Тэмп задае моладзь

У сельскагаспадарчым філіяле “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта-Магілёўаблнафтапрадукт” ужо некалькі год запар самыя адказныя ўчасткі работы, асабліва падчас жніва, давяраюць моладзі. І сёлета, і ў папярэднія сезоны амаль усе члены збожжаўборачных экіпажаў — прадстаўнікі маладога пакалення хлебаробаў — энергічныя, адказныя, мэтанакіраваныя, добрасумленныя.
З самага пачатку сёлетняй уборачнай тэмп задаў маладзёжны экіпаж Сяргея Юхнаўца і Сяргея Цыбульскага. На перадавых пазіцыях гэтыя хлебаробы трымаліся падчас усяго жніва і выйшлі ў лідары. У агульнагаспадарчую скарбонку з бункера іх камбайна КЗР-1218 было высыпана 513 тон збожжа. Сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы свежых намалотаў, вызначыўся вопытны Валерый Замкоў — 612 тон.
Вядома, хтосьці падумае, што не такія ўжо і вя-лікія гэтыя лічбы, аднак варта адзначыць, што для СГФ “Чыгірынка”, на сельскагаспадарчых палетках якога пад збожжавы клін было адведзена ўсяго 406 га плошчы (летась — 485 га), яны даволі важкія. Тым больш, што ў хлебаробскую працу чыгірынцы ўкладваюць не менш руплівасці, адказнасці, працоўнага запалу, намаганняў і часу, чым працаўнікі іншых сельгасарганізацый раёна, чые намалоты пераваўзыходзяць рубяжы ў тысячу і болей тон.
Пасля таго, як у засекі было пакладзена апошняе зернейка з палеткаў, а ўсяго намалот склаў 1330 тон, чыгірынскі экіпаж-лідар разам з механізатарамі другога збожжаўборачнага камбайна — Сяргеем Гарулёвым і Вадзімам Жаўлаковым накіраваліся дапамагаць убіраць хлеб з палёў Горацкага раёна. А астатнія земляробы прыняліся за выкананне наступных этапаў палявых работ: чарговага ўкосу траў на сена, прасоўкі саломы, у хуткім часе прыступяць да збору ўраджаю кукурузы, будуць назапашваць яе не толькі на сянаж і сілас, але і на зерне для корму буйной рагатай жывёле.
Вынікі сёлетняга жніва парадавалі працаўнікоў добрай ураджайнасцю: летась намалочвалі 28 ц на круг, сёлета — 35 ц/га.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.