Клопат аб ветэранах — справа важная

Ва ўстановах адукацыі раёна створаны і актыўна дзейнічаюць пярвічкі арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы. Сёння прадастаўляем вашай увазе, паважаныя чытачы, падборку матэрыялаў аб тым, як наладжана работа з ветэранамі ў Паўлавіцкай і Мышкавіцкай сярэдніх школах, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці (дзіцячы садок №3 райцэнтра).
Калектыў Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева прыкладае шмат намаганняў, каб зрабіць жыццё ветэранаў педагагічнай працы больш цікавым і насычаным цудоўнымі імгненнямі. Школьная ветэранская пярвічка налічвае ў сваіх радах 10 педагогаў. Б.М.Чыслова ў сёлетнім красавіку адзначыла сваё 90-годдзе; Г.М.Зачык 1 верасня адзначыць 80-гадовы юбілей; муж і жонка В.Р. і В.А.Манько пражылі разам 50 год.
Святкаванне юбілею школы — 35-годдзе сярэдняй і 125-годдзе пачатковай — немагчыма было прадставіць без ветэранаў. Была наладжана сустрэча трох пакаленняў.
Узначальвае пярвічку ветэран працы настаўнік гісторыі з 45-гадовым стажам Пётр Васільевіч Клепча. Дзякуючы яго намаганням, у школе створаны і дзейнічае музей баявой славы 108-й стралковай дывізіі, якая падчас Вялікай Айчыннай вайны вызваляла Паўлавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ветэраны-педагогі Паўлавіцкай СШ пакінулі пасля сябе не толькі багаты працоўны вопыт, але і дастойную змену: 44 выпускнікі школы абралі прафесію настаўніка, 9 з іх пасля заканчэння педагагічных ВНУ вярнуліся ў родныя пенаты.

Галоўную задачу ў рабоце з ветэранамі працы калектыў Мышкавіцкай СШ бачыць у тым, каб зрабіць жыццёвую восень педагогаў больш разнастайнай, каб кожны настаўнік-ветэран адчуў клопат, увагу і жаданне дапамагчы. Пярвічка Мышкавіцкай СШ налічвае 30 ветэранаў, з іх 20 педагогаў, за плячамі якіх — не адзін дзесятак год, адда-дзеных школе і дзецям. Па добрай традыцыі, ветэранаў запрашаюць на ўсе школьныя сустрэчы і мерапрыемствы, на практыцы выкарыстоўваюць іх вялізны працоўны і жыццёвы вопыт, наведваюць адзінока пражываючых ветэранаў, дапамагаюць ім па гаспадарцы, віншуюць са святамі.
Сярод ветэранаў ёсць тыя, хто перажыў пакуты Вялікай Айчыннай вайны, — гэта Н.І.Зеленкавец, М.С.Бяляўскі, І.С.Лянкевіч, С.Р.Манько, В.Л.Понтус і многія іншыя. Іх подзвігу прысвечаны многія старонкі летапісу гісторыі Мышкавіцкай школы.
Сёлета адзначыў сваё 90-годзе ветэран вайны М.С.Корзун — былы завуч школы.
Былая выкладчыца матэматыкі З.Ф.Родзькіна дастойна выхавала траіх сваіх сыноў і шэраг вучняў, сярод якіх Уладзімір Бяляўскі — былы вучань Мышкавіцкай СШ, а зараз палкоўнік Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ім пры выкананні спецыяльнага задання Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 6 кастрычніка 2006 года Уладзімір Бяляўскі ўдастоены звання Героя Расіі. Уладзімір Анатольевіч падчас візіту ў школу выказаў сваёй настаўніцы Зінаідзе Фёдараўне падзяку за навуку і адзначыў, што адна частка яго ўзнагароды належыць бацькам, а другая — менавіта ёй. Ці ні гэта вышэйшая ўзнагарода для педагога?..

Ці можна на пенсіі быць шчаслівым і знайсці сябе? На гэтае пытанне ў калектыве дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці адказваюць цвёрдае: “Так! Можна!”. У прыклад яны ставяць пенсіянераў сваёй установы. Для ветэранаў працы была наладжана сустрэча “Свет нашых захапленняў”. У намінацыі “Паэзія” была прадстаўлена Галіна Спірыдонава, якая піша вершы, віншаванні калегам, сцэнарыі мерапрыемстваў. У намінацыі “Музыка” выступала Ларыса Дворкіна. Самі калегі называюць Ларысу Дзмітрыеўну чалавекам-песняй. Самы лепшы кветкавод — Наталля Грабнёва, якая жыве ў гармоніі с прыродай. А вось Ніна Пархамовіч і Зінаіда Навіцкая — ў гармоніі з іголкамі, ніткамі, бісерам — займаюцца рукадзеллем. Рукамі і ідэямі Зінаіды Навіцкай дэкарытыўна аформлены памяшканні дзіцячай установы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол. Падарожнічаць любіць Ала Ткачова, якая раней працавала на марскім судне, дух рамантыкі не пакінуў яе і цяпер, на пенсіі, яна з задавальненнем падарожнічае, у асноўным на веласіпедзе. Званне “лепшы кулінар” прысвоена Ксеніі Козік, сваімі смачнымі стравамі яна частуе не толькі сям’ю, але і былы працоўны калектыў. Галіну Баяршчонак называюць гаспадыняй лесу.
На думку цяперашянага калектыву дзіцячай установы, захапленні пенсіянераў — доказ таму, што, знаходзячыся на за-служаным адпачынку, можна атрымліваць асалоду ад жыцця.
Падрыхтавала
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.