Пакуль мы помнім — мы жывем…

Гук званоў плыў над Боркамі, як памінальны плач па вяскоўцах, жывымі спаленых нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.1800 мірных жыхароў сталі ахвярамі палачоў, была амаль поўнасцю знішчана вёска Боркі і шэсць прылягаючых да яе пасёлкаў. Чорная дата 15 чэрвеня 1942 года, калі гэта адбылося, — адна з самых трагічных і цяжкіх у гісторыі нашага раёна, яна заўжды жыве ў сэрцах кіраўчан.
Па традыцыі, штогод у апошнюю нядзелю жніўня ў Борках праходзіць Дзень памяці. І ў мінулую нядзелю да мемарыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” прыйшлі мясцовыя жыхары, прыехалі іх родныя і блізкія, кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў, сельвыканкамаў, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь, ганаровыя госці, каб ушанаваць памяць ахвяр фашызму.
На свяшчэннай боркаўскай зямлі адбыўся мітынг-рэквіем “Памяць бессмяротная”.
Вядучыя прадаставілі слова старшыні райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву. У сваёй прамове ён нагадаў, што карная аперацыя па знішчэнні мірнага насельніцтва, праведзеная 15 чэрвеня 1942 года ў Борках спецбатальёнам пад камандаваннем штурмбанфюрэра СС Дырлевангера, была адна з буйнейшых карных акцый, накіраваных супраць мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Еўропы. У перыяд з верасня 1941 года па кастрычнік 1943 гада Кіраўшчыне акупантамі было праведзена дзесяткі карных аперацый, спалена 44 населеных пункты, з іх 8 так і не адноўлены. Разам з вёскамі было знішчана 2748 ні ў чым не павінных нашых землякоў.
Імкнучыся падавіць волю народа да супраціўлення, гітлераўцы па-зверску забівалі дзяцей, старых і жанчын. Наш народ выстаяў, але цана за гэта была заплачана неймаверная.
Вайна пакінула выбоіны на нашай зямлі і ў нашых сэрцах, адзначыў Уладзімір Піскіжаў. Усё далей у мінулае адыходзіць рэха боркаўскай трагедыі, час сцірае з зямлі шрамы, але ён не ўладны над нашай памяццю — памяццю ўдзячных патомкаў.
Кіраўнік раёна звярнуўся да моладзі: “ Вы жывяце ў мірны час і павінны цаніць гэта. Таму сёння ваш святы абавязак — не дапусціць у нашым грамадстве тэрору і насілля і ўзяць на сябе сваю долю адказнасці за забеспячэнне бяспекі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы верым, што гісторыю аб падзеях, адбыўшыхся на гэтай зямлі, на стагоддзі, з пакалення ў пакаленне захаваюць нашы патомкі!”
Са шчырымі словамі да землякоў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Сакадынец, ураджэнец гэтых мясцін. Ён адзначыў, што ў той ракавы чэрвеньскі дзень, калі адбылася боркаўская трагедыя, ад рук фашысцкіх катаў загінула каля 40 чалавек з яго сям’і. А яшчэ і іх родныя па прозвішчах Касперавы, Заграбанцавы і многія іншыя. У адзін дзень не стала многіх членаў вялікай і дружнай сям’і.
У 50-я, 60-я гады на гэтым месцы, дзе праходзіць мітынг-рэквіем, стаяў вялікі драўляны крыж: верагодна, нашы дзеды паставілі яго ў памяць аб той жудаснай трагедыі. Потым быў узведзены манумент над брацкай магілай, а пазней — мемарыяльны комплекс. Памяць аб загінуўшых жыве з пакалення ў пакаленне.
Алег Сцяпанавіч адзначыў, што на мітынгу-рэквіеме бачыць нямала сваіх землякоў-равеснікаў, цяпер шаноўнага ўзросту, з якімі калісьці бегалі тут босыя па вуліцах. Трагедыю роднай вёскі яны ўспрымалі вельмі востра. Зараз — яшчэ больш глыбока і ўсвядомлена. “Але самае галоўнае, — заўважыў Алег Сцяпанавіч, — мы заўсёды ведаем, што на нашай зямлі ёсць родны сэрцу куточак, дзе жылі нашы дзеды і родныя людзі, дзе яны загінулі і пахаваны; кожны раз, дзе б мы ні былі, помнім, што ў нас ёсць любімая Ра-дзіма — Рэспубліка Беларусь, Магілёўшчына, Кіраўскі раён, вёска Боркі. Пакуль мы помнім — мы жывем…”
Да прысутных звярнуўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Іванавіч Куцілкін, які адзначыў, што на гэтай, абпаленай вайной часцінцы беларускай зямлі, асаб-ліва востра адчуваеш і глыбока разумееш, якой дарагой цаной была заваявана наша Перамога: “Пакланяючыся загінуўшым, мы, пакаленне, зведаўшае жахі вайны, свята верым, што гісторыю аб подзвігу, пакутах і жыццёвай сіле беларускага народа на вякі, з пакалення ў пакаленне захаваюць нашы патомкі”.
Да прысутных выйшлі хлопцы і дзяўчаты з фатаграфіямі ў руках, на іх — такія ж па ўзросце былыя жыхары Борак, чые жыцці абарваліся чэрвеньскім днём 1942-га. Ад праводзімых з іх лёсамі паралеляў замірала сэрца…
Да сваіх сучаснікаў і равеснікаў звярнулася старшыня раённага Савета Беларускай Рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Настасся Балдэнка: “Я заклікаю: помніце аб тых, хто любіў жыццё, але не дажыў, не дакахаў, не дабудаваў, не дамарыў. Тое, што адбылося ў Борках, Хатыні і дзесятках іншых беларускіх вёсак, пякучым агнём трывожыць нашы сэрцы, абавязвае нас быць больш моцнымі, мудрымі і цярплівымі, каб увасобіць у жыццё ўсё тое самае лепшае, што не збылося, і разам з горкім дымам пайшло ў неба і ахутала зямлю. Мы, маладое пакаленне, будзем памятаць аб бязвінных ахвярах ваенных трагедый і берагчы мір, любіць і ўвасабляць у жыццё мары аб шчасці!”.
Памяць загінуўшых жыхароў вёскі Боркі і населеных пунктаў Магілёўскай вобласці была ўшанавана мінутай маўчання. Прагучаў ваенны салют.
Да брацкай магілы і Сцяны плачу прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі.
Настаяцель Свята-Пакроўскага храма іерэй Дзмітрый правёў жалобную заўпакойную ліцію па спаленых жыхарах, а потым — памінальную службу ў капліцы ў гонар іконы Божай маці “Взыскание погибших”. Тут былі запалены свечы за спакой душ людзей, загінуўшых на гэтай зямлі.
Мерапрыемствы працягваліся ў Боркаўскім клубе-музеі, дзе госці з цікавасцю знаёміліся са стэндамі “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Нашы землякі”, экспанатамі этнаграфічнай экспазіцыі. Для прысутных быў паказаны канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры.
Наталля ХАДАКОВА,
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.


