Рэкорд па намалоце пераўзыдзены, усе клопаты — аб ураджаі-2013

Як мы паведамлялі, у апошні дзень жніўня на базе Круглянскага раёна адбыліся абласныя “Дажынкі”. Губернатар Магілёўшчыны Пётр Руднік у ліку іншых кіраўнікоў раёнаў уручыў каравай, выпечаны са збожжа новага ўраджаю, старшыні Кіраўскага райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву.
Гэты прыгожы духмяны каравай — сімвал укладу нашага рэгіёна ў агульны намалот Прыдняпроўскага краю —красаваўся на стале залы пасяджэнняў райвыканкама падчас правядзення расшыранай аператыўнай нарады ў пачатку гэтага тыдня. Старшыня райвыканкама адзначыў, што наш раён — адзін з трох у вобласці (Кіраўскі, Горацкі і Мсціслаўскі), якія пераўзышлі найбольшы ў сваёй гісторыі намалот збожжа. Для Кіраўшчыны самым выніковым па валавым зборы збожжа быў 2008 год — 65143 тоны, сёлета атрымалі на 629 тон больш!
Уладзімір Піскіжаў падзякаваў усім, хто меў дачыненне да ўборкі хлеба, за добрасумленную працу, адказныя адносіны да справы, папрасіў кіраўнікоў перадаць словы віншаванняў і ўдзячнасці працоўным калектывам, якія прымалі ўдзел у правядзенні ўборачнай кампаніі.
Як мы абяцалі, каментарыі да вынікаў жніва і цяперашніх сельскагаспадарчых работ дае ў гэтым нумары газеты першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай ПАД’ЯЛОЎСКІ:
— Вынікі ўборкі збожжавых і зернебабовых культур без кукурузы па раёне наступныя: убрана 14195 га плошчаў, намалочана 65772 т збожжа, што больш узроўню 2011 года на 9711 т. Сярэдняя ўраджайнасць склала 46,3 ц/га, што на 6 ц больш леташняга паказчыка.
Актыўна, на высокім арганізацыйным узроўні прайшла ўборка збожжавых і зернебабовых у СВК “Чырвоны баец”, дзе намалочана 6130 т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 60,4 ц/га, а рост валавога збору збожжа да леташняга ўзроўню склаў 127,7%; у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, дзе намалочана 18418 т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 57,7 ц/га.
Добрых паказчыкаў у вытворчасці збожжа дабіліся і ў РУП “Жылічы”, дзе намалот склаў 5673 т, з кожнага гектара атрымана па 52,6 ц, валавы рост збожжа да ўзроўню мінулага года — 121,5%.
Арганізавана праводзілася жніво ў СВК “Бераснёўскі” і райаграпрамтэхзабеспячэнні. А ў цэлым па раёне ўборка збожжавых і зернебабовых прайшла на высокім агратэхнічным узроўні, практычна за 20 рабочых дзён, што дазволіла сабраць ураджай без страт — усё гэта адбылося дзякуючы якаснай падрыхтоўцы збожжаўборачных камбайнаў, зернеачышчальных комплексаў, зладжанай працы калектываў сельгасарга-нізацый.
У ходзе жніва больш 1 тыс. т збожжа намалацілі 23 экіпажы, больш 1,5 тыс. т — 7, больш 2 тыс. т — 3 экіпажы.
Больш 1 тыс. т збожжа перавезлі 27 ва-дзіцеляў, больш 1,5 тыс. т — 20, больш 2 тыс. т — 12, больш 3 тыс. т — 2 вадзіцелі. Такой колькасці экіпажаў камбайнераў, маючых на сваім рахунку больш 1 тыс. т намалочанага збожжа, і вадзіцеляў, перавёзшых столькі ж, у раёне яшчэ не было!
Адначасова са жнівом вялася ўборка саломы. З 14195 га звезена з палёў і змельчана салома на 14110 га або 99% ад неабходнага.
Завершаны работы па церабленні льну і вядзецца ўздым ільнотрасты.
У сельгасарганізацыях ужо зараз дбаюць аб новым ураджаі: якая будзе зараз закладзена аснова, такім і будзе вынік у 2013 годзе. Таму адзін з важнейшых відаў восеньскіх палявых работ у цяперашні час — сяўба азімых. Пад азімую сяўбу ўнесена 54 тыс. т арганічных угнаенняў з неабходных 71 тыс. т, або 76% да плана. У СВК “Чырвоны баец”, СГФ “Чыгірынка”, СВК “Бераснёўскі” план па ўнясенні арганікі пад азімую сяўбу выкананы.
Адным з важных фактараў атрымання добрага ўраджаю з’яўляецца ўнясенне мінеральных угнаенняў. Калі азотнымі і калійнымі тукамі гаспадаркі забяспечаны спаўна, то фосфарных адчуваецца недахоп. Каб яго кампенсаваць, неабходна як мага больш унесці арганікі.
Своечасовае правя-дзенне работ па ўзворванні глебы гарантуе дружныя ўсходы і добрае развіццё раслін. У сельгасарганізацыях узарана 9414 га пло-шчаў, або 89% ад плана. Ворыва неабходна завяршыць да 10 верасня.
Немалаважна таксама мець кандыцыйнае насенне. Усе сельгасарганізацыі забяспечаны насеннем пад азімую сяўбу 2013 года і насеннем пераходзячага фонду. Усё насенне з засыпанага ў асноўны фонд праверана, яно адпавядае кандыцыі. Для сортазмены і сортаабнаўлення гаспадаркам трэба штогод завозіць элітнае насенне. З размеркаваных 249 т сельгасарганізацыямі атрымана 160 т (64% ад выдзеленага). Работы па вывазу элітнага насення трэба завяршыць да 15 верасня.
Згодна рэкамендацый тэрміны сяўбы азімых культур па нашай зоне ўстаноўлены з 25 жніўня па 20 верасня бягучага года. Па стане на ўчарашні дзень у сельгасарганізацыях засеяны азімымі 3830 га ці 36% ад плана. Для заканчэння сяўбы ў аптымальныя тэрміны трэба штодзённа засяваць не менш 400 га.
Згодна рашэння райвыканкама ў гаспадарках для барацьбы з пустазеллем трэба ўнесці гліфасат- утрымліваючыя прэпараты на плошчы 9800 га. Яны пакуль унесены на 6315 га (64% неабходных плошчаў), таму варта без прамаруджвання актывізаваць гэтую работу з тым, каб мець большы перыяд чакання перад заворваннем для поўнага знішчэння шматгадовага пустазелля.
Нездарма гаворыцца: восень — работ восем. Каб мець надзеі на добры ўраджай наступнага года, трэба з поўнай аддачай папрацаваць зараз!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.