«Хлеб — знак любові і духоўнага багацця, з чым і жыве пад сонцам беларус!..»

У шаснаццаты раз Беларусь урачыста ўшаноўвала лепшых хлебаробаў на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які з 21 па 23 верасня гасцінна прымала Магілёўшчына — горад Горкі.
Галоўнай па-дзеяй першага дня “Дажынак-2012” стала цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод і прэмій пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур “Славім хлеб і рукі залатыя!”, якая адбылася ў амфітэатры маладзёжнага культурна-забаўляльнага цэнтра, пабудаванага да свята на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельгас-акадэміі.
Выступаючы на цырымоніі, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сяльчане ў гэтым годзе ўправе ганарыцца сваімі поспехамі. Краіна атрымала найбольшую за сваю гісторыю ўраджайнасць збожжавых, аб’ём атрыманага збожжа поўнасцю пакрывае патрэбы Беларусі ў гэтай прадукцыі. “З улікам кукурузы, а ў сусветнай практыцы гэтая культура ўлічваецца ў агульнай ураджайнасці, яна складзе 45 цэнтнераў з гектара, у тым ліку больш 37 цэнтнераў збожжавых. У цэлым па ўсіх катэгорыях гаспадарак валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў амаль 9 мільёнаў 200 тысяч тон, або больш леташняга на мільён тон. Гэта без малога па тоне на жыхара краіны. Аб гэтым раней мы маглі толькі марыць, а сёння мары сталі явай”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ўсе вобласці краіны павялічылі вытворчасць збожжа і пераўзышлі мільённы рубеж.
У свяце працаўнікоў вёскі прыняла ўдзел афіцыйная дэлегацыя нашага раёна ў саставе старшыні райвыканкама Уладзіміра Піскіжава, яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандра Осіпава, старшыні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Аляксандра Багеля, старшыні СВК “Чырвоны баец” Аляксандра Серакова, а таксама ў Горкі выязджалі кіраўнікі і прадстаўнікі сельгасарганізацый раёна, адукацыі, культуры і мастацтва, гандлю.
Раённая газета паведамляла чытачам, што сёлета Кіраўскі раён стаў пераможцам у ганаровай намінацыі — рэспубліканскім аглядзе-конкурсе” Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” і ўдастоены Дыплома Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы наваколь-нага асяроддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з уручэннем грашовай прэміі ў памеры 100 мільёнаў рублёў для набыцця сельскагаспадарчай тэхнікі і правядзення прыродаахоўных мера-прыемтваў.
Дыплом пераможцы конкурсу на сцэне амфітэатра Уладзіміру Піскіжаву і Аляксандру Осіпаву ўручыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Георгій Кузняцоў.
На другі дзень “Дажынак-2012” журналісты “Кіраўца” сталі сведкамі знамянальнай у жыцці Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі падзеі — закладкі капсулы з пасланнем патомкам у аснову будучай бібліятэкі БСГА, будаўніцтва якой запланавана на бліжэйшы час. Закладку капсулы ажыццявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, на цырымоніі прысутнічалі кіраўніцтва вобласці, выкладчыкі, студэнты акадэміі. Па словах прэм’ер міністра, новая бібліятэка павінна стаць не проста сховішчам кніг, а моцным інтэлектуальным цэнтрам з самымі сучаснымі мультымедыйнымі і камп’ютарнымі тэхналогіямі.
У амфітэатры адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод, другіх і трэціх прэмій пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур з удзелам творчых калектываў абласцей рэспублікі.
… А Горкі на працягу ўсіх дзён правядзення “Дажынак” гасцінна і добразычліва прымалі іх удзельнікаў і ўсіх, хто завітаў сюды на свята. Горад ператворыўся ў адну вялізную выставу-кірмаш з песнямі, танцамі, конкурсамі.
Нягледзячы на пахмурнае, дажджлівае надвор’е ў першы дзень “Дажынак”, ва ўсіх быў цудоўны святочны настрой, а на другі дзень выглянула сонейка. Здавалася, люд-скому патоку не будзе канца. І ўсе з задавальненнем спыняліся каля падвор’яў і гандлёвых радоў, сцэнічных пляцовак і экспанатаў Горада майстроў. Прыкметна выглядалі на свяце кіраўчане: культработнікі, самадзейныя артысты, прадстаўнікі адукацыі, гандлёвай сферы.
Удзел у святочным шэсці ўдзельнікаў “Дажынак-2012” “Квітней, Беларусь!” у ліку лепшых духавых аркестраў вобласці прыняў народны духавы аркестр “Фанфары Кіраўска”, сваёй канцэртнай праграмай ён парадаваў гледачоў на адной са сцэнічных пляцовак свята.
Маляўніча і прывабліва выглядала дзіцячае падвор’е нашага раёна, якое размясцілася ў дзіцячым парку, — падрыхтавалі яго выкладчыкі і выхаванцы Кіраўскай, Жыліцкай і Мышкавіцкай школ мастацтваў. Сюды дзяцей і дарослых шчыра запрашалі гаспадыня Восень, ролю якой выканала Вольга Сімановіч, і музыка Міхаіл Забелаў, усе разам з імі і рабятамі гарадской школы мастацтваў танцавалі, спявалі, удзельнічалі ў гульнях, прымалі сувеніры ад гаспадароў падвор’я. Тэатралізаваную частку падрыхтавала Ала Караткова, афармленне забяспечылі Аляксандр Гацко і Людміла Каранкевіч.
На пляцоўцы, размешчанай каля будынка Горацкага райвыканкама, нашы культработнікі і самадзейныя артысты таксама прынеслі нямала радасных хвілін удзельнікам свята. Экспазіцыя падвор’я “Яблыневы рай” з вялізным кошыкам, напоўненым дарамі сада і агарода, іншымі цікавымі атрыбутамі, уражвала ўсіх, хто сюды трапляў. І з замілаваннем слухалі песні ў выкананні народнага ансамбля “Мілавіца”, танцавалі. У свяце прымаў удзел і народны фальклорны калектыў “Спадчына”.
На значную адлегласць расцягнуліся рады экспазіцый, прадстаўленых Цэнтрамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Свае вырабы і сувеніры прадставілі работнікі Кіраўскага Цэнтра, і тут жа педагогі далі майстар-класы па саломцы, бісерапляценні, рабоце з гіпсам. Удзельнікі студыі “Гламур” паказалі свае калекцыі. А ў Горадзе майстроў многіх зацікавілі работы Аліны Якавенка.
Людна было і каля гандлёвых радоў Кіраўскага райспажыўтаварыства і СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Прыгожа аформленая экспазіцыя і смачны пах страў прыцягвалі ўдзельнікаў і гасцей “Дажынак”. Яны частаваліся тут гарачымі блінамі, шашлыкамі і іншымі прысмакамі.
Па водгуках кіраўчан, якім давялося пабываць на свяце працы ў Горках, яно пакінула самыя яркія і цудоўныя ўражанні!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА, Уладзіміра КАПУЗЫ, Міхаіла
СЕВАСЦЬЯНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.