За дынамічнае развіццё сістэмы адукацыі

У мінулую сераду людзі, якія абралі для сябе высакародную місію — дарыць веды, выхоўваць і берагчы дзіцячыя душы, несці высокую адказнасць перад дзяржавай і яе будучым, сабраліся ў раённым Доме культуры на вялікую педнараду — “Дынамічнае развіццё сістэмы адукацыі — гарантыя павышэння якасці адукацыі”. Жнівеньская педагагічная канферэнцыя стала традыцыйнай формай дэманстрацыі дасягненняў і абмеркавання перспектыў развіцця галіны адукацыі рэгіёна, прадвеснікам надыходу чарговага навучальнага года.

Важнае, неабходнае, сур’ёзнае

У мінулым годзе педагагічны корпус раёна правёў вялікую, сур’ёзную, карпатлівую і разам з тым цікавую работу. Намаганні былі накіраваны на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі, паслядоўнае правядзенне мерапрыемстваў па павышэнні якасці ведаў і ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. Дарэчы, усе навучальныя ўстановы раёна ў поўнай ступені гатовы да 1 верасня. Старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, які быў сярод ганаровых гасцей канферэнцыі, ад імя раённай улады падзякаваў за гэта педагагічныя калектывы.
Ганаровыя граматы раённага аддзела адукацыі і грашовыя прэміі ў памеры 10-ці базавых велічынь за выдатную падрыхтоўку да новага навучальнага года атрымалі калектывы Паўлавіцкай СШ, СШ№1, гімназіі, Баравіцкай і Дабаснянскай сярэдніх школ, Пацава-Слабадскога НПК, ясляў-садка №4 г.Кіраўска, ясляў-садка а/г Добасна, ясляў-садка а/г Мышкавічы, Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку.
Была засяроджана ўвага на пытанні павышэння якасці адукацыі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна падключаны да сеткі інтэрнэт, у дастатковай колькасці маюць сучасныя камп’ютары. Аднак хвалюе факт, што занадтае захапленне інтэрнэтам паніжае ў вучняў інтарэс да чытання, узнікае звычка спісваць гатовы матэрыял, магчымасць доступу да нежаданай інфармацыі.
Было выказана меркаванне, што трэба строга рэгламентаваць выкарыстанне школьнікамі рэсурсаў інтэрнэту, кантраляваць зносіны дзяцей у сацыяльных сетках.
У якасці альтэрнатывы трэба пашырыць спектр прапаноўваемых вучням відаў заняткаў па інтарэсах. На думку Уладзіміра Піскіжава, добра наладжа-ная праца, здольная захапіць, — лепшы сродак ад сацыяльнай апатыі, спажывецкага стаўлення да жыцця, камп’ютарнай залежнасці, цягі да спіртнога і падстаў для ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў.
Летась школьнікі на платнай аснове вырошчвалі расаду кветак, якімі потым былі ўпрыгожаны вуліцы райцэнтра, вынік гэтай ініцыятывы раённай улады і працы дзяцей відавочны, дастаткова толькі звярнуць увагу на палаючыя жоўтымі і чырвонымі колерамі гарадскія вуліцы. Плануецца практыкаваць такую форму работы і далей.
Спонсарская дапамога ўстановам адукацыі ад прадпрыемстваў, раённых арганізацый ГА “Белая Русь” і “Беларускі Фонд міру” склала больш за 22 млн. рублёў.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Галіна Слабоднікава выказала сур’ёзную заклапочанасць тым, што настаўнікі нярэдка выкарыстоўваюць стандартную форму правядзення заняткаў, тым самым не выклікаецца інтарэс вучняў да вучобы. Не практыкуецца правядзенне факультатыўных урокаў па матэматыцы, рускай мове і літаратуры ў пачатковай школе. На яе думку, над гэтым трэба шмат працаваць, а таксама больш увагі надаваць папулярызацыі беларускай мовы сярод падрастаючага пакалення.

