Увага — восеньскаму полю

Па шырокім, здаецца, бяскрайнім, як акіян, полі, акружаным пышным лесам, шпарка рухаецца трактар, пакідаючы за сабой свежаўзараную паласу. Ступаючы на гэты кавалачак сельгаспалеткаў, адразу сустракаешся з прыемным пахам глебы, толькі што ўзрушанай сталёвымі плугамі. Так пахне будучы ўраджай. Гэтую цудоўную карціну ў мінулую сераду мы назіралі і адчувалі на палетках сельгасфіліяла “Чыгірынка” РУП “Беларусьнафта Магілёўаблнафтапрадукт” ва ўрочышчы Падлужжа.
Сяўбу азімых культур працаўнікі філіяла праводзяць, як і належыць, у аптымальныя тэрміны — першую палову верасня, выконваючы неабходныя агратэхнічныя нормы.
— Нам прадстаіць засеяць больш за 400 га плошчаў, — расказвае галоўны інжынер сельгасфіліяла Алег Сіпакоў. — Зараз выканалі амаль 36% аб’ёму работ. Сяўбу праводзіць Ілья Малахаў на пасяўным агрэгаце “Лемкен”, а нашы маладыя механізатары Леанід Садоўскі і Ілья Цярэшчанка заняты на ўзворванні глебы.
Дарэчы, у адрас ураджэнца Шалаёўкі Ільі Цярэшчанкі галоўны інжынер выказаў шмат станоўчых характарыстык. Галоўнае, што малады чалавек адказна ставіцца да справы і валодае выдатнай здольнасцю рамантаваць тэхніку. Пасля таго, як Ілья атрымаў прафесію ў Буйніцкім агралесатэхнічным каледжы, адслужыў у арміі і вярнуўся працаваць у родны раён, у сельгасфіліяле яму быў даручаны трактар МТЗ-1221. Агрэгат, на жаль, часта выходзіў са строю, з-за чаго падоўгу пра-стойваў на мехдвары. Ілья адрамантаваў яго, прывёў у належны стан, і зараз сталёвы сябар не падводзіць.
— Нам патрэбны такія людзі, якія ставяцца да маёмасці гаспадаркі як да сваёй, берагуць, да-глядаюць, утрымліваюць у належным стане, — працягвае характарыстыку маладога, перспектыўнага механізатара Алег Сіпакоў. — А тэхніка нас не павінна падводзіць — работы хапае круглы год. Так, зараз паралельна з сяўбой азімых вядзём уборку саломы — занята 4 агрэгаты, узворваем глебу пад зябліва, уносім мінеральныя ўгнаенні з дапамогай новай сельгасмашыны “Раса”.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.