Прафесія стваральнікаў

Будаўнік — адна з самых старажытных і мірных прафесій на зямлі. Наўрад ці ведалі стваральнікі егіпетскіх пірамід і рымскага вадаправоду, што праз стагоддзі людзям іх прафесіі будзе адведзена асаблівае месца ў гісторыі. Зараз немагчыма ўявіць сабе горад, вёску, пасёлак, якія б не развіваліся, не будаваліся, не мадэрнізіраваліся, не рамантаваліся.
Напярэдадні Дня будаўніка мы мелі гутарку з начальнікам ПМК-255 Ігарам ЛАЗАКОВІЧАМ, які ўзначальвае калектыў арганізацыі з мая бягучага года.
— Ігар Рыгоравіч, перш на перш, віншуем вас з надыходзячым святам!
Калі чуеш “бухгалтар”, узнікае асацыяцыя з лічбамі; “настаўнік” — з дзецьмі; “паштальён” — з карэспандэнцыяй, а “будаўнік”?..
— А “будаўнік” — стваральнік! Наша прафесія самая мірная, бо мы ўзводзім дамы, у якіх потым нараджаюцца і вырастаюць дзеці — наша будучае, вытворчыя будынкі, дзе мы працуем, магазіны, дзе набываем сабе неабходныя рэчы, ежу і інш.
Так склалася, што за апошнія гады ў эканоміцы адбываюцца значныя змены. Як паказвае вопыт, укладанні ў любой валюце — справа рызыковая. Таму тыя, у каго ёсць сродкі, аддаюць перавагу ўкладанням у нерухомасць. Вось чаму на сённяшні дзень работа будаўнікоў запатрабаваная, а прафесія гэта карыстаецца павагай.
Наша прафесія належыць да разраду масавых, уключае  ў сябе выкананне поўнага спектру рамонтна-будаўнічых работ. Для таго, каб звязаць свой лёс з будаўнічай справай, небаходна валодаць ведамі асноў будаўнічых работ, а таксама быць працавітым, уважлівым, акуратным, настойлівым і імкнуцца даводзіць да канца пачатую справу. Акрамя таго, патрэбна выдатная фізічная форма, добрае здароўе, вынослівасць, якія неабходны, каб забяспечыць высокую вытворчасць работы пад адкрытым небам і ў спёку, і ў холад.
— А якім чынам Вы звязалі свой лёс з гэтай цікавай прафесіяй?
— Усё склалася само сабой. У ПМК-255 я перайшоў з будаўнічай арганізацыі Бабруйска, аднак мае карані адсюль, з Кіраўшчыны. Родам я з в.Пацава Слабада. У маладосці разам з жонкай падаліся ў горад, там працаўладкаваўся на Бабруйскі жалезабетонны завод, які будаваў катэджы для сельскай мясцовасці. Вось такім чынам мая прафесія, можна сказаць, знайшла мяне сама. Спачатку на заводзе працаваў фармаўшчыком, потым стаў брыгадзірам, адначасова атрымліваў будаўнічую спецыяльнасць — “майстар-тэхнолаг-будаўнік”. Далей кар’ерная лесвіца прывяла мяне да пасады начальніка змены, а калі завод спыніў сваё існаванне, працаўладкаваўся ў Бабруйскую будаўнічую арганізацыю аблсельбуда, якая таксама ўзводзіла домікі для вяскоўцаў. З 1988 года працаваў прарабам, затым начальнікам участка, а вось сёлета паступіла прапанова ўзначаліць ПМК-255, я крыху паразважаў і пагадзіўся.
— Такім чынам атрымліваецца, што на пасадзе кіраўніка будаўнічай арганізацы Вы — навічок. Не складана спраўляцца з новымі абавязкамі?
— Ведаеце, калі б узначальваў новую для мяне галіну, то, магчыма, было б і складана. А ў будаўніцтве я з маладосці, практык, 20 гадоў жыцця пры-свяціў гэтай справе, працаваў на такой жа вытворчасці, таму пакуль што не шкадую, што ўзяўся і за гэта “будаўніцтва” (усміхаецца).
Пашанцавала з калектывам. Сустрэлі мяне добра, адчуваецца падтрымка. А галоўнае, што людзі ў нашай ПМК-255 — адкрытыя, добрасмуленныя, з вялікай адказнасцю ставяцца да работы, а чаго яшчэ можа жадаць кіраўнік для поспеху! Напярэдадні прафесійнага свята ў нас адбудзецца ўрачысты сход, дзе ўсіх павіншую, лепшыя будуць адзначаны грашовымі прэміямі.
— Над чым зараз працуе зладжаны і дружны калектыў ПМК-255?
— Работы хапае! Лепшыя нашы будаўнічыя брыгады шчыруюць над узвядзеннем лядовай арэны ў Горках, вось-вось здадзім гэты аб’ект у эксплуатацыю. Будуем аб’ект сацыяльнай значнасці, вельмі небаходны кіраўчанам, —гарадскую лазню. Ужо прыступілі да завяршэння работ на кіраўскім доўгабудзе — ЖБК №5 па вул.Савецкай райцэнтра. Заняты на будаўніцтве і рэканструкцыі чатырох малочна таварных фермаў у Барчыцах, Барсуках, Стайках і Пацавай Слабадзе.
Людзі добра працуюць, павялічваецца вытворчасць, а значыць, і павялічваецца іх заработная плата. А не сакрэт, што дастойная зарплата — залог добрасумленнай высокавытворчай працы ўсяго калектыву. Дарэчы, калі я прымаў арганізацыю ў падначаленне, колькасць работнікаў складала 112 чалавек, зараз — 144. Працаўнікі да нас прыходзяць, многія нават вяртаюцца з заробкаў у Расіі, лічу, гэта вельмі ня-дрэнны паказчык таго, што справы ў нас будуць ладзіцца. У бліжэйшай перспектыве плануем пачаць узвядзенне новага жыллёвага кааператыву, хутчэй за ўсё, у раёне СШ №1.
— Напрыканцы нашай сустрэчы ў вас ёсць магчымасць звярнуцца да калег, падначаленых…
— Будаўнікі бываюць розныя: тыя, хто стварае планы будучых пабудоў — архітэктары, праекціроўшчыкі; тыя, хто ўзводзіць сцены — муляры; тыя, хто займаецца ўнутранай апрацоўкай — дызайнеры, цесляры; тыя, хто працуе на будаўнічай тэхніцы — кранаўшчыкі. Існуе цэлы шэраг іншых рабочых спецыяльнасцей, такіх як, арматуршчык, бетоншчык, страхар, маляр, мантажнік, абліцоўшчык, тынкоўшчык і іншыя. Адказнасць за якасць работ ляжыць на плячах усіх будаўнікоў, пачынаючы ад праектыроўшчыкаў да простых рабочых на будоўлі. І калі да справы падыходзіць з душой, то і працаваць, і жыць у такіх будынках, дамах прыемна і ўтульна. І, як кажуць самі будаўнікі, прафесія наша хоць і складаная, але высакародная. Кожны будаўнік, які любіць сваю справу, радуецца яе станоўчым рэзультатам, бо вельмі прыемна бачыць, як дзякуючы тваім намаганням, узводзіцца дом, у які з радасцю засялаюцца людзі. Таму жадаю сваім калегам — часцей атрымліваць радасць ад работы!
Гутарыла Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.