Запазычанасці трэба адпрацоўваць!

На базе Дабаснянскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Надзеі КАРАНКЕВІЧ адбылося пасяджэнне, на якім былі абмеркаваны вынікі маніторынгу службамі раёна тэрыторыі Дабаснянскага сельсавета па пытаннях прафілактыкі і папярэджвання парушэнняў правілаў гандлю, пажарнай і санітарнай бяспекі, грамадскага парадку, аховы працы, учынення злачынстваў. Прадстаўнікі зацікаўленых службаў і ведамстваў спынілі ўвагу прысутных на пасяджэнні вяскоўцаў на найбольш праблемных пытаннях.
Галіна ШЧУР, старшыня Дабаснянскага сельскага Савета дэпутатаў:
— Тэрыторыя нашага сельсавета ахоплівае 23 населеных пункты, у якіх пражывае больш за 2800 чалавек, 493 з іх — менавіта ў Добасне. 1325 чалавек — працаздольнага ўзросту, нажаль, 42 з іх па тых ці іншых прычынах нідзе не працуюць, 20 злоўжываюць спіртным. Мы праводзім мэтанакіраваную работу, каб дапамагчы такім людзям выйсці са складанай жыццёвай сітуацыі альбо задумацца над будучым і ўзяцца за розум. У сельвыканкаме створаны спецыяльны банк дадзеных на іх. Але ж часта здараецца так, што ніякія размовы і прапановы дапамагчы не патрэбны…
З пачатку года нарадзілася 8 юных жыхароў сельсавета, нажаль, смяротнасць сярод насельніцтва ў тры разы перавышае нараджальнасць. Аднак заключана 6 шлюбаў, таму будзем спадзявацца, што дэмаграфічная сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.
Шмат увагі надаём добраўпарадкаванню тэрыторыі, распрацавана і дзейнічае схема санітарнай ачысткі, шмат сіл накіроўваем на прывядзенне ў належны стан могілак.
Варта адзначыць, што не заўсёды выконваецца графік работы аўталаўкі райспажыўтаварыства, у асартыменце “крамы на колах” бываюць надта дарагія тавары, асабліва калбасныя вырабы, не па кішэні вяскоўцам. Аднак гэтыя пытанні мы хутка вырашаем па тэлефоне з кіраўніцтвам райспажыўтаварыства.
На комплексна-прыёмны пункт у Добасне завозіцца мала рытуальных тавараў, здараецца, што, каб іх набыць, дабаснянцам трэба ехаць у Жылічы ці райцэнтр.
Дзмітрый РОШЧЫН, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях:
— На тэрыторыі Дабаснянскага сельсавета сёлета адбылося 4 пажары, летась — 1. Гарэлі жылы дом у а/г Жылічы па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі электрычнай праводкі, гаспадарчая пабудова ў в.Пясцова з-за дзіцячага свавольства, самаходная касілка на сельгасучастку РУП “Жылічы” ля в.Чырвоны Беражок, а таксама будынак Жыліцкага гістарычнага комплексу-музею.
Работнікі райаддзела праверылі 188 домаўладанняў.
Па фактах праверак 98 жыхароў сельсавета прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Правілаў пажарнай бяспекі.
Асаблівую ўвагу надаём прафілактыцы пажараў у дамах мнагадзетных і сацыяльна няўдачных сем’яў. З мая па чэрвень мы разам з работнікамі сельскага Савета дэпутатаў і прадстаўнікамі іншых зацікаўленых структур абследвалі 32 такіх сям’і, выявілі шэраг парушэнняў. У многіх дамах патрабуецца рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі, не ва ўсіх ёсць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, што дае падставы думаць, што шэраг дарослых яшчэ не ў поўнай меры разумее небяспеку, якую тояць у сабе парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, не ўсе сур’ёзна ставяцца да лёсу сваіх дзяцей.
