Для поспехаў патрэбны мэты

Пытаюся ў старшыні СВК “Калгас “Свярдлова” Анатоля Ланкуця:
— Як вам удаецца замацоўваць у працоўным калектыве маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя кадры? Яны шчыруюць у вас сярод інжынерных работнікаў, меха-нізатараў, заатэхнікаў, у бухгалтэрыі?
— Сакрэт вельмі просты, — адказвае старшыня, — сваіх маладых спецыялістаў мы жэнім, далей падтрымліваем новаспечаную сям’ю — выдзяляем утульнае, камфортнае жыллё, дапамагаем і не пакідаем без увагі. Я сам заўжды езджу на размеркаванне ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, гутару з іх навучэнцамі і студэнтамі, запрашаю да нас на работу. Вось зараз пазнаёмлю вас з новым галоўным ветурачом Алінай Зорынай — выпускніцай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, якая прыступіла да работы у сёлетнім жніўні, і заатэхнікам Марынай Ашчэпкавай, прыйшоўшай у наш калектыў летась пасля заканчэння Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.
“Я прыехала не адпрацоўваць, а працаваць”
Аліна Зорына — бабруйчанка. Сямікласніцай, дзяўчына ўжо задумалася, якую справу выбраць. Моцная прыхільнасць да братоў нашых меншых, жаданне даглядаць іх, дапамагаць, сталі падставай для прыняцця рашэння. Сваімі меркаваннямі Аліна падзялілася з роднымі.
— Маё рашэнне адразу не падтрымалі, — прызнаецца ў размове з намі маладая ветурач. — Адмаўлялі, аргументуючы тым, што ветэрынарны ўрач працуе не толькі ў сучасных клініках, але і на фермах, лечыць не толькі коцікаў і сабачак, але і кароў, свіней. Калі я паступала ў Віцебскую вет-акадэмію, добра разумела, чым буду займацца пасля атрымання дыплома, але адчувала, што гэта справа мая. Ведаеце, вельмі важна знайсці сваё месца ў жыцці, я была ўпэўнена, што знайшла.
Гады вучобы для Аліны Зорынай праляцелі нібы адзін дзень: цікава, насычана, напоўненыя новымі ведамі, адкрыццямі, уражаннямі. Асабліва захапляла хірургія, праўда, навыкі аперыравання студэнты адпрацоўвалі толькі на мясакамбінаце. Праводзіць сапраўдную хірургічную аперацыю, рабіць вакцынацыю, прымаць ацёлы ў кароў Аліна вучылася самастойна — на працы ў СВК “Калгас “Свярдлова”. Тут гэтага маладога спецыяліста чакалі з нецярпеннем (нават падрыхтавалі ёй у якасці жылля ўтульны домік), тым больш, што напярэдадні дзяўчына праходзіла ў гаспадарцы пераддыпломную практыку і станоўча зарэкамендавала сябе.
Аліна працягвае размову:
— Памятаю, у першы дзень майго прыезду старшыня Анатоль Ланкуць запытаўся: “Прыехала адпрацоўваць альбо працаваць?”. Я адказала, што працаваць, бо лічу абавязкам сваёй добрасумленнай, адказнай працай аддзякаваць гаспадарцы за тое, што добра прынялі мяне, з павагай і ўвагай паставіліся, прадаставілі першае ў жыцці рабочае месца і далі магчымасць напрацаваць вопыт — гэта дарагога каштуе.
На пытанне: “Што патрэбна сучаснаму маладому чалавеку, каб дасягнуць поспеху?” — Аліна адказала:
— Каб чагосці дасягаць, трэба ставіць перад сабой мэты. Ісці да іх рэалізацыі, рэагаваць на няўдачы аптымістычна, а каб уліцца ў новы працоўны калектыў, трэба не канфліктаваць, а знаходзіць агульныя шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Такім жа маладым спецыялістам, як я, хачу пажадаць абавязкова знайсці сваё месца ў жыцці, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.
“Мая мэта — павысіць адукацыю і стварыць сям’ю”
Да нашай размовы з маладым ветурачом далучылася Марына Ашчэпкава. Дзяўчына — ураджэнка Чэрыкаўшчыны. З сельскагаспадарчай працай знаёмая з дзяцінства. На прыкладзе сваёй маці бачыла, што справа сельскага працаўніка — цяжкая, аднак ганаровая, бо без хлеба, малака, мяса жыццё сучаснага чалавека наўрад ці будзе паўнацэнным.
— У “Свярдлова” я трапіла невыпадкова, — распавядае аб сваім працоўным шляху Марына, — да нас — выпускнікоў Клімавіцкага агракаледжа перад размеркаваннем Анатоль Ланкуць прыязджаў сам, з кожным пагутарыў. Ягоны расказ аб працы і жыцці ў гаспадарцы захапіў мяне, я самастойна выказала жаданне працаваць менавіта ў гэтым сельгаскааператыве.
Малады заатэхнік адзначыла, што ў сельскай гаспадарцы не бывае без цяжкасцей, аднак калектыў “свярдлоўцаў” зладжаны, тут не пакінуць адзін на адзін з праблемай, заўсёды падтрымаюць, дапамогуць.
— Ды і старшыня трымае сваё слова: не абдзяляе ўвагай, ведае, як пахваліць за добра зробленае, і як далікатна ўказаць на недахопы, гэта для маладых спецыялістаў вельмі важна, — працягвае дзяўчына.
Для поспеху, на думку Марыны Ашчэпкавай, трэба развіваць у сабе такія якасці, як імкненне дасягаць мэты, быць актыўным і адказным.
Пытаюся ў Марыны:
— А якая ж у вас мэта, калі не сакрэт?
— Па-першае, закончыць вучобу ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, куды я паступіла ўжо працуючы ў СВК “Калгас “Свярдлова”, а па-другое, стварыць сям’ю, бо лічу, што па-сапраўднаму шчаслівым можна быць толькі ў коле родных, самых блізкіх для цябе лю-дзей.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.