Па жыцці — разам з кнігай

Нягледзячы на тое, што існуе меркаванне, быццам папяровая кніга выцясняецца электроннай, ёсць людзі, і іх нямала, якія лічаць зусім інакш. Яны працягваюць актыўна карыстацца паслугамі бібліятэк і нават папаўняюць іх кніжны фонд. Так, у рамках акцыі «Ад шчырага сэрца — у добрыя рукі» цэнтральнай бібліятэцы падарылі кнігі Соф’я Крыванос, Алена Касцюкевіч, Людміла Лагойка, Галіна Лось.
У раёне абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 24 бібліятэкі. Сярод іх: цэнтральная, дзіцячая і 22 сельскія. А для жыхароў аддаленых вёсак выкарыстоўваецца бібліёбус — перасоўная бібліятэка.
Кніжны фонд раённай бібліятэчнай сістэмы складае 325405 экзем-пляраў. Для ўліку кніжнага фонду выкарыстоўваецца як каталожны, так і электронны варыянты. У апошнім налічваецца 26967 запісаў.
Як адзначыла ў нашай размове дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Іваніцкая, асноўнай функцыяй бібліятэк была і застаецца кнігавыдача.Разам з тым павялічваецца пералік аказваемых бібліятэкамі дадатковых платных паслуг. Сёлета іх — 32. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца камерцыйны абанемент, выдача літаратуры з чытальнай залы, выхад у сетку Інтэрнэт, ламініраванне і перфабіндзіраванне — гэта калі заламініраваныя лісткі сшываюць у своеасаблівы блакнот.
У дзейнасці бібліятэк выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі: мультымедыйныя прэзентацыі, наведвальнікам прадстаўляецца магчымасць скарыстацца аудыё- і электроннымі кнігамі.
Актыўнымі чытачамі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў з’яўляюцца кіраўчане Рыгор Куцілкін, Ніна Булах, Алена Загорская, Уладзімір Перадня і многія іншыя.
Адзін са шляхоў папулярызацыі бібліятэк — арганізацыя кніжных выстаў. Так, у цэнтральнай раённай бібліятэцы сёлетняму Году кнігі прысвечаны выставы «2012 год — Год кнігі», «Аматары чытаць, далучайцеся!», «Твая залатая бібліятэка». Цікавасць наведвальнікаў выклікаюць кніжна-прадметныя выставы: «Высокім пачуццём акрылены», «Святло дабрыні, любові, надзеі» і многія іншыя.
Работнікі бібліятэк імкнуцца ўносіць разна-стайнасць у дзейнасць сваіх устаноў культуры. 38 аматарскіх аб’яднанняў, клубаў, гурткоў займаюць значнае месца ў арганізацыі вольнага часу насельніцтва. Клубныя фарміраванні працуюць па розных напрамках: краязнаўчы, экалагічны, літаратурны. У рабоце з дзецьмі выкарыстоўваюцца гульнявыя формы.
Трэба адзначыць, што цэнтральная бібліятэка ў рамках праграмы “Міласэрнасць і кніга. Бібліятэка без межаў” (на 2010-2014 г.г.) адкрыла бібліятэчны пункт у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў РЦСАН. Тут двойчы ў месяц праводзяцца абмен літаратуры, музычныя гадзіны, робіцца агляд творчасці пісьменнікаў-юбіляраў.
Пры абслугоўванні людзей пажылога ўзросту ўлічваюцца спецыфічныя асаблівасці гэтай групы чытачоў. Па жаданні яны могуць абслугоўвацца на даму. Сёлета такіх чытачоў — 94.
Займаюцца бібліятэкі і такой, здавалася б, неспецыфічнай для іх дзейнасцю, як выдавецкая. Распрацаваны і выдадзены 5 буклетаў з метадычнымі рэкамендацыямі ў дапамогу бібліятэкарам раёна, дапоўнены і перавыдадзены зборнікі твораў мясцовых паэтаў.
Наталія ПЕЧАНЬ,
студэнтка 2 курса
МДУ імя А. А. Куляшова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.