Варта адзначыць, што праводзімая сельвыканкамам работа па забеспячэнні супрацьпажарнай абароны аб’ектаў і тэрыторый населенных пунктаў, іх жыхароў не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням заканадаўства аб пажарнай бяспецы. Напрыклад, фактычна не здзяйсняецца інфармаванне сельвыканкамам дзяцей пажылых грамадзян аб тым, што бацькам трэба дапамагчы выправіць парушэнні; супрацьпажарнай прафілактычнай работай ахоплены не ўвесь жыллёвы фонд сельсавета, абследуюцца толькі домаўладанні, уласнікі якіх уключаны ў спецыяльныя спісы: мнагадзетныя сем’і і сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 18 год; пажылыя адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне; інваліды, сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы; асобы, злоўжываючыя спіртным, астатнія ж грамадзяне застаюцца без увагі, а варта памятаць, што пажар можа здарыцца ў доме любога чалавека, незалежна ад яго ладу жыцця.
Алег ПАД’ЯЛОЎСКІ, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС:
— Аналіз аператыўнага становішча, якое склалася сёлета на тэрыторыі сельсавета, паказвае, што па-ранейшаму тут учыняюцца правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку і ў галіне незаконнага вырабу і абароту спіртаўтрымліваючай прадукцыі. Сёлета 81 жыхар сельсавета прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 50 з іх — за распіццё спіртнога альбо знаходжанне п’яным у грамадскіх месцах, у тым ліку 1 школьнік. Насцярожвае факт, што 12 чалавек знаходзіліся нецвярозымі на рабочых месцах, аб гэтым трэба сур’ёзна задумацца кіраўнікам мясцовых сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый.
Жыхары сельсавета ўчынілі 20 злачынстваў, у асноўным — гэта крадзяжы — 17 фактаў. Радуе, што ў галіне сямейна-бытавых адносін на тэрыторыі сельсавета злачынствы сёлета не ўчыняліся.
Алена МАСЛАВА, дырэктар Дабаснянскай СШ:
— 4 непаўналетнія жыхары нашага сельсавета з 2-х сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта два браты 2003-га і 2005-га г.н., з якімі жорстка абыходзіўся іх бацька, і брацік і сястрычка 2003-га і 2008-га г.н., маці якіх неналежным чынам выконвае свае бацькоўскія абавязкі, злоўжывае спіртным. З гэтымі сем’ямі праводзіцца вызначаная работа згодна індывідуальных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Педкалектыў установы садзейнічаў, каб злоўжываючую спіртным маці пралячылі ад алкагольнай залежнасці, назначылі дзіцячую дапамогу, па магчымасці, выплацілі адрасную сацыяльную дапамогу. Дапамаглі з рамонтам электраправодкі ў доме, а зараз вядзецца рамонт пячнога ацяплення.
За час дзеяння Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна няўдачных сем’ях” з сем’яў нашага сельсавета было забрана 5 непаўналетніх і толькі 2 з іх вярнуліся ў біялагічныя сем’і.
Ад аўтара:
Пасля прамоў завітаўшых на сустрэчу з вяскоўцамі прадстаўнікоў службаў і ведамстваў для размовы былі выкліканы грамадзяне, якія згодна Дэкрэта №18 маюць статус “абавязаная асоба”, у асноўным — жанчыны. У кожнай з іх за плячыма — вялікія сумы запазычанасцей дзяржаве за выхаванне дзяцей, у адносінах якіх яны пазбавіліся бацькоўскіх правоў. Самая меньшая сума — 7 мільёнаў рублёў. Якім чынам гэтыя былыя маці будуць вяртаць запазычанасці, пры тым, што большасць не хочуць добрасумленна працаваць, учыняюць прагулы на рабоце, працягваюць злоўжываць спіртным, ні адна з іх дакладнага адказу не дала. Хтосьці спадзяецца, што дзяцей яшчэ вярнуць, хтосьці наогул не лічыць гэта праблемай, іншыя ж чакаюць спакойнай старасці, разам з тым наўрад ці разумеючы, што, калі запазычанасці не будуць вернуты, спакойнай старасці яны не дачакаюцца, бо выплаты ажыццяўляюцца не толькі з зарплаты але і з пенсіі. Як падкрэсліў пракурор раёна Вячаслаў Паршук: “Запазычанасці трэба адпрацоўваць”.
Магчыма, хтосьці з гэтых жанчын усё ж такі возьмецца за розум і добрасумленна адпрацуе сваю запазычанасць перад дзяржавай, а вось аддаць даўгі дзецям, якіх яны пазбавілі сямейнага цяпла, любві і мацярынскай пяшчоты, ім наўрад ці ўдасца…
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.