Не ў першы раз – першыя

У паслужным спіску работнікаў Кіраўскага філіяла Аўтапарк № 14 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» шмат узнагарод за прафесійнае майстэрства. Некалькі дзён назад іх калекцыя кубкаў зноў папоўнілася.
З 23 па 24 жніўня прадстаўнікі аўтапарка № 14 прынялі ўдзел у абласных адборачных спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве сярод вадзіцеляў аўтамабільных транспартных сродкаў, якія праводзяцца штогод. У іх удзельнічалі ўсе філіялы ААТ «Магілёўаблаўтатранс».
Спаборніцтвы праводзіліся паасобку для вадзіцеляў аўтамабіляў розных марак у дзвюх дысцыплінах — па веданні Правілаў дарожнага руху і навыкаў кіравання транспартным сродкам. Удзельнікі павінны былі выканаць практыкаванні на аўтамабілях, не дапусціўшы памылак і патраціўшы як мага менш часу на праходжанне трасы.
Ад аўтапарка № 14 удзел у спаборніцтвах прынялі Сяргей Віліўчанка на грузавым аўтамабілі МАЗ-55516, Валянцін Пацыенак на аўтобусе “Радзіміч” А092, Леанід Акушэвіч на МАЗ-103, Міхаіл Малахаў на на МАЗ-5440 з паўпрычэпам, Віктар Салянкін на легкавым аўтамабілі “Саманд”.
У выніку ўпартай барацьбы нашы ва-дзіцелі перамаглі ў трох намінацыях (сярод вадзіцеляў МАЗ-103, “Радзіміч” А092, МАЗ-55516) і занялі каманднае першае месца сярод усіх філіялаў ААТ “Магілёўаблаўтатранс”.
Валянцін Пацыенак, Леанід Акушэвіч і Міхаіл Малахаў ужо даўно працуюць у аўтапарку, яны неаднарозова прымалі ўдзел у гэтым конкурсе і займалі заўсёды прызавыя месцы. Віктар Салянкін першы год у арганізацыі. А Сяргей Віліўчанка – самы малады ў камандзе, ён яшчэ атрымаў прыз у намінацыі “Малады вадзіцель да 26 гадоў”.
Пераможцаў узнагародзілі кубкам, памятнымі медалямі і наборамі інструментаў, іх чакаюць грашовыя ўзнагароды.
Кацярына КІРЭЕВА.
На здымку: (унізе) вадзіцелі Віктар Салянкін і Міхаіл Малахаў, (уверсе) вядучы інжынер па арганізацыі перавозак Валерый Каранкевіч, вадзіцелі Сяргей Віліўчанка, Леанід Акушэвіч і Валянцін Пацыенак.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.