Фарбы восеньскага кірмашу

Трывалую папулярнасць у гараджан, ды і не толькі, набылі восеньскія кірмашы, якія, штогод традыцыйна праводзяцца ў райцэнтры па суботах: гэта выдатная магчымасць зрабіць неабходныя пакупкі, набыць саджанцы, назапасіць сельгаспрадукцыі на зіму.
Першы сёлетні кірмаш прайшоў у мінулую суботу. На вул. Ленінскай насупраць раённага Дома культуры было шматлюдна: сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі прапаноўвалі разнастайную прадукцыю, а пакупнікі з задавальненнем яе набывалі.
Асаблівай папулярнасцю карысталіся гандлёвыя прылаўкі райспажыўтаварыства, дзе прапаноўвалі агародніну ў шырокім асартыменце, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, дзе акрамя дароў палёў і садоў гандлявалі свежай рыбай, ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, дзе пакупнікам прапаноўвалі адборную пшаніцу, а таксама СВК “Калгас “Ніва”, СГФ “Чыгірынка”, РУП “Жылічы” і інш.
Кіраўчане і госці горада з задавальненнем набывалі бульбу, зерне, моркву і капусту, буракі, памідоры, цыбулю, яблыкі.
Асаблівым попытам карысталіся саджанцы. Іх пакупнікам прапаноўвалі Жыліцкі сельгаскаледж, садаводы-аматары.
Вясёлага настрою ўдзельнікам кірмашу дадала наладжаная работнікамі раённага Дома культуры забаўляльная праграма: гучалі заўзятыя мелодыі і песні, весялілі народ казачныя персанажы.
А наперадзе гараджан і вяскоўцаў чакае яшчэ не адзін кірмаш: іх мяркуецца праводзіць да канца кастрычніка, як і раней, па суботах.
Фота
Марыны ЦВЯТКОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.