Магчымасць удзелу ў галасаванні забяспечана ўсім выбаршчыкам

У рэдакцыю па тэлефоне паступілі пытанні з просьбай растлумачыць асобныя пытанні арганізацыі правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На іх мы папрасілі адказаць начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталлю СУРАВЕЦ.
— Па стане здароўя я не магу трапіць на ўчастак для галасавання. Як мне прыняць удзел у выбарах?
— Выбаршчыкам, якія па стане здароўя ці па іншых важкіх прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, участковая камісія ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь абавязана забяспечыць магчымасць удзельнічаць у галасаванні. Па просьбе выбаршчыкаў, выказанай у пісьмовай ці вуснай форме, участковая камісія даручае не менш чым двум членам камісіі арганізаваць галасаванне па месцы знаходжання гэтых асоб у дзень выбараў. Для гэтых мэт ва ўчастковай камісіі павінна быць не больш трох пераносных скрынь для галасавання.
Звярніце, калі ласка, увагу на тое, што з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчык можа звярнуцца ва ўчастковую камісію ў любы час з моманту яе стварэння, а ў дзень галасавання — не пазней, чым за дзве гадзіны да заканчэння часу галасавання (да 18.00 гадзін).
— Нядаўна трапіла ў раённую бальніцу і, напэўна, да дня выбараў мяне не выпішуць, таму не змагу прагаласаваць на сваім участку. Якім чынам мне прыняць удзел у парламенцкіх выбарах?
— Згодна Выбарчага кодэкса, участкі для галасавання могуць быць утвораны ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах. На такіх участках не праводзіцца датэрміновае галасаванне, а толькі ў дзень выбараў. У нашай цэнтральнай раённай бальніцы размешчаны закрыты ўчастак для галасавання, спісы выбаршчыкаў рыхтуюцца за 2 дні да дня выбараў. На гэтым участку Вы і зможаце прагаласаваць 23 верасня.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.