Шчасце — сабрацца разам

Сямейная сувязь часоў — гэта таемныя ніці, якія злучаюць сёння, заўтра і ўчора. Вось яна — наша гісторыя, наш лёс — у фотаздымках, імёнах, любімых тварах. Без каранёў і расліна засыхае. А як стварыць здаровую сям’ю, выгадаваць годных дзяцей, калі род твой з’явіўся ніадкуль і ідзе ў нікуды?! Няма ні будучага, ні мінулага. Пра што гаварыць з падрастаючым сынам, на каго абаперціся, каго паставіць у прыклад?
Сям’і Дзятлавых ёсць каго паставіць у прыклад сваім дзецям. Яны памятаюць і паважаюць сваіх продкаў, любяць адзін аднаго. Сёлета гэта паважанае сямейства сабралася ўсё разам. Прыехалі сваякі з Мінска, Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Наваполацка, Прыбалтыкі (Клайпеды). Нават з-за акіяна. Гэта пляменнік Андрэй, які жыве ў Амерыцы, першы раз за 8 гадоў ён прыехаў да маці на радзіму ў Наваполацк і патрапіў на сустрэчу.
Упершыню ідэя сабраць сваякоў разам прыйшла Клаўдзіі Ляонцьеўне Іваніцкай. «Трэба ўсіх пазнаёміць, каб нашы дзеці хоць віталіся», — сказала яна. Аднак у 2007 годзе Клаўдзіі Ляонцьеўны не стала. Ажыццявіла яе мару стрыечная сястра Надзея Лаўрэнцьеўна Рабчанка — галоўны спецыяліст аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Дапамагалі ёй пляменніца Ларыса Барбаран і стрыечныя сёстры Тамара Пацыенак, Марыя Дзятлава.
«З 2007 года ідэя была, што гаворыцца, у падвешаным стане, ніхто не мог ніяк адважыцца, — распавядае Надзея Лаўрэнцьеўна. — Сёлета на Радаўніцу аб’язджалі магілы родзічаў, пачалі з Кіраў-ска, потым былі ў Мышкавічах, Барсуках, у Паўла-вічах. Сустрэліся там са стрыечнай сястрой Кацярынай, з якой не бачыліся амаль 20 гадоў. Яна сказала, што з Прыбалтыкі прыязджае сястра Валя, і тады я вырашыла: «Усё, сустракаемся!». Увечары патэлефанавала Ларысе Барбаран, якая працуе настаўніцай ў Паўлавіцкай СШ, і яна пацвердзіла, што яны таксама абмяркоўвалі ў сваёй сям’і гэту тэму. Так пачалася работа па пошуку родных. Камусьці датэлефанаваліся, кагосьці знайшлі па інтэрнэце. Разлічвалі першапачаткова на 53 чалавекі, але памкнулася яшчэ больш — 70. Чатыры пакаленні сабраліся! Многія ўбачыліся ўпершыню. І зусім выпадкова супала, што сустрэча адбылася на другі дзень Дзесятухі. Раней у Барсуках спраўлялі народнае свята — Дзесятуха, якое спраўлялася ў дзесятую пятніцу пасля Радаўніцы, на яго збіра-ліся ўсе сваякі.»
Сямейная лінія Дзятлавых налічвае шэсць пакаленняў. Свой адлік яна вядзе ад Піліпа Рыгора-віча і Надзеі Міхайлаўны Дзятлавых, якія нарадзі-ліся ў другой палове дзевятнаццатага стагоддзя. Ён — ураджэнец Паўлавіч, яна — в.Слабада Бабруйскага раёна. Пасля вяселля маладыя пераехалі ў в.Барсукі. Усё жыццё займаліся сельскай гаспадаркай. Былі вельмі шчырымі і працавітымі людзьмі. У іх нарадзілася пяць сыноў: Кірыла, Аляксей, Мяфодзій, Іван і Лаўрэнцій, а таксама дачка Яфіма. Яны склалі другое пакаленне сям’і Дзятлавых. У трэцім пакаленні — 24 чалавекі, (зараз жывуць 18), у чацвёртым — 46 ,у пятым — 55, у шостым — 3.
Самай малодшай з Дзятлавых — Аляксандры Дземідовіч — 2 годзікі, самай старэйшай — Кацярыне Ляонцьеўне — 79 гадоў. Усё жыццё Кацярына Ляонцьеўна адпрацавала загадчыцай ў дзіцячым садку №4 г.Кіраўска, а перад пен-сіяй — у калгасе «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага.
Сярод Дзятлавых ёсць урачы, настаўнікі, бухгалтары, эканамісты, банкаўскія работнікі, прадаўцы, юрысты, вайскоўцы, прадпрымальнікі, нават мастак (сын Клаўдзіі Ляонцьеўны жыве ў Мышкавічах — Сяргей Іваніцкі — піша абразы, афармляе цэрквы, цяпер працуе ў ДЮСШ г. Кіраўска) а Міхаіл Кірылавіч Дзятлаў — кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры камп’ютарнай адукацыі Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
Усю кампанію гасцінна прыняла ў Барсукоўскім сельскім клубе яго загадчыца Ніна Іванаўна Гушчына. Сустрэча настолькі зацікавіла ўсіх, што прыехаў нават пляменнік Надзеі Міхайлаўны са сваёй дачкой Людмілай — Уладзімір Дзям’янавіч Казлоў 1924 года нараджэння. Па словах самаго Уладзіміра Дзям’янавіча, перад сустрэчай некалькі начэй заснуць не мог: так моцна чакаў гэтай падзеі.
Спачатку ўсклалі кветкі да Кургана Славы ў Барсуках, памянулі мінутай маўчання тых, хто памёр, затым — размовы, успаміны, танцы, падарункі. На сцяне ў клубе вісела адлюстраванне вялікага генеалагічнага дрэва сям’і Дзятлавых, паказвалі слайды сямейных фотаздымкаў.
У канцы вечара прыехаў Анатоль Навумавіч Падаляк, былы старшыня калгаса імя Куйбышава (зараз — СВК Калгас “Ніва” , цэнтральнай сядзібай якога з’яўляецца аграгарадок Барсукі). А.Н. Падаляк з Міхаілам Кірылавічам Дзятлавым пачынаў працаваць у гэтай гаспадарцы ў 60-я гады. У тыя гады падчас летніх канікулаў усе Дзятлавы працавалі ў гэтай гаспадарцы, многія там засталіся шчыраваць і далей.
У кожнага з прысутных той дзень пакінуў яскравыя ўражанні. Таго часу, што правялі разам, аказалася мала, і ўсе вырашылі збірацца надалей кожную дзесятую суботу пасля Вялікдня.
А нам, у сваю чаргу, хочацца пажадаць гэтай цудоўнай сям’і шчасця, здароўя і як мага больш такіх сустрэч, а таксама падзякаваць ім за варты прыклад шанавання сямейных каранёў і традыцый.
Кацярына КІРЭЕВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.