Задаволіць патрэбы ўсіх карыстальнікаў у інфармацыі

Гісторыя службы дзяржаўнай статыстыкі налічвае не адно стагоддзе. Яшчэ ў старажытных Рыме, Кітаі, Егіпце праводзіўся збор звестак аб наяўнасці земляў, колькасці насельніцтва. На Русі станаўленне статыстыкі звязана з ажыццяўленнем рэформ Пятра I.
Дзяржаўная статыстычная служба Рэспублікі Беларусь узнікла 92 гады таму. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2000 года № 35 дзень 23 жніўня штогод адзначаецца як наша прафе-сійнае свята.
Дзяржаўная статыстыка Беларусі прайшла працяглы шлях станаўлення, непарыўна звязаны з гісторыяй краіны. Пасля распаду Савецкага Саюза рэспубліка стала самастойнай дзяржавай. Пачаліся рыначныя пераўтварэнні. Гэта запатрабавала карэнных змен усёй сістэмы дзяржаўнай статыстыкі. Была распрацавана спецыяльная праграма пераходу рэспублікі на прынятую ў міжнароднай практыцы сістэму ўліку і статыстыкі. Асноўнай задачай пераводу статыстыкі на міжнародныя стандарты стала ўдасканаленне ўсёй сістэмы ўліку, якое дазваляе ажыццявіць пераход ад балансу народнай гаспадаркі да фарміравання нацыянальных рахункаў і вызначэння валавога ўнутранага прадукта, надання яму статусу асноўнага паказчыку, што характарызуе ў цэлым эканамічную дзейнасць дзяржавы.
Кіраўніцтвам краіны неаднаразова прымаліся важныя рашэнні па рэарганізацыі, змене статусу цэнтральнага органа статыстыкі. У кастрычніку 2008 года быў утвораны Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь са значным павышэннем яго статусу і наданнем яму годнага месца сярод іншых ведамстваў краіны.
Сучасная статыстыка ажыццяўляе збор, апрацоўку і аналіз дадзеных аб сацыяльна-эканамічным, дэмаграфічным становішчы як у рэспубліцы ў цэлым, так і ў асобных яе рэгіёнах. Афіцыйная статыстычная інфармацыя, якую прадстаўляюць тэрытарыяльныя органы дзяржаўнай статыстыкі, адыгрывае ключавую ролю ў выпрацоўцы і прыняцці ўпраўленчых рашэнняў на месцах, з’яўляецца крыніцай фарміравання аб’ектыўных і дакладных дадзеных аб эканамічным, дэмаграфічным, сацыяльным і экалагічным становішчы ў Рэспубліцы Беларусь, дазваляе бачыць дынаміку развіцця рэгіёна, нашы поспехі, дасягненні і пралікі.
Штодня праводзімая органамі дзяржаўнай статыстыкі праца служыць задавальненню запатрабавання ў інфармацыі ўсіх карыстальнікаў – як органаў улады і кіравання, так і радавых грамадзян.
Статыстыка павінна аб’ектыўна і якасна адлюстроўваць з’явы і працэсы, якія адбываюцца, забяспечваючы ўмовы для прыняцця рацыянальных і эфектыўных кіраўніцких рашэнняў.
Менавіта ў гэтым накірунку — па якасным выкананні задач і функцый органаў дзяржаўнай статыстыкі працуе і калектыў аддзела, які ажыццяўляе збор, апрацоўку больш за 100 формаў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці. Гэтая інфармацыя выкарыстоўваецца органамі дзяржаўнага кіравання раёна, а таксама вышэйстаячымі статыстычнымі органамі для фарміравання зводных вынікаў. Акрамя таго, аддзел статыстыкі вядзе работу па ўдасканаленні ўліку, умацаванні справаздачнай дысцыпліны, павышэнні якасці прадстаўляемых справаздач і дакладнасці падрыхтоўваемых статыстычных матэрыялаў.
Каб выканаць усе задачы своечасова і на высокім якасным узроўні, неабходна зладжаная работа ўсяго калектыву. У аддзеле працуе 6 чалавек. Гэта адказныя і добрасумленныя супрацоўнікі. Яны вельмі рэдка бываюць навідавоку, але вынікі іх працы выкарыстоўваюць і ведаюць усе. Па ўзроставым складзе аддзел уяўляе сабой сплаў сур’ёзнага вопыту, высокакваліфікаванага, моцнага і здольнага ядра сярэдняга ўзросту і пачынаючай, таленавітай і адважнай маладосці. Усе яны заслугоўваюць слоў павагі і падзякі за сваю працу. Больш за 30 гадоў у аддзеле працуе намеснік начальніка Валянціна Дзям’янаўна Лепяшынская , 27 гадоў – эканаміст I катэгорыі Іна Іванаўна Афанасенка . Прафесійна выконваюць свае службовыя абавязкі галоўны эканаміст Марыя Міхайлаўна Бяляўская , вядучы эканаміст Зінаіда Адамаўна Анціпава, эканаміст I катэгорыі Алена Васільеўна Кіхтэнка .
Дасягненне высокага ўзроўню якасці і дакладнасці статыстычнай інфармацыі стала магчымым, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню супрацоўнікаў аддзела статыстыкі з рэспандэнтамі дзяржаўных статыстычных назіранняў раёна. Без добрасумленнай працы рэспандэнтаў немагчыма забяспечыць высокую якасць статыстычных матэрыялаў. Мы выказваем ім удзячнасць і спадзяемся на далейшае ўзаемаразуменне і плённае супрацоўніцтва.
Галіна ГРЫШЧАНКА, начальнік аддзела статыстыкі
Кіраўскага раёна.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.