“Каралева палёў” пакараецца “Ягуару”

Палявыя работы ў падсобнай гаспадарцы ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, дзе супрацоўнікі рэдакцыі пабывалі ў сераду, вядуцца адразу па некалькіх напрамках. Адзін з іх — уборка кукурузы на сілас.
Нарыхтаваць удосталь кармоў для грамадскага пагалоўя — задача вельмі адказная. Гэта добра разумеюць і спецыялісты, і механізатары гаспадаркі. Спрыялі хуткім тэмпам работ пагодныя вераснёўскія дзянькі.
Работы па ўборцы кукурузы ў гэты дзень вяліся на полі за вёскай Малінаўка, плошча якога складае 145 га. Як адзначыў галоўны аграном Аляксандр Сімукоў, усяго пад “каралеву палёў” у гаспадарцы адведзена 900 га. На кукурузны сілас пойдзе ўраджай з 700 га, з 200 га — на зерне, якое потым плануюць рэалізаваць.
Работы па ўборцы кукурузы вядуцца двума корманарыхтоўчымі комплексамі — “Ягуар” і КЗР-10, якімі кіруюць старанныя працаўнікі Аляксандр Тылінскі і Уладзімір Барысёнак. Прама на вачах яны напаўнялі падыходзячую тэхніку зялёнай масай. Хаця на адвозцы задзейнічана 7 адзінак тэхнікі, яна не прастойвала. Хуткімі тэмпамі дастаўляюць здрабнёную масу на сіласную яму, якая закладваецца ў Пацавай Слаба-дзе, вадзіцелі Аляксандр Цярэшчанка, Сяргей Комар, Валерый Чарапуха і іншыя.
Сярэдняя ўраджайнасць кукурузнага корму складае 270 ц/га. Па стану на 12 верасня, было ўбрана 160 га кукурузы і закладзена 2800 тон сіласу.
У чарадзе восеньскіх работ і ўборка цукровых буракоў. У райаграпрамтэхзабеспячэнні, па стане на сераду, караняплоды былі ўбраны з плошчы 11 га, накапана 365 тон. На круг атрымліваюць па 331 цэнтнеру. Агульная ж плошча “салодкай” культуры — 400 га. Уборка буракоў, якая вядзецца на камбайне “HOLMER”, даручана адказнаму і вопытнаму механізатару Пятру Дразду.
Паралельна з гэтымі работамі вядзецца сяўба азімых, уборка бульбы, а таксама і шэраг іншых сельгасработ.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.