Якім павінен быць дэпутат?

23 верасня, у дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, нам прадстаіць зрабіць свой выбар. Якім кіраўчане жадаюць бачыць народнага выбранніка — з гэтым пытаннем карэспандэнты “раёнкі” звярнуліся да землякоў.
Валянцін Герасімовіч,
ветэран працы (а/г Жылічы):

– Будучага дэпутата бачу, вядома ж, сумленным, непадкупным, справядлівым, шчырым, мэтанакіраваным і паслядоўным у сваіх дзеяннях, адказным за свае думкі, словы, справы, хварэючым за боль і радасці людзей, якія яго абралі. Інтарэсы грамадства для яго павінны быць вышэй асабістых. Ён павінен думаць не пра сябе, а пра людзей. Мужчына гэта будзе ці жанчына — не мае значэння, галоўнае, шчыры, мудры, граматны, камунікабельны чалавек, які рэалізаваў сябе ва ўсіх адносінах: шчаслівая сям’я, матэрыяльная забяспечанасць, добрае здароўе, публічнасць. Кіраўнік па натуры, здольны стварыць эфектыўную, прафесійную каманду аднадумцаў. Справядлівы ў прыняцці законаў — каб законы прымаў для людзей, а не для сябе. Народны выбраннік павінен быць голасам выбаршчыкаў на сустрэчах з прадстаўнікамі вышэйшай ўлады, даводзячы пазіцыю мясцовых жыхароў па раённай праблематыцы. Калі будучы дэпутат будзе валодаць такімі рысамі, то тады сапраўды можна будзе казаць пра эфектыўную і дзейсную працу дэпутацкага корпусу.
Ірына КУРЧЫНА,
галоўны аграном ААТ “Кіраўск-Лён”:

— На мой погляд, дэпутат павінен быць энергічнай, ініцыятыўнай, не абыякавай да навакольнаага жыцця асобай. Для законатворчай дзейнасці патрэбен вопыт, прычым і жыццёвы, і працоўны. Я бачу дэпутатам мужчыну сярэдняга ўзросту, з вышэйшай адукацыяй, а, магчыма, і не адной, значным і паспяховым вопытам працы. Немалаважна, каб ён быў прыкладным сем’янінам, маральны бок жыцця народнага выбранніка павінен не разыходзіцца з яго працоўнымі і грамадскімі дасягненнямі і поспехамі.
Таксама дэпутату Палаты прадстаўнікоў неабходна ўмець прымаць абгрунтаваныя рашэнні, цвёрда стаяць на абароне правоў і інтарэсаў грамадзян і, разам з тым, валодаць такімі якасцямі, як дабрыня і спагада, быць бліжэй да людзей, умець знаходзіць агульную мову і душой хварэць за тое, каб праблемныя пытанні вырашаліся належным чынам.
Алена ШАШАНКА,
эканаміст ААТ “Кіраўсквадгас”:

— Лідарскія якасці, інтэлігентнасць, павага да людзей, адкрытае сэрца, здольнае слухаць, разумець і дапамагаць, — вось рысы, якія небаходны для таго, каб стаць народным выбраннікам. Дэпутату трэба давяраць, а для гэтага варта бачыць, што любое пытанне, з якім звяртаюцца людзі, становіцца яго ўласнай праблемай і, што гэты чалавек шчыра прыкладзе ўсе намаганні, каб вырашыць яго.
Лічу, што дэпутат нашага часу павінен быць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў рэгіёне, краіне, свеце, каб прымаць разумныя законы, быць кампетэнтным у абмеркаванні самых рознабаковых тэм. А таксама зарабляць аўтарытэт, заваёўваць давер і павагу сярод людзей рознага ўзросту, інтарэсаў і заняткаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.