Віншаванні і ўзнагароды

Павіншаваць педработнікаў, падзякаваць ім за адданасць дзецям, а таксама ўручыць заслужаныя ўзнагароды лепшым з лепшых завітала шмат гасцей.
Першым прыемную місію выканаў кіраўнік раёна Уладзімір ПІСКІЖАЎ:
— Адукацыя — стратэгічны рэсурс, які знаходзіц-ца ў цэнтры ўвагі на ўсіх узроўнях, веды становяцца адным з важнейшых фактараў стабільнасці і працвітання дзяржавы.
Інавацыйнае развіццё краіны немагчыма без інтэлектуальнага патэнцыялу маладога пакалення. Наколькі высокі патэнцыял на Кіраўшчыне, можна меркаваць па нашых дасягненнях у галіне адукацыі. На рахунку нашых вучняў: Дыплом II Ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, чаго мы, да слова, не дасягалі з 2005-га; Дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе па АБЖ; з 2008 года 12 вучняў узнагароджаны Дыпломамі ў абласных конкурсах навукова-доследных работ; толькі за апошні год выхаванцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўзнагароджанны 22 Дыпломамі абласных, 8 — рэспубліканскіх, 1 — міжнароднага конкурсаў; навучэнкі студыі стылю і моды “Гламур” сталі лаўрэатамі на міжнародным творчым фестывалі дзяцей і моладзі “Хваля ідэй”, які праходзіў у Балгарыі; за апошнія два гады каманды інтэлектуальнага клуба “Эрудыт” узнагарожаны 30-цю Дыпломамі чэмпіянатаў па інтэлектуальных гульнях розных узроўняў; шмат у скарбонцы дасягненняў і спартыўных поспехаў.
Прыемна адзначаць, што развіваецца сістэма дашкольнай адукацыі раёна. За апошнія тры гады ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 год павялічыўся на 5 % і склаў 72,9%. Мы ўжо дасягнулі сярэднеабласнога паказчыку, варта крочыць далей.
Прыкметна павысіўся прафесійны ўзровень работнікаў галіны адукацыі, павялічылася колькасць педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі — 83%, гэта вышэй сярэднеабласнога паказчыку.
Трэба адзначыць, што ячшэ не ўвесь патэнцыял вамі выкарыстоўваецца. Лічу, актыўней неабходна ўвасабляць у жыццё нестандартныя падыходы да адукацыі, новыя ідэі і праекты ў навучальна-выхаваўчым працэсе.
Раённая ўлада прывыкла давяраць педагагічнаму корпусу раёна, як аднадумцам. Вы заўсёды дэманстравалі ідэйную і грамадзянскую сталасць, адказнасць, адданасць інтарэсам дзяржавы, патрыятызм. Перад вамі сур’ёзная задача — рыхтаваць падрастаючае пакаленне да дарослага свядомага жыцця, выбару прафесій, несці адказнасць перад будучай сям’ёй, грамадствам. Асноўны крытэрый работы дзіцячага садка і школы — гэта не колькасць пасту-піўшых у ВНУ, а сацыяльная паспяховасць кожнага выпускніка.
Дзякуй за ваша бясконцае цярпенне, вернасць абранай прафесіі і любоў да дзяцей!
За шматгадовую і добрасумленную працу ў навучанні і выхаванні вучняў, высокі прафесіяналізм у рабоце, падрыхтоўку ўстановы адукацыі да новага навучальнага 2012-2013 года дырэктар СШ №1 Мікалай Казлоў атрымаў з рук Уладзіміра Піскіжава Ганаровую грамату райвыканкама.
Выкладчыку матэматыкі гімназіі г.Кіраўска Наталлі Яфрэмавай за шматгадовую і добрасумленную працу ў навучанні і выхаванні вучняў, падрыхтоўку прызёраў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы Уладзімір Уладзіміравіч уручыў каштоўны падарунак ад райвыканкама.
Гучныя апладысменты былі пацвярджэннем таго, што багатая аўдыторыя педработнікаў поўнасцю падзяліла думку раённай улады наконт узнагароджаных.
Наогул гарачых апладысментаў і шчырых віншаванняў на гэтай вялікай педнарадзе было не злічыць. Эстафету ўзнагароджвання прадоўжыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Галіна СЛАБОДНІКАВА:
— Рада адзначыць, што мэты, якія мы ставілі ў пачатку мінулага навучальнага года, выкананы! Наперадзе — новая маштабная работа.
Думаю, сярод вынікаў леташняй работы важна, што папярэджаны дэфіцыт месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі райцэнтра шляхам вываду першых класаў з цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці.
