага ДССШ Вольга Дзям’янава і яго цяперашні кіраўнік Аркадзь Літвінка, загадчыкі Барчыцкага і Хвайніцкага ФАПаў Вера Костка і Алена Слабукова, дырэктар Барчыцкага СДК Алена Шакарава, загадчыкі Хвайніцкага СК — Надзея Заварніцына, аддзялення паштовай сувязі — Людміла Лізунова, магазіна — Святлана Сідарэнка.
Былі падведзены вынікі аб’яўленых напярэдадні конкурсаў і прайшоўшых падчас свята выстаў. Лепшымі домаўладальнікамі прызнаны Вера і Міхаіл Стаўровы, кветкаводамі — Вольга Буднікава і Наталля Семенчукова, гаспадарамі асабістай падсобнай гаспадаркі — Галіна і Віктар Зайцавы, майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — Ніна Рудзянкова, Алена Сцяпанава, Міка- лай Юр’еў і Наталля Шчэрбіч, кулінарамі — Валянціна Ядчанка, Святлана Акуліч і Таццяна Зайцава, складальнікам кветкавых кампазіцый — Іна Глушакова.
Доўга яшчэ са школьнага двара, дзе праходзіла свята, не разыходзіліся людзі, гучала музыка.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.