З клопатам і адказнасцю

Як хораша пагодным днём ісці па лесе, забываючы аб усім, растварацца ў велічнай яго прыгажосці! Шчыра сустракае і захапляе ён сваёй цішынёй, і ты заміраеш у маўклівым здзіўленні, стаіш нерухома, нібы чакаеш чагосьці.
Лес з’яўляецца адной з крыніц сілы і магутнасці беларусаў. Без перабольшвання яго можна назваць «зялёным золатам» нашай краіны. Лес з’яўляецца крыніцай кіслароду ў атмасферы, служыць прыстанкам і надзейным домам для велізарнай колькасці жывёл і раслін, дае ўніверсальную сыравіну — драўніну.
Прыроднае багацце лясоў дадзена нам у вялікім аб’ёме, але ці змаглі б мы ўдосталь нацешыцца ім, калі б не аберагалі лес, каб не праца спецыяльна падрыхтаваных для гэтага людзей?

На тэрыторыі раёна дзейнічае некалькі лясніцтваў ДЛГУ “Бабруйскі лясгас”, у тым ліку — Любоніцкае. Агульная плошча лясных угоддзяў, якія ахоўваюць і даглядаюць яго работнікі, складае 9936 гектараў. На тэрыторыі лясніцтва праводзіцца значны аб’ём работ па аднаўленні лесу, нарыхтоўцы драўніны, догляду за ляснымі культурамі, а таксама лесагаспадарчыя мерапрыемствы — асвятленне, прачыстка, прарэджванне лясных масіваў, прахадныя, санітарныя і суцэльныя высечкі лесу. Аб’ём работ вялікі: толькі нарыхтоўка драўніны па лясніцтве ў год у сярэднім складае 12-13 тысяч кубаметраў.
За названымі лічбамі — нялёгкая штодзённая праца лесаводаў. Ім даводзіцца працаваць пад адкрытым небам і ў дажджлівае надвор’е, і ў зімовую сцюжу. Але сваю работу яны выконваюць сумленна і адказна. Паспяховаму выкананню пастаўленых задач спрыяе, перш за ўсё, тое, што лясніцтва ўзначальвае кваліфікаваны спецыяліст, які душой хварэе за справу — Надзея Урбан.
На пасадзе ляснічага яна працуе з 2000 года. У лясную гаспадарку прыйшла ў 1987 годзе. Да гэтага была памочнікам ляснічага. Ніводнага дня свайго жыцця не ўяўляе Надзея Аляксееўна без лесу. Яна, па сутнасці, вырасла ў ім, бо і жылі недалёка, і бацька амаль 40 гадоў адпрацаваў майстрам лесу.
Сярод работнікаў Любоніцкага лясніцтва — а тут працуюць 26 чалавек, з іх14 леснікоў і 3 вальшчыкі — асаблівай стараннасцю, як адзначыла ў нашай размове Надзея Аляксееўна, вызначаюцца леснікі браты Дзмітрый і Міхаіл Ганчаронкі, Уладзімір Катомкін, трактарыст Віталь Таркан. Апошні працуе на вывазцы драўніны і ў сярэднім вывозіць па 700 кубаметраў у месяц.
Ветэраны арганізацыі — ляснік Канстанцін Дрозд і Уладзімір Таркан.
Шмат работы ў леснікоў, бо лес патрабуе да сябе пастаяннага клопату. Акрамя таго, неабходна супрацьстаяць тым, хто шкодзіць лясным угоддзям, браканьерам.
У летні час, калі многія аддаюць перавагу адпачынку на ўлонні прыроды, надараюцца пажары, прычым крыніца ўзгарання можа быць зусім нязначнай, а страты ад яго — велізарнымі. Падчас засухі таксама адбываюцца ўзгаранні, і тады знішчаюцца вялікія тэрыторыі, занятыя лесам. На шчасце, сёлета падобных бедстваў не было.
Радуе гаспадыню лесу і той факт, што ў гэтым годзе ў лесе і ўздоўж яго значна менш смецця, чым было раней.
— Нават здавалася, не справіцца нам з ім, — падзялілася з “раёнкай” Надзея Урбан. — Цяжка леснікам прыходзілася. З сабой і пілу, і рыдлёўку на веласіпедзе вазілі: і прыбяруць, і прыкапаюць. А людзям нібыта ўсё роўна. Не паспявалі навесці парадак леснікі — як тут жа зноў мяшкі смецця з’яўляліся. Зараз сітуацыя іншая. Радуе, што ў лю-дзей стаўленне да лесу, як нашага агульнага багацця, стала мяняецца. Праўду кажуць, чыста не там, дзе прыбіраюць, чыста там, дзе не смецяць.
Не так даўно Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь завастрыла ўвагу на тым, каб побач з адной з кантор Бабруйскага лясгаса заснаваць дэндрапарк. Выбар спыніўся на Любонічах. Велізарная работа была зроблена тут, пакуль прыбіралі і расчы-шчалі тэрыторыю. У выніку летась побач з канторай лясніцтва быў закладзены парк плошчай 2,4 га. Тут пасаджана 1086 дрэў і кустоў. З больш рэдкіх парод — піхта белая, хвоя веймутава, хвоя байкальская, з кустоў — мігела, кізільнік, айва. Лясніцтва не збіраецца спыняцца на гэтым і ў будучым будзе пашыраць парк за кошт больш дэкаратыўных дрэў. Падчас леташняй выязной калегіі міністэрства было адзначана, што такога парка па аб’ёмах і размаху больш нідзе няма.
У свой час пры Любоніцкай СШ актыўна дзейнічаў гурток “Юны лесавод”. Ён быў вядомы і ў раёне і за яго межамі. Але ў апошнія гады яго работа прыпынілася. Сёлета з прыходам маладога спецыяліста Вольгі Пацюшка дзейнасць гуртка мяркуюць аднавіць.
Прыгажосць роднай прыроды раскрывае і прыгажосць чалавечай працы, нараджае жаданне зрабіць свой край яшчэ больш прыгожым. Таму чалавек ахоўвае і прымнажае прыродныя багацці. Берагчы іх — абавязак кожнага з нас, а не толькі працаўнікоў лесу.
Кацярына КІРЭЕВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.