На парадку дня — сяўба азімых

Работа працаўнікоў сельскай гаспадаркі не прыпыняецца ні на хвіліну. Здаецца, толькі ўчора выслабанілі палеткі ад збожжавых культур, як ужо сёння трэба зноў араць і засейваць глебу на зіму. У СВК “Бераснёўскі” актыўна вядуць сяўбу азімых. Нашы карэспандэнты прыехалі ў мінулую пятніцу ва ўрочышча за в.Негаўля, дзе ва ўсю кіпела работа. Магутнай тэхнікай, якой кіравалі вопытныя механізатары, засявалася поле.
Сярод занятых на гэтых работах – Сяргей Сакалоўскі (на фота). У гаспадарцы ён працуе 7 гадоў. Падчас пасяўных работ – на пагрузчыку, а зімой займаецца падвозкай кармоў. Ён – добры сем’янін, і маладой сям’і , у якой выхоўваецца двое дзяцей, гаспадарка выдзеліла дыхтоўны дом у а/г Баравіца.
На падвозцы зерня да сеялкі на ГАЗ-53 працуе Аляксандр Гаўрыленка.
Генадзь Доўкша і Сяргей Міхалап зараз заняты на ворыве пад азімыя. Яны –мясцовыя жыхары і ў гаспадарцы працуюць са школы. Падчас жніва перасаджваюцца на на збожжауборачныя камбайны.
Поле за в. Негаўля, дзе мы пабывалі, займае 52 га. На той дзень былі засеяны 26 га і да вечара планавалася гэта поле дасеяць.
На трактары МТЗ-3022 з сеялкай АППМ-6 тут шчыраваў Віктар Скрыпуноў. За дзень ён засявае да 45 га, што складае 2, 5 нормы.
Як адзначыў галоўны аграном СВК “Бераснёўскі” Васіль Лугаўцоў , па стане на раніцу 31 жніўня ў гаспадарцы было засеяна 60 га азімага трыцікале з плануемых 210 га. Усяго ж неабходна засеяць азімым збожжам 600 га, 60 га азімым – на зялёны корм.
Частка палёў будзе засеяна гатункам “імпульс» ( закуплена 30 тон на 125 га), а таксама – «міхась» першай рэпрадукцыі. Наогул, як адзначыў Васіль Уладзіміравіч, уласнае насенне ў гаспадарцы – першай рэпрадукцыі. Пасяўны матэрыял ачышчаны і даведзены да кандыцыі. Будзе высявацца таксама азімае жыта гатунку «спадчына» (яго плануецца закупіць яшчэ 20 тон на 84 га).
Такім чынам, кандыцыйным насеннем гаспадарка забяспечана, тэхніка і людзі працуюць спраўна, і пасеяць азімыя ў гаспадарцы плануюць датэрмінова.
Кацярына КІРЭЕВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.