Здабыткі і дасягненні кіраўскіх кааператараў

Урачыстасці з на годы прафесійнага свята кааператараў прайшлі ў мінулую суботу ў раённым Доме культуры. Святочны канцэрт распачаўся гімнам спажывецкай кааперацыі ў выкананні ўсіх, хто звязаў свой лёс з гэтай важнай і патрэбнай прафесіяй.
Ужо ў пачатку мера-прыемства адчулася, што пройдзе яно ў прыемнай, а, магчыма, і па-сямейнаму цёплай атмасферы. Так і атрымалася! Паспяховыя вынікі агульнай работы кааператараў Кіраўшчыны сталі таму трывалай падставай. Дзякуючы ініцыятыве, прадпрымальнасці і прафесіяналізму, калектыў райспажыўтаварыства зрабіў важкія крокі да значных дасягненняў у плане фінансавай стабільнасці, росту аб’ёмаў дзейнасці, укаранення перадавых метадаў работы, будаўніцтва і рэканструкцыі матэрыяльна-тэхнічнай базы. Летась забяспечана выкананне па 9 з 11 даведзеных прагнозных паказчыкаў развіцця, атрымана 4,6 млрд. рублёў чыстага прыбытку, поўнасцю адноўлены недахоп уласных абаротных сродкаў.
Па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за мінулы год, дарэчы, як і за 2010-ты, райспажыўтаварыства заняло 2 месца ў сістэмах Магілёўскага аблспажыўсаюза і Белкаапсаюза.
Грамадскае харчаванне райспажыўтаварыства на працягу шэрагу гадоў лідзіруе на Магілёўшчыне па аб’ёме рознічнага тавараабароту і ўваходзіць у пяцёрку лепшых па вытворчасці ўласнай прадукцыі. Не застаецца ў баку і нарыхтоўчая галіна. Яна — на другой пры-ступцы лідараў па аб’ёмах закупак ад насельніцтва і рэалізацыі нарыхтаванай прадукцыі. У сістэме Белкаапсаюза нашы кааператары — першыя па нарыхтоўцы лому чорнага металу на 1 вяскоўца.
У чарговы раз хлебабулачная прадукцыя і кандытарскія вырабы райспажыўтаварыства былі ад-значаны залатым і сярэбраным медалямі рэспублікан-скага агляду якасці.
Гэтыя паказчыкі — не ў полі зроку звычайных спажыўцоў прадукцыі і паслуг райспажыўтаварыства, аднак тое, што яно як ні адна іншая арганізацыя шырока прысутнічае і эфектыўна дзейнічае на тэрыторыі раёна, — факт відавочны. Гандлёвая сетка ахоплівае ўсе населеныя пункты, большасць культурна-масавых мерапрыемстваў суправаджаецца гандлем і грамадскім харчаваннем. Дзякуючы сваёй неабыякавай пазіцыі, па выніках работы за 2011 год калектыў райспажыўтаварыства заняў 2 месца ў раённым спаборніцтве за актыўны ўдзел у грамадска-па-літычным жыцці Кіраўшчыны, а ў спаборніцтве на лепшае добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый стаў лідарам.
Вядома ж, жыццё калектыву кааператараў складаецца не толькі з поспехаў і дасягненняў, ёсць і праблемныя пытанні. Кіраўніцтва таварыства адзначае, што бягучы год пачаўся няпроста. Працуючы ў жорсткай канкурэнцыі з магазінам “Еўраопт”, прыкладаючы значныя намаганні для прыцягнення пакупнікоў у гандлёвую кропку шляхам зніжэння цэн, правядзення акцый, раённым кааператарам па выніках работы за 5 месяцаў не ўдалося забяспечыць станоўчую дынаміку па росце тавараабароту рознічнай сеткі і грамадскага харчавання. Вырашаць гэтае пытанне будуць шляхам адкрыцця новых гандлёвых аб’ектаў. Ужо ў ліпені на другім паверсе ўніверсама “Цэнтральны” адкрыецца новы магазін-дыскаўнтэр. У суседнім Бабруйску паспяхова працуе 6 гандлёвых прадпрыемстваў Кіраўскага райспажыўтаварыства, 4 з якіх адкрыты сёлета.
Лепшых прадстаўнікоў, а таксама ветэранаў раённай спажыўкааперацыі шчыра віталі падчас ўрачыстасці.
Ганаровы госць — старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў пажадаў, каб у кожным магазіне раёна прадаўцы заўсёды віталі пакупнікоў сваімі прыемнымі і шчырымі ўсмешкамі, каб раённыя кааператары Кіраўшчыны з года ў год займалі лідзіруючыя пазіцыі ў сістэмах Магілёўскага аблспажыўсаюза і Белкаапсаюза. А для гэтага Уладзімір Уладзіміравіч параіў кааператарам карыстацца дэвізам нашага раёна: “Не для сябе, не для іншых, а з усімі, і для ўсіх!”.
Вадзіцелю Юрыю Шапоткіну за паспяховыя працоўныя дасягненні Уладзімір Піскіжаў уручыў Ганаровую грамату райвыканкама, а прадаўцу магазіна а/г Барчыцы Людміле Ермалаевай — каштоўны падарунак.
І гэта было толькі пачаткам прыемных момантаў. Вядучыя агучылі, што першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Святлана Сарока ўзнагароджана Ганаровай граматай Белкаапсаюза, пекар-майстар Лідзія Максіменка — Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама.
Дарэчы, з абласнога цэнтра з ганаровай місіяй на ўрачыстасць завітала намеснік старшыні праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Ніна Лындова. Яна падзякавала кіраўскім кааператарам за добрасумленную працу, дзякуючы якой папаўняецца капілка дасягненняў аблспажыўсаюза, а таксама ўручыла заслужаныя ўзнагароды кандытару Алене Палянскай — Ганаровую грамату і нарыхтоўшчыцы Любові Гацырыдзэ — Падзячны ліст.
Шэраг узнагарод уручыла Святлана Сарока разам са старшынёй прафкама Таццянай Акушэвіч: Ганаровыя граматы райспажыўтаварыства ў сувязі з 30-годдзем работы ў спажывецкай кааперацыі атрымалі Алена Дземідовіч, Святлана Васільева, Ніна Лазаковіч, Людміла Хархалёва, Алена Іваніцкая; 20-годдзем работы — Наталля Маскалёва, Наталля Назарава, Кацярына Вароніч, Сяргей Рублеўскі і Любоў Бяляўская.
Ганаровымі граматамі, Падзячнымі лістамі і кветкамі былі адзначаны і іншыя лепшыя з лепшых кааператары, а таксама маладыя спецыялісты і, вядома ж, ветэраны. У якасці падарункаў іх жа калегі падрыхтавалі музычныя і танцавальныя кампазіцыі. Асабліва гучныя апладысменты адрасаваліся самай маленькай удзельніцы святочнага канцэрта з сям’і патомных кааператараў — Вераніцы Русанавай, а таксама Аліне Прылепа і іншым самадзейным артыстам.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.