Кіраўчане — пераможцы алімпіяды

На працягу двух жнівеньскіх дзён у Бабруйску праходзіў юбілейны — пяты фестываль здароўя і творчасці для людзей з інваліднасцю “Кропелькі дабрыні ў моры здароўя”. Каманда аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў трэці раз прыняла актыўны ўдзел у святочным марафоне. Па выніках спаборніцтваў, у якіх за першынство змагаліся больш за 100 чалавек з каманд нашага, Бабруйскага, Клічаўскага, Магілёўскага раёнаў, Ленінскага і Першамайскага раёнаў Бабруйска, Каменскага дома-інтэрната, перамогу ў спартыўнай алімпіядзе заваявалі менавіта кіраўскія рабяты.
Рыхтуючыся да конкурсу, мы доўга разважалі, чым парадаваць і як арыгінальна павіншаваць са святам нашых сяброў. У творчым конкурсе “З юбілеем, Фестываль!” для віншавання задзейнічалі вядомых зорак савецкага кінематографа, якіх увасобілі рабяты з нашай каманды. Са словамі віншаванняў і сувенірам ручной работы — “Ізумруднае дрэва” выступіў “таварыш Саахаў” з “Каўказкай паланянкі”, затым эстафету прынялі “Папандопала” і “Смятана” з “Вяселля ў Малінаўцы”, якія разыгралі гумарыстычнае прадстаўленне і падарылі гасцям фестывалю святочнае канфеці і карціну, вышытую сваімі рукамі, з выяваў Анёлаў. Асабліва парадавалі гледачоў героі кінастужкі “Джэнтльмены ўдачы”.
Калі кіраўчане былі на сцэне, зала напаўнялася авацыямі, пародыі ўдаваліся на славу!
Невыпадкова ў фестывальныя дні яго арганізатары вырашылі правесці алімпіяду. Якраз у гэты час у Лондане праходзілі летнія Алімпійскія гульні. Такім чынам, рабятам была прадастаўлена цудоўная магчымасць — сваім актыўным удзелам у спаборніцтвах падтрымаць беларускіх спартсменаў, якія змагаліся за медалі ў Лондане.
У першай частцы алімпіяды — спартландыі кіраўчане былі бясспрэчнымі лідарамі, мы аказаліся хутчэй і спрытней за сапернікаў у перадачы мяча, палкі, безе з абручам.
У асобным конкурсе капітанаў зноў-такі мы перамаглі.
Пасля алімпіяды кожны жадаючы змог пакатацца на конях казачнага конна-спартыўнага клуба “Ярмак”. А для кіраўнікоў і спецыялістаў калектываў-удзельнікаў фестывалю майстар-клас па азнаямленні з сучасным тэрапеўтычным накірункам “Плэйбек-тэатр: лячэнне творчасцю” правяла загадчыца сацыяльна-псіхалагічнай лабараторыі ў Мінску, член Еўрапейскай асацыяцыі псіхадрамы Наталля Нямкевіч.
Увечары ў Свята-Іверскам храме (дарэчы, яго пляцоўка і стала месцам сустрэчы ўдзельнікаў фестывалю) былі наладжаны духоўна-маральная гутарка і малебен Святому Панцелеймону аб здароўі прысутных. Завяршыўся першы дзень сустрэчы танцавальна-забаўляльнай праграмай ля святочнага вогнішча.
Другі дзень пачаўся са спартыўных спаборніцтваў, дзе зноў нам не было роўных. У валейболе мы абышлі ўсіх і святкавалі перамогу.
— Фестываль “Кропелькі дабрыні ў моры здароўя” — адзіны творчыі спартыўны марафон для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў нашай вобласці, — адзначыў падчас выступлення кіраўнік сацыяльнага ад-дзела Бабруйскай епархіі Арцемій Кушнер. — Гэта прыклад плённага супрацоўніцтва царквы і дзяржавы ў накірунку падтрымання людзей, якім неабходны нашы ўвага і клопат. Прыклад таго, як, аб’яднаўшыся разам, можна рабіць шмат карысных спраў. Крыж часам бывае цяжкім, калі несці яго ў адзіноце, а калі падзяліць з бліжнім, то ён можа здацца лёгкім і благадатным.
Фестываль радуе нас ужо не першы год, мы заўсёды з задавальненнем і нецярпеннем рыхтуемся да ўдзелу ў святочным марафоне. Нашы рабяты чакаюць гэтай па-дзеі, з года ў год лічаць дні. Часам бывае так, што нават закрэсліваюць даты ў календары, адмяраючы пачатак свята. Атмасфера на фестывалі заўсёды выдатная. Ён праходзіць весела, насычана, яскрава і душэўна. Хочацца, каб гэты фестываль толькі квітнеў і пашыраў свае маштабы. Няхай з кожным годам знаходзіцца ўсё больш людзей, якія б падтрымлівалі гэты рух, дапамагалі. “Кропелкі дабрыні ў моры здароўя” для нашых рабят — гэта новыя сустрэчы, знаёмствы, станоўчыя эмоцыі, бо кожны з іх можа тут праявіць сябе, паказаць здольнасці, а гэта так небаходна людзям з абмежаванымі магчымасцямі…
Ірына ТАРАБУЕВА,
загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў РЦСАН.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.