У трэці раз Магілёўшчыне выпаў гонар прымаць рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Яго сталіцамі станавіліся Шклоў — у 2000 годзе, Бабруйск — у 2006 годзе і зараз — Горкі. З 21 па 22 верасня горад, абноўлены, упрыгожаны за апошні год новымі аб’ектамі, прымае свята ўраджаю. Увесь Прыдня-проўскі край рыхтаваўся дастойна сустрэць гэтае свята, перш за ўсё, важкім караваем: яго агульная вага з улікам фермерскіх гаспадарак і асабістых падворкаў склала 1,4 млн. тон збожжа. Гэты паказчык — лепшы за ўсю гісторыю рэгіёна.
За пятнаццаць гадоў правядзення “Дажынак” пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур ад нашай вобласці сталі каля 540 чалавек, сярод якіх — і прадстаўнікі Кіраўшчыны. Аддадзеныя роднай зямлі людзі штогод радуюць усё больш высокімі намалотамі.
Сёння пераможцы рэспублікаснкага спаборніцтва будуць ушанаваны і адзначаны заслужанымі ўзнагародамі.
І зноў наш раён — у ліку пераможцаў. На гэты раз — у ганаровай намінацыі — рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадакаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
Стымулам, прывёўшым да новых дасягненняў, у аграрыяў Кіраўшчыны быў адметны леташні поспех: раён стаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод раёнаў Магілёўшчыны і прадстаўляў вобласць на “Дажынках-2011” у Маладзечне. Таму сёлета да свята ўраджаю, тым больш, праходзячага ў нашай вобласці, у раёне рыхтаваліся з асаблівым настроем. І руплівая праца была ўзнагароджана новым рэкордам у гісторыі раёна: атрымалі 65772 тоны збожжа пры ўраджайнасці 45,6 ц/га! А залогам поспеху стала захаванне на кожным этапе карпатлівага шляху да ўраджаю тэхналогіі земляробства, якасная падрыхтоўка машынна-трактарнага парку і збожжаўборачнай тэхнікі. І вось — новая перамога і ўдзел у “Дажынках-2012”!
Трэба дадаць, што шмат увагі сёлета было нададзена добраўпарадкаванню раёна: каб дастойна выглядаць да рэспубліканскіх “Дажынак”!
Магілёўшчына прымае “Дажынкі”!
Пятница, 21.09.2012 12:39. Рубрика: Без рубрики