Школьны шопінг — у разгары

Не паспелі азірнуцца, як час бестурботных школьных вакацый непрыкметна канчаецца. Хутка за свае парты ўсядуцца тысячы дзяўчынак і хлопцаў. Але да гэтага часу іх бацькам трэба вырашыць шмат праблем і пытанняў: што неабходна купіць да школы, у якой колькасці, колькі за-плаціць за падручнікі… Таму, перш чым дзеці зноў пачуюць пошчакі школьнага званка, які абвясціць пра пачатак новага навучальнага года, мамам і татам трэба будзе выкласціся ў даволі-такі кругленькую суму. А каб разабрацца, наколькі гэтая сума можа апынуцца «кругленькай», мы адправіліся ў гарадскі ўнівермаг.
З самай раніцы ва ўнівермагу з’яўляюцца першыя пакупнікі. К. К. Каралёва прыйшла паглядзець форму ўнуку і ўнучцы. «Раней куплялі ўсё загадзя, – кажа Кацярына Кірылаўна, – сёлета неяк не атрымлівалася ўсё. Вось нарэшце дабралася да крамы. Выбар тут нядрэнны. Аднак кошт на касцюмы для хлопчыкаў дарагаваты.»
“Мы прыйшлі за школьнымі красоўкамі для дачкі, – падзя-лілася з “раёнкай” пакупніца А.Я.Кастко, – вядома, цэны на рынку нашмат ніжэй, але якасць кітайскага абутку вядомая ўсім. Лепш аддаць больш, але затое ведаць, што ён сваёй якасцю апраўдае кошт. Школьную форму шыем на заказ. Што да канцылярскіх тавараў, то тут можна купіць усе неабходныя рэчы».
Неабходныя школьніку рэчы сапраўды прадстаўлены ў асартыменце ўнівермага: на кранштэйнах акуратна размясціліся касцюмы, камізэлькі, жакеты, штаны, спадніцы, блузкі, на стэлажах – абутак. Сшыткі, ручкі, пеналы, альбомы, алоўкі, фламастары, вучэбныя дапаможнікі – усё гэта таксама можна тут знайсці.
Н. М. Бусел, загадчыца ад-дзела трыкатажу, распавядае, што тавар у іх увесь беларускай вытворчасці. Галоўным чынам сваю прадукцыю завозіць бабруйская «Славянка» і Жлобінская швейная фабрыка.
Завозіць пачалі яшчэ з ліпеня, але тады людзі толькі прыглядаліся, а вось са жніўня пачалі ўжо актыўна купляць, асабліва – у перыяд пасля зарплат.
У краме можна знайсці адзенне і абутак як на вучня першага класа, так і на старшакласнікаў. У сярэднім цэны на гарнітуры для дзяўчынак вар’іруюць ад 380 да 650 тысяч рублёў, касцюмы на хлопчыкаў каштуюць у сярэднім каля 500 тысяч, штаны можна купіць за 150-160 тысяч рублёў, сарафаны – за 160-180 тысяч, блузкі – ад 96 да 300 тысяч.
Вядома ж, усім бацькам хочацца, каб у яго дзіцяці было ўсё самае лепшае, і яно ні ў чым не мела патрэбы. Але ў шматлікіх сем’ях дзіця не адно, а падрыхтаваць да школы трэба ўсіх. Таму для мнагадзетных сем’яў і сем’яў ільготнай катэгорыі пры набыцці тавараў школьнага асартыменту з 15 жніўня гандлёвая надбаўка зніжана на 50 %.
“Беларускія тавары, — працягвае Наталля Міхайлаўна, — апраўдваюць свой кошт, шматлікія кіраўчане апранаюць дзяцей да новага навучальнага года менавіта тут. Некаторыя з’ездзяць у Бабруйск, разлічваючы, што там выбару больш будзе, усё адно потым вяртаюцца сюды. Бывае, што і ра-сіяне таксама купляюць у кіраўскім універмагу”.
Цяпер пройдзем у аддзел абутку. Тут можна знайсці туфлі для хлопчыкаў і дзяўчынак розных памераў. Уся прадукцыя магілёўскай «Шагавіты» ці «Марка». Каштуюць туфлі ў сярэднім каля 300 тысяч рублёў. «Попыт на абутак у нас высокі, – падзялілася прадавец Наталля Якімава, – і выручка ад яго добрая».
У аддзеле канцылярскіх тавараў паліцы застаўлены шматлікімі сшыткамі, альбомамі, ручкамі, фламастарамі, навучальнымі дапаможнікамі, дзённікамі, лінейкамі, гумкамі, пэндзлікамі.
Ручкі каштуюць ад 2 да 5 тысяч рублёў, пэндзлікі – ад 7 да 30 тысяч, дзённік – 5100, альбомы для малявання –у сярэднім 12 тысяч, пеналы – ад 7 да 30 тысяч, тонкія сшыткі – ад 340 да 780 рублёў, тоўстыя – ад 4000 тысяч, вучэбныя дапаможнікі – ад 12 да 42 тысяч.
Побач з універмагам змясцілася гандлёвая палатка “Школьны базар”, у якой таксама можна купіць школьныя тавары. «Працуем мы з 19 ліпеня з 9.00 да 15.00 гадзін, акрамя панядзелка, – распавяла прадавец Юлія Алейнік, – у продажы ў нас маюцца гарнітуры для хлопчыкаў, спартыўныя касцюмы, сарафаны. А таксама туфлі, красоўкі. Уся прадукцыя беларускай вытворчасці. Таксама можна купіць канцылярскія тавары. Цэны, галоўным чынам, блізкія да універмагаўскіх. Пакупнікоў досыць, у выхадныя, вядома, больш, у буднія дні – крыху меней».
Такім чынам, падвядзём вынік. Школьная форма, плюс абутак, плюс канцтавары. Разам ….пад мільён беларускіх рублёў сума падыходзіць. Ды і да таго ж, пералічанымі вышэй выдаткамі, відавочна, не абмежавацца. Дадасца плата за падручнікі, банцікі, шпількі, шкарпэткі, ніжнюю бялізну…
Шмат клопатаў зараз у бацькоў вучняў, каб у поўным “узбраенні” адправіць 1 верасня дзяцей у школу.
Кацярына КІРЭЕВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.