Валянціна КАСПЕРАВА, магіляўчанка:

— Наша бабуля Настасся Касперава — адна з жыхарак в.Боркі, якая разам з Марыяй Сакадынец, Ганнай Сініцай засталася ўжывых пасля фашысцкай карнай аперацыі. Для нашай сям’і апошняя нядзеля жніўня — гэта важны дзень, мы ніколі яго не мінуем, бо дзякуючы бабулі, зараз жывем на роднай зямлі пад мірным небам. Бабуля памерла ў 1979 годзе. Яна часта расказвала нам пра раніцу, калі яе сям’я павінна была быць забіта карнікамі. У тую раніцу прачнуліся ад выбухаў, аднак нават і не думалі, што іх ідуць забіваць, палічылі, што немцы адстрэльваюць кур, як гэта часта рабілі. Бабуля адправіла дачку збегаць да суседзяў, паглядзець, што адбываецца. А там ужо ўсе забітыя ляжаць. Дачка вярнулася дадому, куды да іх ішлі немцы, а нават і думкі не было ўцякаць, бо да апошняга не верылася, што людзі могуць так жорстка і бесчалавечна распраўляцца з сабе падобнымі. Бубля і яе дзеці глядзелі праз вакно на карнікаў і плакалі. Фашысты ўжо практычна дайшлі да дому бабулі, але ў суседнім доме пачулі, што кагосьці не дабілі, развярнуліся і адышлі, і вось за гэты час прыгавораныя да смерці пабеглі хавацца ў лес праз жыта, а кулі свісцелі над галавой. Дзякуючы Божай дапамозе бабулі з дзецьмі ўдалося дабегчы да лесу, але як толькі дабеглі, бабулю параніла ў руку, аднак усе выратаваліся.
Уся наша сям’я прыязджае ў Боркі, хоць бабулі ўжо даўно няма побач з намі. Сённяшняя падзея для нас вельмі значная. Наша бабуля вазіла зямлю адсюль у Хатынь падчас адкрыцця там мемарыяльнага комплексу, і мы вельмі шануем памяць аб тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны знайшоў на гэтай зямлі вечны спакой.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.