Выбарчыя камісіі Магілёўшчыны працуюць на высокім прафесійным узроўні

Аб тым, як праходзіць сёлетняя выбарчая кампанія на Магілёўшчыне, мы, карыстаючыся выпадкам знаходжання ў раёне, папрасілі падзяліцца доўгатэрміновага назіральніка ад СНД, намесніка дырэктара інфармацыйна-аналітычнага дэпартамента — начальніка аналітычнага аддзела Выканаўчага камітэта СНД Юрыя КУЛАКОЎСКАГА:
— Разам са сваім калегам Уладзімірам Крохмалем, дырэктарам прававога дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД я з’яўляюся міжнародным назіральнікам па Магілёўскай вобласці. Назіральная місія Выканаўчага камітэта СНД, якую мы прадстаўляем, пачала ў рэспубліцы сваю работу на сёлетніх выбарах 20 жніўня. Узначальвае яе старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.
Органы, адказныя за правядзенне выбарчай кампаніі, стварылі ўсе неабходныя ўмовы для работы міжнародных назіральнікаў. Іх у асноўны дзень галасавання ў саставе місіі назіральнікаў ад СНД будзе каля 330 чалавек.
Назіранне ажыццяўляецца ва ўсіх выбарчых акругах Беларусі, што дазволіць больш аб’ектыўна ацаніць выбарчы працэс у цэлым. Уся сабраная назіральнікамі інфармацыя акумулюецца і аналізуецца ў штабе місіі ў Мінску. Пасля яе ўсебаковага вывучэння будзе падрыхтавана заява аб выніках назірання, якую кіраўнік місіі агучыць 24 верасня.
За час работы місіі я паспеў азнаёміццца з работай ўсіх акруговых выбарчых камісій Магілёўшчыны, наведаў шэраг гарадскіх і сельскіх выбарчых участкаў.
Трэба адзначыць, што выбарчыя камісіі паўсюдна працуюць дакладна, зладжана, у строгай адпаведнасці з закандаўствам, укамплектаваны вельмі прафесійнымі, падрыхтаванымі людзьмі, якія маюць практычны вопыт работы ў выбарчых кампаніях, што вельмі важна. Я не першы раз працую ў Беларусі ў якасці назіральніка і бачу, што ў саставе камісій адбываецца ратацыя — прыходзяць новыя і, як правіла, вельмі адказныя людзі.
Аб кампетэнтнасці і прафесіяналізме членаў выбарчых камісій сведчыць той факт, што ад кандыдатаў у дэпутаты ад Магілёўскай вобласці ў Цэнтрвыбаркам паступіла толькі 2 апеляцыі з нагоды адмаўлення ў рэгістрацыі. Яны не былі задаволены, паколькі выбарчымі камісіямі на месцах былі прыняты пра-вільныя, адпавядаючыя дзеючаму заканадаўству рашэнні і дзеянні.
Як вядома, сёлета ў Выбарчы кодэкс унесены шэраг змяненняў і, трэба адзначыць, члены акруговых выбарчых камісій, участковых выбарчых камісій дастаткова дасведчаныя ў гэтых пытаннях.
Мы, як назіральнікі, у выбарчы працэс не ўмешваемся, а толькі адсочваем сітуацыю, тое, як праходзіць выбарчая кампанія, як выконваюцца ўсе патрабаванні заканадаўства. Выяўленыя ў ходзе нашай работы парушэнні Выбарчага заканадаўства фіксуюцца. Нічога падобнага на Магілёўшчыне пакуль не выяўлена.
Варта адзначыць высокую ступень арганізацыі і адкрытасць выбарчай кампаніі, якія стануць залогам свабоднага волевыяўлення грамадзян.
Паўсюдна назіраем высокую ступень гатоўнасці выбарчых участкаў. Усе ўчастковыя камісіі сфарміраваны своечасова, своечасова адкрыты памяшканні, складзены спісы. 18 верасня пачалося датэрміновае галасаванне. Сам факт магчымасці яго правядзення чамусьці выклікае ў шэрагу пабочных назіральнікаў, у прыватнасці, АБСЕ пэўныя прэтэнзіі, маўляў, магчыма фальсіфікацыя, ускладняецца сам працэс вядзення назіральніцтва, бо ўсе 5 дзён немагчыма на кожным з участкаў пільна адсочваць сітуацыю. Лічу, што ўсе гэтыя прэтэнзіі не маюць ніякіх падстаў, бо мне самому ў свой час, калі быў дэпутатам і старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь давялося ўдзельнічаць у прыняцці Выбарчага кодэкса, і многія пазіцыі, у тым ліку і правядзенне датэрміновага галасавання — практыкуемая норма для заходняй дэмакратыі.
Многім грамадзянам нашай рэспублікі давядзецца скарыстацца магчымасцю датэрміновага галасавання, у тым ліку і мне, паколькі па абавязку службы ў дзень выбараў не змагу знаходзіцца па месцы жыхарства, паблізу свайго выбарчага ўчастка. Пры адсутнасці працэдуры датэрміновага галасавання значная частка выбаршчыкаў проста губляе сваё права свабоднага волевыяўлення.
Лічу, што датэрміновыя выбары ў вобласці стартавалі без якіх-небудзь сур’ёзных парушэнняў і праходзяць у спакойнай, дзелавой атмасферы.
Наогул карпатлівая і дакладная падрыхтоўка да правядзення выбараў, іх адкрытасць будуць садзейнічаць таму, што парламенцкія выбары пройдуць у нашай краіне дэмакратычна.
У дзень выбараў назіральнікі актывізуюць сваю работу. Чакаецца самае шырокае прадстаўніцтва ад суседніх краін, розных партый. Гэта тлумачыцца вялікім інтарэсам да нашай рэспублікі на міжнароднай арэне. Прываблівае, па-першае, сама асоба кіраўніка нашай дзяржавы — моцная, неардынарная. Прэзідэнт непахісна стаіць на абароне інтарэсаў дзяржавы і беларускага народа, а, самае галоўнае, у стане адстойваць іх, што выклікае вялікую сімпатыю ў грамадзян нашай і іншых краін. Па-другое, імпануе стабільны эканамічны стан Беларусі, тое, як з гонарам мы выходзім з крызіснага перыяду. Прывабліваюць у Беларусі таксама прыгажосць населеных пунктаў, чысціня вуліц, паўсюдны парадак, добразычлівасць людзей, выдатныя дарогі, дагледжаныя палі. Усё гэта выгадна адрознівае беларускі лад жыцця, адзначаецца нашымі сябрамі. Мае замежныя калегі не раз адзначалі, што па-добраму зайздросцяць нам, беларусам.
Вось і выбарчая кампанія ў нас праходзіць спакойна, разважліва, без эксцэсаў і ўзрушанняў: як і павінна быць!
Гутарыла
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.