Актывізавана работа па даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі шляхам укаранення новых формаў работы: на базе ясляў-садка а/г Жылічы адкрыта гульнявая пляцоўка для дзяцей, якія не наведваюць дашкольную ўстанову; у яслях-садку “Вясёлка” а/г Мышкавічы, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці і яслях-садку №4 г.Кіраўска працуюць адаптацыйныя групы “Мама і дзіцяці”. З 57% да 84% павялічылася забяспечанасць дашкольных устаноў гульнявым інвентаром, гэта вышэй абласнога паказчыку на 12,6%.
З года ў год павышаецца адукацыйны ўзровень педработнікаў, як следства, расце працэнт вучняў, якія займаюцца на высокім і сярэднім узроўнях.
Прыемна, што асвойваюцца інавацыйныя формы работы. Так, летась ёсць прыклады ўдзелу кіраўскіх вучняў у інтэрнэт-алімпіядах. Навучэнец гімназіі г.Кіраўска Кірыл Дрозд узнагаро-джаны заахвочвальным Дыпломам інтэрнэт-алімпіяды па фізіцы Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (настаўнік Уладзімір Касцючэнка); Кірыл Бодык з СШ№1 — пераможца рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды па біялогіі (настаўнік Тамара Хомчанка).
Удасканальваецца работа з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-развіваючай дапамогай ахоплена 99,3% такіх рабят.
Аднак разам з тым патрабуе ўдасканальвання работа па ўмацаванні здароўя школьнікаў, ролі класнага кіраўніка, прафілактыка сямейнай няўдачлівасці і іншае.
Паважаныя калегі! Краіна даверыла вам самае дарагое, што ў яе ёсць, — дзяцей. Ваша педагагічнае майстэрства, веды, інтэлект, творчы пошук, настойлівасць, здольнасць эфектыўна працаваць і творча думаць павінны дапамагчы дзецям атрымаць добрую адукацыю, у поўнай меры развіць свае здольнасці і стаць сапраўднымі патрыётамі Беларусі. Ведаючы ваша стаўленне да справы, пазіцыю, упэўнена, што з усімі задачамі і праблемамі новага навучальнага года мы паспяхова справімся!
Шэраг удзельнікаў канферэнцыі Галіна Паўлаўна за шматгадовую і добрасумленную працу на ніве педагогікі ўзнагародзіла Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі райвыканкама.
Трымала слова і ганаровая госця з Магілёва — галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы і зваротаў грамадзян упраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля КУЛЬЧАНКА:
— Ад імя ўпраўлення адукацыі і асабіста сябе выказваю вам ўдзячнасць за цярплівую, трапяткую працу, веды, якія вы нясеце дзецям. Жадаю прафесійных поспехаў, разумення ў калектывах, новых здзяйсненняў, вучняў, якія будуць імкнуцца да ведаў, знаходзячых разумення з вамі бацькоў.
Наталля Міхайлаўна ўручыла Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама загадчыцы ясляў-садка №4 г.Кіраўска Таццяне Арцюховай, настаўніку замежнай мовы гімназіі г.Кіраўска Алене Грыгор’евай, настаўніку пачатковых класаў Дабаснянскай СШ Ірыне Канавалавай, старшаму трэнеру-выкладчыку ДЮСШ Сяргею Лазаковічу, педагогам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Эльвіры Перадні і Таццяне Рудак, настаўніку пачатковых класаў СШ №1 Вользе Печань, дырэктару Пацава-Слабадскога НПК Святлане Шчэрбіч.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея КАРАНКЕВІЧ пажадала віноўнікам урачыстасці мудрасці, поспехаў у працы і не толькі ўдзячных вучняў, а каб і дзіцячыя садкі, і школы нашага раёна былі заўсёды ўкамплектаванымі. І ўручыла Ганаровыя граматы райсавета дэпутатаў дырэктару Шалаёўскага НПК Алене Ляоненка і настаўніку інфарматыкі СШ№1 Сяргею Акулічу.

Яшчэ шмат чаго новага і цікавага ўтрымлівала ў сабе сёлетняя вялікая педнарада. Гэта і “парад Зорак” з выхадам вучняў, дасягнуўшых высокіх рэзультатаў летась, і прадстаўленне настаўнікаў, дзякуючы якім рабяты паспяхова развіваюць свае здольнасці, і ўшанаванне ветэранаў педага-гічнай працы і маладых педагогаў, а іх сёлета — 25, што значна больш, чым у папярэднія гады, — у газеце і старонак не хопіць, каб расказаць аб усім, што ўдалося ўбачыць і пачуць падчас канферэнцыі.
На такой жа яскравай і эфектнай ноце, як і ўся педнарада, прайшоў яе фінал. Залівісты званок, дадзены піянерамі, абвясціў педагогам аб пачатку новага навучальнага года. А значыць, усё паўтараецца: урокі і перамены, кантрольныя і экзамены….
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма Мікешына.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.