«Гламур»: бруенне творчасці

Магчымасць ўсебаковага развіцця асобы даюць заняткі ў гуртках і студыях Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, такіх, як студыя моды і стылю “Гламур”.
Юнымі майстрыцамі тут ствараюцца новыя калекцыі адзення, асвойваецца тэхніка розных відаў ручной творчасці і аздаблення строяў.
Спачатку дзяўчыны вучыліся ўсім тонкасцям моды і стылю ў асобных гуртках: “Атэлье Папялушкі” пад кіраўніцтвам Эльвіры Перадні і “Імідж”, які ўзначальвае Таццяна Рудак. Потым для больш прадуктыўнай дзейнасці кіраўнікі гэтых гурткоў прыйшлі да рашэння аб’яднаць свае намаганні, так з’явілася студыя — “Гламур”.
Змены пайшлі на карысць. І як вынік узмоцненай сумеснай работы ў хуткім часе выйшла іх першая калекцыя — “Аранжавае лета”, якая стала пераможцай у абласным конкурсе юных дызайнераў “Залатое вераценца-2007”.
Сёння ”Гламур” наведваюць 12 юных модніц, ад12-ці да 16-ці гадоў. Разам са сваімі кіраўнікамі яны знаходзяць тканіну і іншы неабходны матэрыял, увасабляюць у жыццё новыя ідэі. На дадзены момант у студыі створана 6 калекцый. Усе яны на высокім узроўні ацэньваюцца на модных паказах, дызайнерскіх конкурсах, творчых фестывалях. У скарбонцы студыі — больш за 15 дыпломаў.
“Атэлье Папялушкі” і “Імідж” таксама працягваюць сваю дзейнасць і з’яўляюцца, можна сказаць, падрыхтоўчай прыступкай для далейшай работы ў студыі.
Заняткі ў студыі з’яўляецца не толькі цікавай і захапляльнай, але і карыснай справай. Тут дзяўчыны вучацца цырульнаму мастацтву, шыццю, прычым, выкарыстоўваючы не толькі тканіну, але і нетрадыцыйныя матэрыялы: паперу, кветкі, саломку. Можна толькі здагадвацца пра тое, колькі сіл укладзена ў касцюмы! Таксама выхоўваюцца пачуццё стылю, правілы паводзін сапраўднай лэдзі. І, першым чынам, дэманструючы новыя ўборы, кожнай даецца магчымасць адчуць сябе зоркай.
Наталія ПЕЧАНЬ,
студэнтка 2 курса
МДУ імя
А.А.Куляшова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.