Услед за “срэбрам” — “бронза”

Яшчэ адно паспяховае выступленне запісала на свой сёлетні рахунак каманда “Кіраўск-ДЮСШ” па пляжным футболе. На розыгрышы Кубка Рэспублікі Беларусь у Віцебску, які завяршаў сезон 2011-2012 гг., наша каманда заняла трэцяе месца.
За адносна невялікі тэрмін нашы футбалісты назапасілі неблагі вопыт выступлення ў вышэйшай лізе беларускага пляжнага футбола, што, да слова, падтрымліваюць сваімі рэзультатамі.
Пяць лепшых каманд па выніках апошняга чэмпіянату Рэспублікі Беларусь на берагах Дзвіны вырашалі месца бліжэйшага (на працягу года) захоўвання Кубка краіны. У іх ліку — сярэбраны прызёр “Кіраўск-ДЮСШ”. Нашы землякі зноў даказалі, што ў лік лепшых трапілі не здарма. Яны ў выдатным стылі абыгралі каманду “АРЗ” з Мазыра з лікам 4:0. А потым, натхнёныя сваім поспехам, “каменя на камені” не пакінулі ад наваполацкага “Нафтана” — 11:2.
Далей было цяжэй. Прайграючы гаспадарам, — віцебскаму “Вітгазэнерга” (2:5), — кіраўчане змаглі ўзяць сябе ў рукі і зраўняць лік. І толькі па пенальці — футбольнай латарэі — яны ўступілі віцяблянам.
Рашаючы матч кіраўчане праводзілі з чэмпіёнам краіны барысаўскім “БАТЭ”, пра моц якога можна не нагадваць аматарам спорту. Нягледзячы на рангі, “Кіраўск-ДЮСШ” на працягу ўсяго паядынку вяла ў ліку. Прычым пры ліку 6:5 на карысць нашых землякоў заставалася ўсяго 8 секунд да фінальнай сірэны… На жаль, клас барысаўчан аказаўся мацней: яны зраўнялі лік. Забітага гола ў дадатковы час нам было недастаткова, бо толькі перамога ў асноўны час прыносіла тры ачкі… У выніку — “бронзавыя” медалі Кубка. Здаецца, і асалода, і… расчараванне. І, разам з тым, на-дзея на лепшае і ўпэўненасць ва ўласных сілах, хаця вучыцца яшчэ шмат чаму…
Аляксандр ХАХЛОЎ,
намеснік дырэктара ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.