Паклікаў званок на першы ўрок!

Сёлетні Дзень ведаў на радасць школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў выдаўся незвычайна прыгожым і светлым. Шчодра адорвала цеплынёй першавераснёўскае сонейка, а суботні дзень — выхадны ў большасці працоўных калектываў, дазволіў бацькам, родным і блізкім падзяліць радасць школьнікаў і разам з імі прыйсці на лінейкі, адчуць урачыстасць свята ведаў. Некаторыя дарослыя прызналіся, што сустрэча з дзяцінствам падарыла масу цёплых, шчырых успамінаў.
Станоўчыя эмоцыі першавераснёўскай раніцы выклікалі не толькі яснае надвор’е і прыемныя клопаты збораў на лінейку — школьныя касцюмы, белыя банты і шыкоўныя букеты настаўнікам, але і пануючая навокал дабрыня, якую нясуць у сабе веды. У гэты дзень цікавы, светлы, насычаны новымі сустрэчамі, марамі і надзеямі свет ведаў упершыню расчыніў дзверы для 220-ці хлопчыкаў і дзяўчынак Кіраўшчыны. Па традыцыі, 1 верасня на лінейках менавіта першакласнікам надаецца асаблівая ўвага.

У гімназіі вырашылі неардынарна і цікава сустрэць новых вучняў амаль са школьнага двара: намалявалі ад варот да пешаходных пераходаў на праезнай частцы дзіцячыя сляды. Па іх увялі ў школьнае жыццё першакласнікаў бацькі, якія, здавалася, хваляваліся нават больш, чым малыя. Маленькія ручкі сваіх сыноў і дочак яны перадалі ва ўпэўненыя моцныя рукі адзінаццацікласнікаў і першых настаўніц Святланы Сафронавай і Марыі Іваніцкай. Вось так будучыя выпускнікі і іх змена пад апладысменты сабраўшыхся на лінейцы і не старэючую мелодыю “Буквы разные писать тонким перышком в тетрадь учат в школе…” занялі ганаровае месца на лінейцы.
Гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь абвясцілі аб урачыстым адкрыцці лінейкі. Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена лепшым вучням гімназіі — Кірылу Дразду, пераможцу абласной, прызёру рэспубліканскай алімпіяды па асновах бяспекі жыццядзейнасці, і Паўлу Хурсаву — пераможцу раённага, прызёру абласнога конкурсу навукова-доследных работ.
Ганаровы госць лінейкі — старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў даў наказ навучэнцам гімназіі:
— Сёлета ў Кіраўскім раёне за парты селі больш за 2150 вучняў. Радуе, што ў нашым раёне колькасць перша-класнікаў амаль у два разы перавышае колькасць леташніх выпускнікоў школ.
І раённая ўлада, і педагагічныя калектывы, і бацькоўскія камітэты робяць усё магчымае, каб нашы дзеці ў камфортных умовах, утульных класах атрымлівалі веды, умацоўвалі сваё здароўе. Толькі ў бягучым годзе на завяршэнне трэцяга этапу рэканструкцыі гімназіі, поўную замену вокнаў і дзвярэй было выдзелена больш за 330 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў, з дапамогай педработнікаў і бацькоў вучняў чакаюць адрамантаваныя, абноўленыя вучэбныя кабінеты.
Улічваючы, што у новым навучальным годзе ў гімназіі будзе ўведзена абавязковае тэсціраванне па замежнай мове для выпускных класаў, райвыканкамам прынята рашэнне абсталяваць кабінет для вывучэння замежных моў.
Жадаю гімназістам выдатнага настрою і высокіх адзнак, будучым выпускнікам — добра падрыхтавацца да экзаменаў, настаўнікам — поспехаў, а бацькам — цярпення. У добры шлях!
Сюрпрызам для педагагічнага і вучнёўскага калектыву гімназіі стаў падарунак, уручаны Уладзімірам Піскіжавым ад райвыканкама дырэктару навучальнай установы Людміле Іскавай, — мотакасілка для таго, каб школьны двор быў заўсёды дагледжаным, радаваў вока і ўзнімаў настрой.
Падарункаў і добрых слоў гімназісты атрымалі ў гэты дзень шмат. Аляксандр Багель — старшыня шэфскай гаспадаркі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага падарыў ад рассветаўцаў мікшарскі пульт і мікрафон, калектыў УКП “Жылкамгас” у якасці падарунка перадаў тэлефонны апарат.
Пасля цырымоніі віншаванняў і падарункаў увага зноў была адрасавана першаклашкам. Гаспадар гімназіі — дамавёнак Кузьма Іваныч пазнаёміўся з імі і паабяцаў навучыць вучыцца. Малышы, у сваю чаргу, запэўнілі, што цацкі пакінулі дома, бо зараз не будзе калі гуляць з імі: прыйшоў час чытаць кніжкі. А потым кожны з рабят загадаў жаданне і выпусціў увысь паветраны шарык. Блакітнае неба расквеціла гронка рознакаляровых шарыкаў — сімвалаў дзіцячых мараў, усё вышэй і вышэй іх падштурхоўвала моцная вера ў тое, што гэтыя мары абавязкова збудуцца.
Адзінаццацікласнік Аляксандр Гузаў і першакласніца Паліна Юркавец далі першы школьны званок, які паклікаў рабят на першы ўрок “Я — грамадзянін Беларусі”.
…Пасля ўрачыстых лінеек і святочных заняткаў школьнікі разышліся па дамах — у іх засталося яшчэ крышачку часу развітацца з летам. А настаўнікі пачалі чакаць панядзелка, з якога зноў для кожнага з іх стартаваў час цікавых адкрыццяў і творчага натхнення. І зноў яны, як герой кінастужкі “Вялікая перамена” Нестар Пятровіч Севераў, будуць жыць пачуццямі і перажываннямі сваіх вучняў — маленькіх і дарослых. Якія, здаецца, як Рыгор Ганжа, будуць дастаўляць настаўнікам масу клопатаў, але ж заставацца такім ж любімымі; як Гена Ляпішаў, будуць імкнуцца адвільваць ад вучобы і збягаць па іншых справах, але ж заставацца такім ж лю-бімымі. Як Нэлі Ляднёва, марыць аб каханні, замест таго, каб вучыць урокі, але ж заставацца такім ж любімымі. І ў выніку за сваю бясконцую любоў да дзяцей і прафесіі, самаадданую працу на ніве педагогікі атрымаюць сапраўдную ўзнагароду — любоў сваіх вучняў!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.