У зладжаным рытме

Хлеб камбайнера замешаны на салёным поце. З раніцы і да позняга вечара шчыруюць хлебаробы ў полі: жніво патрабуе шмат сіл і часу, адказнага і добрасумленнага стаўлення да сваёй справы. А дома сям’я: жонка, дзеці, ім таксама надаць увагу трэба. Вось і працуюць людзі старанна, рупліва, як у РУП «Жылічы».
Сёлета ў гаспадарцы пад збожжавы клін было адведзена 1095 га. На ўчарашні дзень было ўжо ўбрана больш за 90% плошчаў. Засталіся, у асноўным, зернебабовыя культуры і авёс.
Радуе хлебаробаў сёлетняя ўраджайнасць, якая, як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Ўладзімір Дарафей, вышэй леташняй: калі ў мінулым годзе на круг намалочвалі па 46 ц, то зараз з кожнага гектара жылічане атрымліваюцьпа 52, 5 ц.
Усяго на жніве занята 5 камбайнаў, а на адвозцы — 3 МАЗы і 4 аўтамабілі маркі ГАЗ. Паралельна са жнівом з палеткаў убіраецца салома. На яе прэсаванні стараннай работай вызначаюцца Віктар Ляўковіч і Валерый Бычкоў, якія спрэсавалі каля 800 тон саломы.
Нядаўна адміністрацыя і прафкам гаспадаркі ўзнагародзілі лідараў грашовымі прэміямі, вымпеламі, а іх камбайны ўпрыгожылі дадатковыя сімвалічныя знакі тысячнікаў.
Усё гэта разам, безумоўна, стымулюе працу хлебаробаў і надае натхнення працаваць яшчэ больш старанна і аддана.
Кацярына КІРЭЕВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.